Прафесія вызначае будучыню

Сярэдзіна жніўня сігналіць нам аб набліжэнні фінішу прыёмнай кампаніі ва ўстановы прафесійнай адукацыі. Тых маладых людзей, якія яшчэ на раздарожжы і не вызначыліся з прафесіяй, магчыма, зацікавяць навучальныя ўстановы, якія рыхтуюць кадры ў тым ліку для перапрацоўчай прамысловасці. Акрамя асноўных навыкаў прафесіі, там можна навучыцца варыць сыр, выпякаць хлеб, ствараць мыла і нават духі. Аб усім гэтым расказваюць кіраўнікі такіх устаноў.

Б.Б.Блахін.

Тэрыторыя поспеху

Слуцкі дзяржаўны каледж па праве лічыцца адной з вядучых устаноў прафесійнай адукацыі нашай краіны, з’яўляецца свое­асаблівым брэндам у падрыхтоўцы кадраў для перапрацоўчай галіны і мае высокі імідж сярод моладзі Беларусі. Сёлета каледж ужо 73-ці раз расчыніць дзверы для новых навучэнцаў. Гісторыя ўстановы бярэ свой пачатак з далёкага 1948 года, калі была створана першая ў Беларусі школа майстроў сыра- і масларобства.

— Сёння наш каледж — гэта сучасная ўстанова адукацыі, у якой сканцэнтраваны найноўшыя напрамкі прафесійнай падрыхтоўкі, скіраваныя на ўдасканаленне прафесійнага майстэрства, — расказвае Б.Б.Блахін, дырэктар каледжа. — Канкурэнтаздольнасць, валоданне сучаснымі тэхналогіямі, пастаяннае павышэнне кваліфікацыі, мабіль­насць і творчы падыход да справы з’яўляюцца ўмовамі запатрабаванасці нашых выпускнікоў на рынку працы. Дынамічныя змены ва ўсіх галінах эканомікі і сацыяльнай сферы вызначаюць ключавыя задачы дзейнасці нашай навучальнай установы і яе калектыву, які імкнецца працаваць толькі на высокі вынік. Стратэгія развіцця навучальнай установы, выкарыстанне ў адукацыйным працэсе інавацыйных тэхналогій, новых педагагічных прыёмаў, акцэнт на асобасную арыентацыю, цеснае спляценне тэарэтычнага і практычнага навучання прадвызначаюць поспех у рабоце педагагічнага калектыву. Сёння — гэта каманда спецыялістаў, ініцыятыўных, зацікаўленых, адказных людзей, чые вопыт, творчасць, майстэрства скіраваны на высокаякасную падрыхтоўку прафесіяналаў сваёй справы.

Барыс Браніслававіч Блахін узначальвае калектыў каледжа ўжо шмат гадоў. Па сутнасці ён прысвяціў гэтай установе ўсё сваё працоўнае жыццё, з’яўляецца дастойным прадаўжальнікам педагагічнай дынастыі. Барыс Браніслававіч — творчы, ініцыятыўны кіраўнік, выдатны арганізатар, які сфарміраваў калектыў аднадумцаў, прафесіяналаў. Сярод іх Ала Мікалаеўна Матусевіч, намеснік дырэктара, вопытны педагог, творчы чалавек, для якой каледж — гэта сям’я, а яго дзейнасць — асабістае жыццё.

Як адзначае Ала Мікалаеўна, сёння для сучаснай навучальнай установы асноўнымі напрамкамі функцыянавання з’яўляюцца выкананне дзяржаўных стандартаў, мадэрнізацыя і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, цеснае супрацоўніцтва з сацыяльнымі партнёрамі — арганізацыямі — заказчыкамі кадраў, удасканаленне зместу адукацыі, навукова-метадычнага забеспячэння выкладання, рэалізацыя сучасных асобасна арыентаваных адукацыйных і здароўезберагальных тэхналогій, павышэнне ўзроўню прафесійнай кампетэнтнасці педагагічных работнікаў. І ўсё гэта аб’ядноўвае галоўная задача — забеспячэнне высокага ўзроўню якасці навучання і выхавання.

Слуцкі дзяржаўны каледж прадастаўляе сёння падлеткам магчымасць атрымаць прафесійна-тэхнічную і сярэднюю спецыяльную адукацыю, а потым працягнуць навучанне па скарочанай праграме ва ўстанове вышэйшай адукацыі. На двух узроўнях адукацыі можна атрымаць прафесійныя навыкі па шматлікіх прафесіях і спецыяльнасцях, навучанне па якіх арганізавана ў каледжы.

На ўзроўні ПТА навучэнцы атрымліва­юць прафесіі “Тэхналогія масларобнай, сыраробнай і малочнай вытворчасці”, “Лабарант хіміка-бактэрыялагічнага аналізу”, “Грамадскае харчаванне”, “Гандлёвая справа”, “Тэхнічная эксплуатацыя кантрольна-вымяральных прыбораў і аўтаматыкі”, “Тэхнічная эксплуатацыя электраабсталявання”, “Тэхнічная эксплуатацыя абсталявання”, “Тэхналогія зварачных работ”, “Тэхналогія хлебапякарнай вытворчасці”.

На ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі можна атрымаць спецыяльнасці “Тэхналогія захоўвання і перапрацоўкі жывёльнай сыравіны (па напрамках)” (у дзённай і завочнай форме атрымання адукацыі), “Тэхналогія харчовых вытворчасцей” (у дзённай і завочнай форме), “Грамадскае харчаванне” (у дзённай форме атрымання адукацыі). 

Для якаснай падрыхтоўкі спецыяліс­таў матэрыяльна-тэхнічная база ў кале­джы пастаянна абнаўляецца і ўдасканальваецца з улікам тых патрабаванняў, якія прад’яўляе перапрацоўчая прамысло­васць. Для падрыхтоўкі спецыялістаў грамадскага харчавання створаны рэсурсны цэнтр з найноўшым абсталяваннем, якое адпавядае не толькі айчынным, але і міжнародным стандартам і якому няма аналагаў ні ў адной установе адукацыі Мінскай вобласці. Для падрыхтоўкі па спецыяльнасці “Тэхналогія масларобнай, сыраробнай і малочнай вытворчасці” ў вучэбнай лабараторыі адкрыты міні-цэх, у якім маецца абсталяванне для вырабу мяккіх сыроў. У лабараторыі навучэнцы вырабляюць мяккія сыры накшталт “адыгейскага”, які рэалізуецца ў буфеце каледжа. Такі практыка арыентаваны падыход дае магчымасць выпускнікам лепш сарыентавацца на вытворчасці і больш эфектыўна выконваць сваю работу.

Для адпачынку навучэнцаў створаны камфортныя ўмовы. Функцыянуюць спартыўныя і трэнажорныя залы, маладзёжнае кафэ “Юнацтва”, зімовы сад, народны гістарычна-этнаграфічны музей, этнаграфічная майстэрня “Скарбніца”, кулінарная студыя “Справа густу”. Сучасна абсталяваны 2 навучэнскія інтэрнаты.

Зрабіць правільны прафесійны выбар навучэнцам дапамагае наладжаная праф­арыентацыйная работа ўсяго калектыву. Адной з яе форм з’яўляецца правядзенне майстар-класаў на канале “Слуцк ТБ” у праграме “Школа кулінарнага майстэрства”, дзе вопытныя педагогі сумесна з навучэнцамі раскрываюць сакрэты кулінарнай справы, вырабу малочных прадуктаў, хлебапячэння. Праграма транслюецца на тэрыторыі Слуцкага, Любанскага, Салігорскага, Капыльскага, Старадарожскага, Клецкага раёнаў.

Для вучняў сярэдніх агульнаадукацыйных школ арганізоўваюцца адкрытыя мерапрыемствы “Мая прафесія — мая будучыня”,”Рацыянальнае харчаванне — залог здароўя нацыі”, “Сучаснай вытворчасці — наша майстэрства і творчасць”, “Шлях да поспеху пачынаецца ў каледжы”, дзе дзеці самі ўдзельнічаюць у вырабе прадуктаў (сметанковага масла, адыгейскага сыру, напояў з сыроваткі, гатуюць кулінарныя стравы, выпякаюць хлебабулачныя вырабы, ствара­юць ружы з металу). Акрамя таго, папулярнай формай прафарыентацыі стала наведванне базавых арганізацый, дзе праходзяць сустрэчы з выпускнікамі кале­джа. Універмаг “Слуцк”, Слуцкі сыраробны камбінат, кранавы завод, Слуцкі хлебазавод, Слуцкі цукрарафінадны камбінат з’яўляюцца пляцоўкамі для адточвання прафесійных навыкаў выхаванцаў каледжа, надзейнымі партнёрамі ўстановы ў падрыхтоўцы кадраў. Такое цеснае партнёрства з работадаўцамі дазваляе штогод выконваць кантрольныя лічбы прыёму ў адпаведнасці з дамоўленасцямі і заяўкамі арганізацый — заказчыкаў кадраў і прадастаўляць выпускнікам першае працоўнае месца (размеркаванне і накіраванне на працу выпускнікоў штогод складае 100%). Установа адукацыі ганарыцца сваімі выпускнікамі, якія працуюць на прадпрыемствах перапрацоўчай і хлебапякарнай галіны, гандлю, грамадскага харчавання. Прыемна адзначыць, што кожны год замацава­насць выпускнікоў складае 85—90%. Установа цесна супрацоўнічае з Магілёўскім дзяржаўным універсітэтам харчавання, што дазваляе выпускнікам каледжа працягнуць навучанне па скарочанай форме і атрымаць вышэйшую адукацыю. Слуцкі дзяржаўны каледж трывала замацаваўся ў лідарах сярод устаноў прафесійнай адукацыі. Навучэнцы і педагогі каледжа — пастаянныя ­ўдзельнікі міжнародных і рэспубліканскіх спаборніцтваў, дзе атрымліваюць узнагароды самай высокай пробы, высока адзначана іх навукова-даследчая дзейнасць, рэалізацыя шматлікіх інавацыйных праектаў, скіраваных на ўдасканаленне прафесійнай падрыхтоўкі кадраў. Чацвёрты раз указам прэзідэнта гэта ўстанова адукацыі занесена на Рэспубліканскую дошку гонару пераможцаў спаборніцтва за дасягненні ў сферы сацыяльна-эканамічнага развіцця сярод арганізацый адукацыі.

Т.М.Яцук.

Мы выбіраем, нас выбіраюць…

Сваю папулярнасць сярод моладзі з кожным годам павышае Мінскі дзяржаўны абласны каледж, які ўзначальвае вопытны кіраўнік В.П.Дордаль. Намеснік дырэктара ўстановы Т.М.Яцук расказвае, што сёння набор абітурыентаў вядзецца па спецыяльнасцях “Маркетынг”, “Візуальны мерчандайзінг”, “Тэхналогія перапрацоўкі расліннай і жывёльнай сыравіны”, “Вытворчасць, захоўванне і перапрацоўка прадукцыі раслінаводства”. У гэтым навучальным годзе плануецца набраць 189 чалавек. Спецыяльнасць “Візуальны мерчандайзінг” была адкрыта год назад і адразу выклікала цікавасць сярод тых, хто паступае.

Набор ажыццяўляецца на базе 9 класаў па конкурсе сярэдняга бала дакументаў аб адукацыі. У мінулым годзе ён склаў 7,9.

Спецыялісты па візуальным мерчандайзінгу ствараюць камфортную атмасферу ў гандлёвай зале, правільна размяшча­юць тавар і матывуюць пакупнікоў на куплю. Для падрыхтоўкі спецыялістаў па візуальным мерчандайзінгу створана неабходная матэрыяльна-тэхнічная база. Абсталяваны майстэрні па малюнку і жывапісе, па афармленні вітрын, лабараторыі па інфармацыйных тэхналогіях.

Ёсць і першая перамога. Навучэнка Яна Шыдлоўская выйграла абласны этап і зараз рыхтуецца да рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus-2020 па кампетэнцыі “Візуальны мерчандайзінг”.

Адной з самых папулярных спецыяльнасцей для каледжа застаецца “Маркетынг”. Набор абітурыентаў ажыццяўляецца на базе 9 і 11 класаў — на дзённую форму атрымання адукацыі, на базе 11 класаў — на завочную. Каб паступіць на гэту спецыяльнасць, трэба мець даволі высокі сярэдні бал дакумента аб адукацыі. На маркетолага нярэдка паступаюць круглыя выдатнікі. Гэты год не выключэнне, і сёння ўсе бюджэтныя месцы ўжо занятыя. Маркетолагі могуць праца­ваць у розных галінах эканомікі, яны набываюць дастаткова ведаў для прасоўвання прадукцыі на рынку.

Яшчэ адна спецыяльнасць, па якой рыхтуюць у каледжы, — “Тэхналогія перапрацоўкі расліннай і жывёльнай сыравіны”. Мінскі дзяржаўны абласны каледж адзіны ў Беларусі рыхтуе спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй для прадпрыемстваў алейна-тлушчавай галіны. Прыём ажыццяўляецца на базе 11 класаў. Усяго плануецца набраць 58 чалавек. Прахадны бал традыцыйна вышэйшы за 8.

Навучэнцы гэтай спецыяльнасці вывучаюць тэхналогію алейна-тлушчавай прадукцыі і самі рыхтуюць маргарыны з розным смакам і нават распрацоўваюць рэцэптуру маянэзаў, ёгуртаў, сыроў і іншых харчовых прадуктаў, якіх пакуль яшчэ не сустрэнеш на прылаўках магазінаў. Навучэнцы каледжа штогод з’яўляюцца пераможцамі Рэспубліканскага конкурсу на лепшую навукова-даследчую работу сярод студэнтаў і навучэнцаў, які праводзіцца інстытутам мяса-малочнай прамысловасці.

Вывучаецца тэхналогія вытворчасці мыла і самі навучэнцы паспяхова яго вырабляюць. У гэтым ім дапамагаюць майстар-класы, якія ў тым ліку праводзяцца на абласных і рэспубліканскіх мерапрыемствах. Таксама кожны жадаючы можа паспраба­ваць сябе ў якасці парфумера і стварыць свой арыгінальны пах, а таксама вырабіць упакоўку для духоў згодна з уласнай мастацкай задумай.

Духі навучэнцаў былі адзначаны дыпломам пераможцы конкурсу “100 ідэй для Беларусі” ў Мінскай вобласці і сертыфікатам — на рэспубліканскім узроўні.

Навучэнцы, якія асвойваюць спецыяльнасць “Вытворчасць, захоўванне і перапрацоўка прадукцыі раслінаводства”, у першую чаргу знаёмяцца з тэхналогіямі вырошчвання пладовых і агароднінных культур. Яны ведаюць асаблівасці агратэхнічных мерапрыемстваў, тэрміны сяўбы і ўборкі, культуру земляробства, лепшыя гатункі. Навучэнцы знаёмяцца з сучаснымі сховішчамі, абсталяваннем, новымі спосабамі захоўвання прадукцыі, што забяспечваюць працяглыя тэрміны захоўвання, са спосабамі перапрацоўкі прадукцыі раслінаводства, пладоў і агародніны.

Выкладчыкі каледжа — сапраўдныя прафесіяналы. Менавіта яны забяспечваюць высокую якасць арганізацыі адукацыйнага працэсу, актыўна выкарыстоўваюць сучасныя тэхналогіі навучання, дапамагаюць сваім навучэнцам набываць неабходны жыццёвы вопыт, будаваць прафесійную кар’еру. Выпускнікі ўстановы працуюць на многіх вядучых прадпрыемствах краіны, некаторыя сталі кіраўнікамі вытворчасці.

Высокая якасць падрыхтоўкі, цесныя зносіны з работадаўцамі дазваляюць працаўладкаваць выпускнікоў каледжа ў тым ліку на брэндавыя прадпрыемствы, такія як “Камунарка”, “Савушкін прадукт”, “Беллакт-Сталіца”, а таксама вядомыя Мінскі маргарынавы завод, Мінскі малочны завод № 1. Каледж заключыў дагавор на падрыхтоўку кадраў усіх профіляў для Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі.

Варта адзначыць, што многія выпускнікі гэтай установы працягваюць сваё навучанне. У іх ёсць магчымасць паступіць на скарочаны курс у Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт харчавання, Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію і іншыя навучальныя ўстановы. Такім чынам, Мінскі дзяржаўны абласны каледж — гэта не толькі якасная і сучасная адукацыя, але і ўпэўненасць у запатрабаванасці сваёй прафесіі. Незалежна ад формы навучання ўсім выпускнікам гарантавана размеркаванне на працоўныя месцы па спецыяльнасці.

У вольны ад вучобы час навучэнцам сумаваць не прыходзіцца. У каледжы арганізавана работа спартыўных секцый, гурткоў, праводзяцца дыскатэкі, конкурсы, канцэрты. Мерапрыемствы дазваляюць навучэнцам раскрываць свае таленты, творчыя здольнасці, паказваць высокія спартыўныя дасягненні і рэалізоўваць свой патэнцыял усебакова развітой асобы. Каледж мае два інтэрнаты, якія размяшчаюцца побач з вучэбнымі карпусамі. Улічваючы тое, што  ўстанова знаходзіцца недалёка ад Мінска, падлеткі могуць наведваць сталічныя кінатэатры, канцэрты, музеі, выставы. Такім чынам, у каледжы прадастаўляюцца ўсе магчымасці для паспяховага навучання і для таго, каб яго выпускнікі ў далейшым маглі стаць высокапрафесійнымі спецыялістамі на вы­творчасці.

Ала КЛЮЙКО.