Прафесія настаўніка была і будзе прэстыжнай

Завяршаецца яшчэ адзін навучальны год. Для адных вучняў апошні званок абвясціў аб пачатку доўгачаканых летніх канікул, для іншых — аб заканчэнні бесклапотнага жыцця і першых сур’ёзных выпрабаваннях — школьных экзаменах. Чым быў адметны гэты навучальны год для сістэмы адукацыі Ляхавіцкага раёна? Якімі дасягненнямі ганарацца яго навучэнцы і педагогі? Якія пытанні яшчэ давядзецца вырашыць? Пра гэта і не толькі нашаму карэспандэнту расказвае госць нашай суботняй планёркі — начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Ляхавіцкага райвыканкама Брэсцкай вобласці Святлана Канстанцінаўна ЯКУБОЎСКАЯ.

— Навучальны год прайшоў з пэўнымі цяжкасцямі. Аднак, аналізуючы вынікі працы, можна сказаць, што гэта было таго вартае. З невялікай колькасцю навучэнцаў — а іх у нас у раёне 2912 чалавек — у сёлетнім навучальным годзе было шмат дасягненняў.
Дзякуючы сістэмнай рабоце настаўнікаў і вучняў, павялічылася ў параўнанні з мінулым годам колькасць дыпломаў на трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Шырокія магчымасці ўсебаковага развіцця дазволілі навучэнцам устаноў адукацыі вынікова ўдзельнічаць у абласных і рэспубліканскіх навукова-практычных канферэнцыях, творчых конкурсах, спартыўных спаборніцтвах. Сёння хочацца назваць імёны Ніно Квернадзэ — пераможцы Рэспубліканскага конкурсу даследчых работ па беларускай мове (настаўніца Святлана Вікенцьеўна Ермаковіч), Сяргея Дубіна — пераможцы Рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!” (настаўніца Галіна Фёдараўна Зыранава), Кацярыны Мацулевіч — пераможцы спартакіяды Рэспублікі Беларусь па самба (трэнер Рашыд Фарукавіч Байрашэўскі), дарэчы, на чэмпіянаце свету па самба Кацярына заняла 2 месца, і іншых юных ляхаўчан. Радуе, што шасцёра нашых навучэнцаў сталі лаўрэатамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Стала добрай традыцыяй сустрэча адораных і таленавітых дзяцей з удзелам прадстаўнікоў выканаўчай улады, бацькоўскай грамадскасці, лепшых педагогаў на раённым фестывалі “Сузор’е талентаў”, на якім навучэнцы, што дабіліся пэўных поспехаў па ўсіх напрамках, узнагароджваюцца граматамі і грашовымі прэміямі.
Прыемна адзначыць, што па выніках 2014 года аддзел адукацыі, спорту і турызму Ляхавіцкага райвыканкама быў узнагароджаны граматай Міністэрства адукацыі ў намінацыі “За стварэнне здароўезберагальнай сістэмы ва ўстановах дашкольнай адукацыі”.
Нашы ўстановы адукацыі доўгія гады актыўна супрацоўнічаюць з установамі вышэйшай адукацыі: Баранавіцкім дзяржаўным універсітэтам (гімназія, сярэдняя школа № 2 Ляхавіч), Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэтам (гімназія), Акадэміяй МУС Рэспублікі Беларусь (Крывошынская сярэдняя школа) і інш.
З 2014/2015 навучальнага года сярэдняя школа № 2 Ляхавіч стала рэспубліканскай інавацыйнай пляцоўкай пілотнага праекта па тэме “Укараненне мадэлі сеткавага ўзаемадзеяння вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму, устаноў агульнай сярэдняй і вышэйшай адукацыі, накіраванага на выбар выпускнікамі педагагічных спецыяльнасцей”. Асноўная мэта гэтага праекта — павышэнне ўсвядомленага выбару педагагічных спецыяльнасцей выпускнікамі ўстаноў адукацыі раёна. Для арыентацыі на педагагічную прафесію будуць выкарыстаны формы, якія прадугледжваюць пагружэнне навучэнцаў у віды дзейнасці, што маюць педагагічную накіраванасць: творчыя, вучэбна-даследчыя, сацыяльныя.

— Як забяспечаны ўстановы адукацыі раёна кадрамі? Ці многа маладых спецыялістаў накіроўваецца да вас? Што робіцца для таго, каб яны засталіся ў прафесіі, замацаваліся на рабочых месцах?
— Забяспечанасць устаноў адукацыі раёна педагагічнымі кадрамі даволі неаднародная. Залежыць гэта ў першую чаргу ад ступені аддаленасці ад раённага цэнтра. Так, калі ў гарадскіх і бліжэйшых школах назіраецца дэфіцыт вучэбных гадзін, што гаворыць аб невялікай вучэбнай нагрузцы настаўнікаў-прадметнікаў, то ў аддаленых установах кадравая праблема школы вырашаецца за кошт павелічэння нагрузкі педагогаў, выкарыстання знешніх і ўнутраных сумяшчальнікаў і пастаянна працуючых настаўнікаў-пенсіянераў. У дзіцячых садках таксама адчуваецца недахоп выхавальнікаў.
Аналіз прыбыцця і замацавання маладых спецыялістаў паказвае, што яны пасля тэрміну абавязковай адпрацоўкі ўсё ж такі сыходзяць: альбо вяртаюцца да месца пражывання бацькоў, альбо ўвогуле пакідаюць сістэму адукацыі. Так, з 15 прыбыўшых у 2011/2012 навучальным годзе звольніліся 7, з 11 прыбыўшых у 2012/2013 навучальным годзе звольніліся 2.
З мэтай замацавання маладых спецыялістаў на першым рабочым месцы пачынаючым педагогам, якія арандуюць жыллё, выплачваецца кампенсацыя за арэнду жылога памяшкання пры ўмове заключэння дагавора найму, таксама ім прадастаўляюцца льготныя крэдыты для набыцця тавараў першай неабходнасці. У якасці дадатковай меры стымулявання працы, звязанай з кантрактнай формай найму, маладым спецыялістам устаноўлена павышэнне тарыфнай стаўкі заработнай платы ў памеры 20%. Кіраўнікам устаноў адукацыі рэкамендавана пры прадаўжэнні тэрміну дзеяння кантрактаў захоўваць устаноўленыя павышэнні і пасля заканчэння перыяду захавання статусу маладога спецыяліста. Акрамя таго, у апошні час у рэгіёне станоўча вырашаецца пытанне аб выдзяленні маладым спецыялістам арэнднага жылля.

— Хацелася б пачуць ваша меркаванне адносна прэстыжу педагагічнай прафесіі: што вы ўкладваеце ў гэтае паняцце?
— Настаўнік — гэта не толькі прафесія, гэта ўнутраны стан чалавека, гэта прызванне. Прафесія настаўніка заўсёды была і будзе прэстыжнай. Выбіраючы прафесію, чалавек выбірае не толькі рамяство. Перш за ўсё ён выбірае для сябе круг зносін і жыццёвы ўклад. І калі чалавек бачыць сэнс жыцця ў тым, каб аддаць душу і сэрца дзецям, не шкадуючы сіл і часу, не патрабуючы нічога ўзамен, для яго прафесія настаўніка заўсёды будзе прэстыжнай. Я згодна з выказваннем, што настаўнік — прафесія ад Бога, усе астатнія прафесіі ад настаўніка, таму ні ў якім выпадку прэстыж прафесіі не можа залежаць ад памеру зарплаты.

— На сайце аддзела адукацыі можна ўбачыць аб’яву аб наборы дзяцей у спецыялізаваны спартыўны клас. Чым выклікана такое рашэнне? Наколькі гатовы ўстановы адукацыі раёна да пераходу з новага навучальнага года на профільнае навучанне?
— З мэтай папулярызацыі здаровага ладу жыцця, прыцягнення большай колькасці дзяцей да заняткаў спортам у 2014/2015 навучальным годзе было прынята рашэнне адкрыць спартыўны клас. А паколькі будынкі сярэдняй школы № 2 Ляхавіч і дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы ўяўляюць сабой адзіны цэласны комплекс, то і выбар спыніўся на другой школе. Год работы прынёс свае значныя вынікі: у рэспубліканскіх спаборніцтвах па спартыўнай хадзьбе — 1-е і 2-е месцы, у Міжнародным турніры па футболе, які праходзіў у Польшчы, — 4-е месца і званне лепшага гульца ў навучэнкі Настассі Пабягайла. Усё гэта выклікае інтарэс у дзяцей і бацькоў. Таму прынята рашэнне і ў новым навучальным годзе адкрыць яшчэ адзін спецыялізаваны па спорце клас.
Што тычыцца профільнага навучання, то ва ўстановах адукацыі раёна праведзены маніторынг патрэб у вывучэнні прадметаў на павышаным узроўні. Вынікі праведзенага маніторынгу пацвярджаюць неабходнасць і магчымасць увядзення профільнага навучання, тым больш што ў мінулым годзе ў адной з сельскіх школ — Крывошынскай сярэдняй школе — была арганізавана работа па вывучэнні некаторых прадметаў на павышаным узроўні. І яна дае станоўчыя вынікі.
На жаль, колькасць школ у раёне памяншаецца. Прычына — дэмаграфічная сітуацыя на сяле. На сёння ў нас толькі ў 5 школах з 13 вучацца звыш 100 навучэнцаў, таксама функцыянуюць класы напаўняльнасцю менш за 5 навучэнцаў. Таму ў сувязі з падвозам дзяцей у асобных установах узнікаюць цяжкасці ў арганізацыі пазаўрочнай занятасці навучэнцаў.

— Пачынаюцца летнія канікулы. Чым будуць заняты навучэнцы раёна ў гэты перыяд?
— Аб арганізацыі летняга адпачынку дзяцей педагогі раёна паклапаціліся загадзя. Гэтым летам будуць арганізаваны работы па другаснай занятасці непаўналетніх (50 навучэнцаў). Акрамя таго, 70 навучэнцаў школ горада будуць заняты ў лагерах працы і адпачынку. Паўсюдна ў школах ствараюцца атрады па добраўпарадкаванні і азеляненні школьных тэрыторый, звёны па рамонце школьнай мэблі. У мікрараёнах школ арганізоўваецца работа рознаўзроставых атрадаў па месцы жыхарства.
Для ўмацавання і захавання здароўя дзяцей, стварэння спрыяльных умоў для іх аздараўлення, актыўнага арганізаванага адпачынку на базе ўстаноў адукацыі летам плануецца арганізаваць работу лагераў з дзённым знаходжаннем на 670 месцаў. Арганізоўваецца работа сеткі аздараўленчых лагераў з кругласутачным знаходжаннем: загарадны “Чайка” — 5 змен (475 дзяцей і падлеткаў), “Рабінзоны” — 1 змена (20 падлеткаў), “Эўрыка” — 1 змена (20 падлеткаў), “Выратавальнік” — 1 змена (20 падлеткаў). У кожнай установе распрацаваны каляндар спартыўна-масавых і фізкультурна-аздараўленчых мерапрыемстваў на перыяд летніх канікул. Навучэнцы разам з педагогамі плануюць здзейсніць экскурсіі і турыстычныя паходы па памятных і гістарычных мясцінах нашай Радзімы. Спадзяёмся, што лета будзе яркім, запамінальным і карысным!

— Вялікі дзякуй за размову.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.