Прафесія ў спадчыну

Прыход у педагогіку настаўніцы біялогіі Магілёўскага абласнога ліцэя № 1 Людмілы Гетманавай быў абумоўлены своеасаблівай спадчыннасцю. Менавіта так, жартам, выказалася Людміла Мікалаеўна, тлумачачы, што паўплывала на яе выбар прафесіі. Калі ж казаць сур’ёзна, то схільнасць да настаўніцкай працы ў яе склалася яшчэ ў дзяцінстве, бо расла ў сям’і педагогаў у некалькіх пакаленнях.

— Кім яшчэ я магла стаць, калі мае маці, бацька, дзядуля і шэраг іншых сваякоў — усе былі настаўнікамі? А я практычна з пялёнак толькі і чула, што пра школу і вучняў? — усміхаючыся, кажа Людміла Мікалаеўна і тут жа дадае: — Выбар прафесіі перада мной нават не стаяў. Я заўсёды падсвядома ведала, што мой шлях — гэта шлях педагога.

Дзіцячая мара Людмілы Гетманавай спраўдзілася. Напрыканцы 1970-х яна скончыла Віцебскі дзяржаўны педагагічны інстытут і адразу ж прыступіла да работы ў школе. Зараз яе педагагічны стаж складае амаль 40 гадоў інтэнсіўнай працы, 15 з іх яна прысвяціла навучанню біялогіі ў ліцэі № 1.

Доўгі шлях у адукацыі дапамог Людміле Мікалаеўне выпрацаваць свае методыкі выкладання. У прыватнасці, яна заўсёды прымае дзяцей такімі, якія яны ёсць, памяр-коўна ставіцца да іх памылак, але патрабавальная да сябе. Галоўнае для настаўніцы — стварыць для вучня сітуацыю поспеху, дапамагчы паверыць у свае сілы. Людміла Гетманава бачыць у дзецях саюзнікаў, стараецца працаваць з імі адзінай камандай, лічачы гэта асноўным залогам эфектыўнага навучання.

Настаўніца стараецца, каб кожныя заняткі, кожная разабраная тэма знайшлі водгук у душы вучняў. Для гэтага стварае ў класе камфортную, вучэбна-пазнавальную атмас-феру. Усе вучні для Людмілы Мікалаеўны ўнікальныя. Яна шукае іх моцныя бакі, каб накіраваць у патрэбнае рэчышча. Урокі яна будуе так, каб максімальна раскрываць патэнцыял навучэнцаў. Не забываецца Людміла Гетманава і пра фарміраванне ў навучэнцаў жадання вучыцца самастойна. Яна вучыць іх уменню самім здабываць веды, матывуе да нястомнага дасягнення новых вышынь.

— Урокі Людмілы Мікалаеўны глыбокія па сэнсе, разнастайныя па форме, што ў спалучэнні з патрабавальнасцю і прынцыповасцю дае стабільныя станоўчыя вынікі. Тыя, хто прайшоў яе “школу”, упэўненыя ў сваіх ведах. Вынікі яе вучняў на цэнтралізаваным тэсціраванні складаюць ад 75 да 98 балаў. Эфектыўную сістэму яна выбудавала і адносна работы з адоранымі дзецьмі, — падкрэсліў дырэктар ліцэя Пётр Шылаў.

Работа з таленавітымі вучнямі займае прыярытэтнае месца ў педагагічнай дзейнасці Людмілы Мікалаеўны. Вялікую ўвагу настаўніца надае падрыхтоўцы навучэнцаў да ўдзелу ў алімпіядным і конкурсным руху.

— З адоранымі дзецьмі працую, зыходзячы з іх індывідуальнасці. Для кожнага матываванага на вучобу ў мяне ёсць асаблівая праграма развіцця. Поспеху ў гэтай справе шмат у чым спрыяюць умовы, створаныя ў ліцэі. У кабінеце біялогіі ёсць неабходнае для заняткаў абсталяванне. Адчуваецца таксама і пастаянная падтрымка з боку кіраў-ніцтва ўстановы, бацькоў навучэнцаў. Да таго ж у падрыхтоўцы да алімпіяд я актыўна ўзаемадзейнічаю з нашымі ўстановамі вышэйшай адукацыі. Усё гэта складаецца ў пэўную сістэму, якая прыносіць адпаведныя вынікі, — адзначыла Людміла Гетманава.

І сапраўды. Вучні Людмілы Мікалаеўны выдатна дэманструюць свае веды на розных узроўнях. За гады работы яна падрыхтавала 89 пераможцаў абласнога і 32 пераможцы заключнага этапаў Рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі. Навучэнцы Людмілы Гетманавай з’яўляюцца прызёрамі міжнародных алімпіяд і конкурсаў. Своеасаблівы паказчык работы Людмілы Мікалаеўны — яе выпускнікі. Многія з іх у якасці прафесійнай нівы абралі менавіта біялагічную накіраванасць.

Наогул, сёння Людміла Гетманава — адзін з лепшых настаўнікаў біялагічнага профілю ў вобласці. Але, нягледзячы на важкі педагагічны вопыт, яна пастаянна імкнецца да самаадукацыі, самаўдасканалення.

— Я ўвесь час вучуся, — кажа настаўніца. — Удзельнічаю ў курсах павышэння кваліфікацыі, навукова-метадычных канферэнцыях, семінарах. Пастаянна вывучаю най-ноўшыя педагагічныя распрацоўкі, вопыт калег, укараняю лепшае ў сваю ўласную работу.

Удасканальваючы і назапашваючы новыя веды, Людміла Гетманава стараецца падзяліцца імі з іншымі педагогамі. Яна актыўна супрацоўнічае з Магілёўскім абласным ІРА, МДУ імя А.А.Куляшова, дзе дзеліцца напрацоўкамі з будучымі настаўнікамі, часта праводзіць адкрытыя ўрокі для калег.

Захопленасць Людмілы Гетманавай абранай яшчэ ў дзяцінстве прафесіяй дае адпаведную аддачу. У яе працоўнай скарбонцы шмат высокіх узнагарод, ганаровых грамат і дыпломаў ад мясцовых і рэспубліканскіх улад. Яна з’яўляецца выдатнікам адукацыі, у свой час прызнавалася “Чалавекам года” вобласці.

— Я — шчаслівы настаўнік, бо ў мяне ёсць цудоўныя вучні і выпускнікі, зносіны з якімі прыносяць толькі радасць і задавальненне. Разам з імі мы дасягнулі нямала значных поспехаў. Але я буду працягваць ісці наперад, прафесійна развівацца, каб сумесна з новымі навучэнцамі прыйсці да пэўных перамог.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.