Прафесія як спадчына

- 11:32Людзі адукацыі, Суразмоўца, Суразмоўца

Сучасны педагог павінен быць з вучнямі на адной хвалі. Умець слухаць, чуць, разумець. Тады адукацыйны працэс будзе якасным, а вучоба дзецям будзе ў радасць. Такога меркавання прытрымліваецца Марыя Жукава — настаўніца пачатковых класаў клічаўскай сярэдняй школы № 1 імя П.А.Крываноса. 

Прафесія настаўніка Марыі Ігараўне дасталася ў літаральным сэнсе ў спадчыну. Яна — педагог у чацвёртым пакаленні.

— Наша педагагічная дынастыя — гэта 23 чалавекі, якія прысвяцілі сябе настаўніцтву. Агульны педагагічны стаж сям’і налічвае ўжо 561 год. Я з дзяцінства ведала ўсё аб гэтай прафесіі. Вялікі ўплыў на мяне аказалі дзядуля — заслужаны настаўнік БССР Уладзімір Васільевіч Скараходаў і бабуля — настаўніца пачатковых класаў Ніна Дзмітрыеўна Скараходава. Памятаю, як яшчэ да­школьніцай прыходзіла да бабулі на працу, садзілася за апошнюю парту і назірала за ходам урока. Ужо тады іншага шляху, акрамя як настаўніцкага, для сябе не бачыла, — падзялілася Марыя Жукава.

Сваю мару Марыя Ігараўна ажыццявіла. Пайшла па слядах любімай бабулі і стала настаўніцай пачатковых класаў. Атрымаўшы запаветны дыплом, як і многія прадстаўнікі сямейнай педагагічнай дынастыі, жыць і працаваць вярнулася на малую радзіму — на Клічаўшчыну.

— Працоўны шлях пачынала ў Востраўскай сярэдняй школе. Пасля перайшла выкладаць у першую гарадскую школу. З таго часу вось ужо 17 гадоў вяду па дарозе ведаў мясцовых вучняў. Заўсёды імкнуся спасцігнуць унутраны свет навучэнцаў, бо пачатковыя класы — найважнейшы перыяд у іх жыцці. Ад таго, чаму дзеці навучацца ў гэты час, што будзе закладзена ў іх сэрцы, напрамую залежыць, якімі людзьмі яны стануць заўтра. Як кажуць, што пасееш, тое і пажнеш, — адзначыла Марыя Жукава.

Зараз у Марыі Ігараўны 1 “Б” клас. Гэта 25 вучняў, трое з якіх — дзеці з асаб­лівасцямі псіхафізічнага развіцця. Клас інтэграваны, таму працэс навучання педагог выбудоўвае на прынцыпах інклюзіі і роўнасці. У кожным дзіцяці яна імкнецца бачыць асобу, шукае асабістую траекторыю развіцця яго здольнасцей.

— Для мяне педагагічная дзейнасць — гэта не проста праца, а творчасць. Пераканана, што не толькі вынік навучання, але і сам працэс пазнання новага павінен быць займальным. Тады вучыцца дзецям лёгка і цікава, — адзначыла Марыя Жукава.

У прыярытэце для Марыі Ігараўны — раскрыццё патэнцыялу кожнага вучня. Свае ўрокі яна будуе на тэхналогіях развіццёвага і праблемнага навучання. На занятках у настаўніцы вучні не пасіўныя слухачы, а даследчыкі. Навучэнцы самі фармулююць задачы, прапануюць гіпотэзы, такім чынам самастойна здабываючы веды. Шырока прымяняе Марыя Жукава інфармацыйна-камунікацыйныя і гульнявыя тэхналогіі, тэхнікі візуалізацыі вучэбнай інфармацыі.

Свае ўрокі Марыя Ігараўна будуе на тэхналогіях развіццёвага і праблемнага навучання. На занятках у настаўніцы вучні не пасіўныя слухачы, а даследчыкі.

— Вельмі важнай лічу пазнавальную актыўнасц­ь навучэнцаў. У дзяцей абавязкова павінна быць цікавасць да вучобы. Таму заданні ў мяне заўсёды рознаўзроўневыя і дыферэнцыраваныя. Яны падбіраюцца так, каб былі даступныя, маляўніча аформленыя, змяшчалі звесткі і факты, якія выходзяць за рамкі вучэбнай праграмы. Схемы, табліцы, сігнальныя карткі, раздатачны матэрыял даўно сталі памочнікамі ў маёй працы, бо яны заўсёды выклікаюць у дзяцей пачуццё здзіўлення, навізны, развіваюць кемлівасць і ініцыя­тыву. Так нават складаная тэма становіцца для вучняў пасільнай, — паведаміла Марыя Ігараўна.

На думку настаўніцы, не менш значныя для паспяховага навучання псіхалагічны камфорт і добра­зычлівая атмасфера ў класе. Свае ўзаемаадносіны з навучэнцамі яна імкнецца выбудоўваць на даверы, цеплыні, усебаковай падтрымцы.

— Для мяне кожны вучань — індывідуальнасць. Я не прымаю нейкіх адзіных стандартаў, імкнуся да ўсіх знайсці свой падыход. Параўноўваю дзяцей толькі з імі самімі: якімі яны былі ўчора і якія сёння. Ствараю сітуацыю поспеху, заўважаю нават маленькія дасягненні і вучу не баяцца здзейсніць памылку, бо калі пастарацца, то любы промах можна выправіць. Далучаю да адукацыйнага працэсу і бацькоў, бо сям’я — гэта самы дзейсны механізм выхавання, — падкрэсліла Марыя Жукава.

Нягледзячы на свой ужо немалы педагагічны стаж, Марыя Ігараўна пастаянна займаецца прафесійным самаразвіццём. Яна з’яўляецца кіраўніком раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў пачатковых класаў: павышае прафесійны ўзровень і дзеліцца сваім станоўчым вопытам з калегамі.

— Упэўнена, што толькі асоба можа выхаваць асобу, таму бясконца духоўна і прафесійна развіваюся. Імкнуся быць патрабавальнай не толькі да вучняў, але і да самой сябе, — па­дзялілася Марыя Жукава.

Сярод педагагічных прыярытэтаў Марыі Ігараўны таксама работа з адоранымі навучэнцамі. З таленавітымі дзецьмі яна дыферэнцыравана працуе на ўроках, дадаткова займаецца на факультатывах. Гэта прыносіць адпаведныя вынікі. Вучні Марыі Жукавай рэгулярна становяцца пераможцамі малышковых алімпіяд, творчых конкурсаў.

У прафесійнай скарбонцы Марыі Ігараўны нямала і ўласных поспехаў. Але для яе большую знач­насць маюць дасягненні навучэнцаў. Прычым не толькі іх удалыя выступленні на конкурсах, а нават простае авалоданне навыкамі чытання і пісьма. Асабліва каштоўна для настаўніцы і тое, што вучні заўсёды з жаданнем ідуць у школу, радуюцца сустрэчы. Менавіта гэта Марыя Жукава лічыць галоўным паказчыкам эфектыўнасці сваёй работы.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота з архіва Марыі Жукавай.