Прафесія, выбраная на лясных сцяжынках

Будучую прафесію ёй, дачцэ лесніка, яшчэ ў дзяцінстве нагаманілі векавыя дубы і хвоі, беластволыя прыгажуні бярозы і асілкі клёны. Тата вучыў дзяўчынку бачыць прыгажосць у засені старога бору, у бязмежных прасторах палёў, вучыў жыць у гармоніі з родным наваколлем.

Кожную раніцу школьнікі з невялікай вёсачкі Адцэда, каб дабрацца да школы, бег­лі да прыпынку, дзе спыняўся электрацягнік. Сярод дзяцей асаблівай самастойнасцю вылучалася дачка лесніка На­дзя Ермаловіч. Яна клапацілася пра малодшых сяброў, сачыла за выкананнем правіл бяспечных паводзін, у некаторых нават правярала, як яны вывучылі верш на памяць.

Пасля ўрокаў усе чакалі “настаўніцу” ў школьным двары, і яна вяла іх дадому праз лес. Дарэчы, непадалёк знаходзіліся Цёмныя Ляды, леснічоўка, у якой малады настаўнік Кастусь Міцкевіч калісьці арганізаваў школку для сялянскіх дзяцей і вучыў іх грамаце на працягу двух гадоў. Па дарозе дзяўчынка расказвала шмат цікавых гісторый, чытала ўрыўкі з паэмы Якуба Коласа “Новая зямля”, вучыла, як правільна паводзіць сябе ў лесе, як не заблукаць і вызначыць шлях па сонцы ці па моху на дрэвах. Стары бор слухаў і моўчкі ківаў у знак згоды вершалінамі дрэў. І не здагадвалася Надзя, што сваю будучую прафесію яна выбрала тут, на лясных сцяжынках. Ні­хто не здзівіўся, калі яна, скончыўшы Коласаўскую сярэднюю школу, стала студэнткай прыродазнаўчага факультэта Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.

Гады вучобы праляцелі хутка, і маладая настаўніца пачала выкладаць геаграфію ў Заям­наўскай сярэдняй школе, што ў родным Стаўбцоўскім раёне. Вучыла дзяцей любіць малую радзіму, адкрывала яе таямніцы, праводзячы ўрокі і экскурсіі ў ваколіцах роднага краю. Як вынік — удзел вучняў у раённых прадметных алімпіядах, даследчых конкурсах і канферэнцыях. Работа “Вызначэнне ступені завалуненасці глебы тэрыторыі Заямнаўскага сельвыканкама” заняла на раённай даследчай канферэнцыі 1-е месца, на абласной — 3-е. Настаўніца актыўна ўдзель­нічала ў грамадскім жыцці школы: святах, КВЗ, спартыўных спаборніцтвах. У аддзеле адукацыі заўважылі яе творчы патэнцыял і прапанавалі ўзначаліць установу адукацыі раёна. Цяжка было прыняць рашэнне, але падтрымалі калегі і сям’я.

У Горкаўскай сярэдняй школе новага дырэктара сустрэлі насцярожана: “Дваццаць сем гадоў — і ўжо дырэктар. Зусім дзяўчо”. Але паверылі ў яе, ды і імя ў яе — Надзея.

За чатыры гады работы кіраўніком установы, дзякуючы ўменню кіраваць і арганізоўваць, таленту дамаўляцца, удалося зрабіць шмат. “Не баяцца цяжкасцей. Вада камень точыць”, — гэтыя словы сталі дэвізам маладога дырэктара. Класы адзін за адным набывалі сучасны выгляд, з’явіліся новая столь у спартыўнай зале, новы дах у школьнай майстэрні і сталовай, у школьным калідоры адрамантавана падлога, закуплена новая мэбля. Дарэчы, з тымі, хто выконваў работы, заўсёды была побач і Надзея Вітальеўна. Няўрымслівая, яна падавала работнікам будаўнічы матэрыял, спрабавала тынкаваць, дапамагала выкладваць узор на падлозе, бачылі яе і на даху.

Добрыя зносіны з кіраўніц­твам мясцовага ААТ “Жацерава” дапамаглі ўкамплекта­ваць кабінет інфарматыкі новымі камп’ютарамі. Двац­цаць пяць прыгожых крэслаў падарыў настаўнікам выпускнік В.І.Бягоўскі, а да Дня настаўніка ён прывёз у школу сталічных артыстаў, што стала сапраўдным сюрпрызам.

У скарбонцы маладога кіраўніка ўжо шмат узнагарод за добрасумленную працу ў сістэме адукацыі, за дасягненні ў спартыўна-масавых мерапрыемствах, за аздараўленне дзяцей і інш. Нядаўна да Дня настаўніка яна была ўзнагароджана Ганаровай граматай галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта за дасягнутыя поспехі ў арганізацыі вучэбнага і выхаваўчага працэсаў, высокі прафесіяналізм. Калектыў Горкаўскай сярэдняй школы ганарыцца сваім дырэктарам і радуецца яе дасягненням.

…Кожную раніцу прыгожая маладая жанчына вядзе свой аўтамабіль па маршруце “Стоўбцы — аг.Горкі”. З чым едзе на гэты раз? Можа, з прапановай, як святкаваць 75-го­ддзе роднай школы? Хто ведае? У кожнага паспяховага кіраўніка ёсць свае прафесіянальныя сакрэты. Шчаслівай дарогі, Надзея Вітальеўна!

Яніна ДУШКЕВІЧ,
настаўніца рускай мовы і літаратуры Горкаўскай сярэдняй школы Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці.