Прафесія шчаслівых людзей

- 12:40Адукацыйная прастора

“Чаму я выбрала прафесію педагога? Адказ вельмі просты: для мяне гэта не проста прафесія, гэта — стан душы і лад жыцця, прызванне, якое трэба заслужыць сваёй працай, жаданнем пастаянна мяняцца і ўдасканальвацца”, — адзначае Наталля Гобарава, намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 7 Круглага. У раёне педагог двойчы прызнавалася лепшай у прафесіі, а сёлета да Дня настаўніка атрымала Ганаровую грамату Міністэрства адукацыі.

Вучыцца новаму

“Шмат розных людзей сустракалася на маім жыццёвым шляху, але ёсць галоўныя людзі, якія вучылі мяне ў любой сітуацыі заставацца чалавекам. У першую чаргу, гэта мае бацькі, сям’я, — расказвае Наталля Мікалаеўна. — У­дзячна я і педагогу-настаўніку Галіне Ганчаровай, загадчыку нашага дзіцячага сада — працавітаму, справядліваму, настойліваму і ўлюбёнаму ў сваю справу чалавеку. Педагагічная прафесія — прафесія шчаслівых людзей. Галоўнае ў ёй — любіць дзяцей, верыць у кожнага, быць не толькі настаўнікам, але і сябрам. Недахоп прафесійных ведаў заўсёды можна папоўніць, а вось любові да дзяцей навучыцца немагчыма”.

Наталлі Мікалаеўне заўсёды цікава вучыцца новаму і дзяліцца ведамі з калегамі. Невыпадкова сваім педагагічным крэда яна выбрала словы амерыканскага вучонага, публіцыста і педагога Пітэра Друкера: “Каб мець будучыню, трэба быць гатовым зрабіць штосьці новае”.

“Галоўная мая задача — павышэнне прафесійнага майстэрства кожнага педагога, развіццё творчага патэнцыялу калектыву, павышэнне якасці і эфектыўнасці адукацыйнага працэсу, — адзначае мая суразмоўніца. — Працаваць з людзьмі — значыць валодаць сабой у крытычных сітуацыях, прадбачыць і прадухіляць магчымыя канфлікты, разумець і ацэньваць магчымасці кожнага — і маладога спецыяліста, і прафесіянала. Прафесіяналізм намесніка загадчыка заключаецца не ў падтрыманні вобраза чалавека, які ўсё ведае і ўсё ўмее, а ва ўменні аказаць эфектыўную дапамогу калегам. Педагогам больш падабаецца, калі іх не кансультуюць як вучняў, а калі з імі раяцца”.

Дзіцячае ўспрыманне — самае дакладнае, а дзіцячыя ўражанні — самыя яркія. Таму паняцце аб патрыятызме, грамадзянстве, пра тое, што кожны чалавек жыве не сам па сабе, а з’яўляецца членам грамадства, лепш за ўсё закладваць з дзяцінства. Яшчэ варта памятаць, што патрыятычныя пачуцці не будуць сфарміраваны ў выхаванцаў, калі яны адсутнічаюць або маюць фармальны характар у педагогаў і бацькоў. Калі мы хочам, каб дзеці палюбілі сваю радзіму, свой горад, нам трэба быць для іх прыкладам.

У медыяпадарожжа па родным краі

Больш за 10 гадоў Наталля Мікалаеўна кіруе раённай школай удасканалення педагагічнага майстэрства для выхавальнікаў, дзеліцца вопытам і з педработнікамі школ. Найбольш эфектыўным яна лічыць выкарыстанне актыўных метадаў навучання. Для калег праводзіць майстар-класы, квест-гульні, метадычныя практыкумы, тыдні педагагічнага майстэрства, прымяняе інтэрактыўныя метады, дзелавыя гульні.

“Для мяне важна бачыць вынікі сваёй работы. Мяне перапаўняе непаўторнае пачуццё гордасці за сваіх калег, якія дабіліся поспеху, набылі ўпэўненасць у сабе, — гаворыць Наталля Гобарава. — Але без унутранай сілы і самастойнасці, упэўненасці і асабістай свабоды поспех не прыйдзе. У 2020 годзе ўвесь наш калектыў падтрымліваў нашу выхавальніцу Алену Чудакову, якая ўдзельнічала ў рэспубліканскім конкурсе “Настаўнік года” і выйшла ў фінал. Наш дзіцячы сад далучаецца да рэспубліканскіх інавацыйных праектаў па грамадзянскім і патрыятычным выхаванні. Адзін з праек­таў завяршыўся ў 2019 годзе, ён быў звязаны з дзейнасцю рэгіянальных віртуальных музеяў. Другі праект дзейнічае да 2022 года, у яго аснове — рэалізацыя турыстычна-краязнаўчых адукацыйных медыяпадарожжаў”.

Педагогі-інаватары звяртаюцца да спадчыны Кругляншчыны — яе гісторыі, памятных месцаў, традыцый, людзей. Разам са звычайнымі праводзяць віртуальныя экскурсіі, майстар-класы па вырабе лялек-абярэгаў, сацыяльныя акцыі, распрацоўваюць медыярэсурсы для віртуальнага рэгіянальнага музея, якія можна знайсці на сайце ўстановы. Так, кожны жадаючы зможа адправіцца ў медыяпадарожжа ці віртуальную экскурсію па Круглым, пагуляць у інтэрактыўныя гульні, паглядзець відэафільм “Лён” і г.д. 

Працаваць над сабой

Разам з педагогамі-інаватарамі Наталля Гобарава прымае ўдзел у метадычных фестывалях і выставах, міжнародных і рэспубліканскіх канферэнцыях і педагагічных чытаннях.

“Толькі правільныя думкі прывядуць нас да поспеху. Сутыкаючыся з цяжкасцямі, не спыняюся, не апускаю рукі. Наадварот, з’яўляецца патрэба ісці наперад і весці за сабой людзей. Бо калі спынішся, ніколі не даведаешся, на што ты здольны, — гаворыць Наталля Мікалаеўна. — У маіх планах шмат задум і ідэй для новых праектаў і мерапрыемстваў. Разумею: усё тое, што я раблю, — нездарма. Працую над сабой, чытаю, вывучаю, аналізую. Я прафесійна расту, і разам са мной растуць мае калегі. Хочацца аддаваць ім толькі самае добрае і лепшае. А яшчэ вельмі хочацца, каб сучасныя бацькі ўдзялялі больш увагі і часу сваім дзецям, прывівалі паважлівае стаўленне да спадчыны роднага краю, на асабістым прыкладзе вучылі любіць Радзіму”.

Гледзячы на Наталлю Гобараву, разумееш, што педагог — унікальная прафесія, немагчымая без творчага пошуку, добрых эмоцый, такту. І часцей за ўсё ў яе прыходзяць на ўсё жыццё.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Марыны ПАДГАЕЦ.