Прафесія шматгранная, як ніякая іншая

- 13:34Актуально
Заўчора ў Ліцэі БДУ прайшлі ўрачыстасці ў гонар Дня настаўніка. На свята былі запрошаны найлепшыя педагогі краіны, кіраўнікі, ветэраны галіны. На сустрэчу завітаў і першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандр Міхайлавіч Радзькоў.

Перад пачаткам урачыстай сустрэчы з лепшымі педагагічнымі работнікамі краіны Аляксандр Міхайлавіч Радзькоў, першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, і міністр адукацыі Сяргей Аляксандравіч Маскевіч завіталі на ўрок фізікі да ліцэістаў. Нагода для гэтага была важкая: знаёмства з праектам “Віртуальная школа”, які ўкаранёны з верасня гэтага года ў Ліцэі Белдзяржуніверсітэта. Седзячы за партамі разам з навучэнцамі, Аляксандр Міхайлавіч і Сяргей Аляксандравіч у рэальнасці адчулі ўсе перавагі выкарыстання інтэрактыўнага абсталявання.
— У сучасным свеце нельга дзяліць адукацыю на гуманітарную або тэхнічную, — адзначыў пасля заканчэння “ўрока” Аляксандр Міхайлавіч. — Грамадства патрабуе ад спецыялістаў ведання шматлікіх законаў, а значыць, нашым дзецям патрэбны настаўнікі крэатыўныя, здольныя незвычайна, як гэта было прадэманстравана ў ліцэі, расказаць аб складаных з’явах, прывіць дзіцяці ўменне пазнаваць, атрымліваць веды і любоў да навучання. Я з задавальненнем віншую настаўнікаў, якія ведаюць і ўмеюць рабіць сваю справу, якія гараць на сваёй рабоце і тым самым запальваюць дзяцей.
Менавіта такія педагогі — творчыя, ініцыятыўныя, нераўнадушныя — былі запрошаны на ўрачыстую сустрэчу ў Ліцэй БДУ. Многія з іх у гэты дзень атрымалі ўзнагароды Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Міністэрства адукацыі, Цэнтральнага камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі. Сярод узнагароджаных — кіраўнікі і настаўнікі сярэдніх школ і гімназій, выкладчыкі ўстаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі, педагогі ўстаноў дадатковай адукацыі, кіраўнікі сістэмы адукацыі рэгіёнаў. Зрэшты, кожны прысутны на свяце адчуваў і сваю прыналежнасць да кожнай з узнагарод. Як адзначыў міністр адукацыі Сяргей Аляксандравіч Маскевіч, шматлікія дасягненні прадстаўнікоў нашай сістэмы адукацыі — гэта не толькі вынік выдатнай работы канкрэтных настаўнікаў і вучняў, але і інтэгральны паказчык работы ўсёй сістэмы.
— Сёння мы можам ганарыцца сваёй работай. У нас ёсць вынікі, пералічваць іх можна доўга. 44 дыпломы на міжнародных прадметных алімпіядах — гэта пра многае гаворыць. Гэта інтэгральны паказчык работы ўсёй сістэмы, бо ў камандах — прадстаўнікі самых розных рэгіёнаў, у тым ліку і сельскіх школ. Працуе сістэма, працуе кожны педагог на сваім месцы. Многія і многія заслугоўваюць самых высокіх узнагарод. І мы сёння нацэльваем кіраўнікоў усіх узроўняў на месцах, каб яны выкарыстоўвалі ўсе рэсурсы для заахвочвання, бо кожны педагог, які сёння працуе ў школе, заслугоўвае самай высокай узнагароды. Але ўсё ж самыя каштоўныя ўзнагароды для нас — гэта ўдзячнасць нашых вучняў, іх бацькоў, — звярнуўся да прысутных Сяргей Аляксандравіч Маскевіч. — Ці ёсць нейкая іншая прафесія, дзе менавіта ад асобы чалавека, які выконвае работу, так шмат залежыць, як у нашай педагагічнай справе? Напэўна, не. Гэта ўнікальная прафесія, якая ўключае ў сябе ўсе без выключэння прафесіі. Штосьці нават і ад касманаўта павінна быць у настаўніка: уменне працаваць у “бязважкасці”, уменне цярпець, калі, здавалася б, і цярпець немагчыма. І кіраўніком, і нават цесляром павінен быць педагог — адным словам, інтэгравана самае каштоўнае з безлічы іншых у прафесію настаўніка. Хацеў бы сказаць вялікі дзякуй усім
(а ў нас каля 450 тысяч чалавек працуе ў сістэме), бо кожны ўносіць свой уклад. Асаблівая ўдзячнасць тым, хто непасрэдна ажыццяўляе педагагічную дзейнасць. Нізкі паклон і педагогам-наватарам, якія бяруць на сябе асаблівую адказнасць у рабоце з адоранай моладдзю.
Уручыў узнагароды і павіншаваў усіх прысутных і старшыня ЦК Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Аляксандр Аляксандравіч Бойка.
— Сёння ў час развіцця інфармацыйных тэхналогій настаўніку працаваць не вельмі лёгка: ён не з’яўляецца адзіным носьбітам, адзінай крыніцай ведаў. Але ад гэтага яго місія не менш важная, — адзначыў А.А.Бойка. — Наадварот, роля настаўніка сёння ўзрастае. Менавіта ён павінен дапамагчы дзіцяці не заблукаць у гэтым лесе, не патануць у гэтым моры разнастайнай, не заўсёды станоўчай, не заўсёды аб’ектыўнай інфармацыі. Менавіта ён не павінен адстаць ад сваіх навучэнцаў. А для гэтага ён павінен быць у пастаянным пошуку. А значыць, заўсёды быць маладым.

Алена МАРКЕВІЧ.