Прафесіянал з актыўнай жыццёвай пазіцыяй

- 11:05Навіны рэгіёнаў

Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі — установа, дзе педагогі павышаюць кваліфікацыю, удасканальваюць прафесійныя навыкі. У МАІРА прапагандуюць няспыннае развіццё педагога як прафесіянала і як асобы. Рэктар інстытута быццам увасабленне гэтай ідэі. Святлана Уладзіміраўна Сітнікава з той катэгорыі людзей, якія ніколі не перастаюць вучыцца новаму і развівацца. Яна вучылася на інжынера, атрымала педагагічную адукацыю, а потым набыла тры дадатковыя спецыяльнасці — праграміста, менеджара і эканаміста. Гэта, а таксама працавітасць, ініцыятыўнасць і мэтанакіраванасць дапамаглі Святлане Уладзіміраўне прайсці ўсе прыступкі кар’ернай лесвіцы ў інстытуце — ад інжынера і метадыста да рэктара. Акрамя таго, С.У.Сітнікава ператварае ў жыццё ідэі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”, членам якога з’яўляецца, бо яна яркі прыклад жанчыны з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, якая адыгрывае значную ролю ў грамадскай, сацыяльнай і культурнай сферах дзейнасці грамадства. Пра развіццё адукацыі, выхаванне дзяцей, праблемы беларускіх жанчын і наогул пра жыццё гутарым сёння са Святланай Уладзіміраўнай СІТНІКАВАЙ.

— Святлана Уладзіміраўна, што паўплывала на ваша сталенне, характар, жыццёвыя прынцыпы?

— Сям’я. У поўным разуменні гэтага слова. Бацькі і бабулі, сёстры і браты, прычым стрыечныя і траюрадныя. Мы вельмі сябруем. Кожны са сваім характарам і жыццёвым вопытам. Старэйшыя клапоцяцца пра малодшых, а павага да пажылых і ўвогуле старасці ў нашай сям’і — непадробная і шчырая. І так было заўсёды. Радасці і праблемы, цяжкасці і поспехі — заўсёды разам, у якой бы частцы свету мы ні жылі.

— Вы раслі ў асяроддзі педагогаў, многія члены сям’і былі настаўнікамі. Але выбралі спачатку прафесію інжынера і паступілі ў тэхнічную ВНУ і толькі пазней па сямейных абставінах перавяліся ў педінстытут. Святлана Уладзіміраўна, ці верыце вы, што з чалавекам здараецца менавіта тое, што яму наканавана? Альбо вам бліжэй выраз, што чалавек — каваль, які ўласнымі рукамі стварае сваё шчасце?

— Па маім глыбокім перакананні, лёс — гэта тое, што мы куём сваімі рукамі, сэрцам і душой. Дарэчы, многія жанчыны ў нашай сям’і, як вы заўважылі, педагогі, а мужчыны амаль усе ваенныя: дзядулі і тата, дзядзькі, родны брат і муж, старэйшы сын, стрыечныя і траюрадныя браты. Акрамя таго, сёстры выйшлі замуж за ваенных. І гэты год — сотай гадавіны Узброеных Сіл — для нас вельмі значны. Прафесія “Радзіму абараняць” для нас асаблівая, мы імкнёмся выхоўваць хлопчыкаў патрыётамі, мужнымі людзьмі, вучым іх не баяцца браць на сябе адказнасць у цяжкі час.

— Якімі галоўнымі прынцыпамі вы кіруецеся ў рабоце і ў жыцці?

— Пазітыўнае ўспрыманне таго, што адбываецца і адэкватнае стаўленне да яго.

— Згадайце, калі ласка, свае школьныя гады. Якой вучаніцай у школе была маленькая Света?

— Руплівай і стараннай. Была выдатніцай, але пры гэтым ніякіх сіндромаў выдатніка ў мяне не назіралася. Дапамагаць тым, хто адставаў, радавацца за тых, у каго атрымлівалася лепш, — гэта не пафас, такім заўсёды было маё разуменне поспеху.

— А сёння, будучы прафесіяналам, як вы ацанілі б работу настаўнікаў, што вас вучылі?

— Яны былі самаадданыя ў працы, не шкадавалі ні ўласнага часу, ні сіл. Гэта былі паходы і адкрыцці. Астраномію, напрыклад, мы вывучалі, назіраючы за зоркамі ў начным небе. А якія праводзіліся вечары! Сёння іх назвалі б дыскатэкамі, але ў нас яны былі тэматычныя і вельмі цікавыя. Нас вучылі жыць!

— Шмат гадоў ваша работа тычыцца павышэння кваліфікацыі педагогаў. З 1990 года вы працуеце ў Мінскім абласным інстытуце развіцця адукацыі, які за гэты час змяніў шмат назваў, з 2006 года яго ўзначальваеце. Як за гэты час змянілася павышэнне кваліфікацыі? Як, на ваш погляд, трэба ўдасканальваць гэты працэс? Якім вы бачыце павышэнне кваліфікацыі ў будучыні, якая мадэль была б ідэальнай?

— Калі казаць аб ідэальнай мадэлі, то, здаецца, яе не можа быць, бо мы працуем з людзьмі, а не з машынамі, і вельмі складана задаволіць кожнага. Аднак я ўпэўнена, што магчымасць павышаць кваліфікацыю ў педагога павінна быць заўсёды. Таксама павінен быць прадастаўлены выбар формы і ўмоў, у якіх педагог будзе развівацца. Хутчэй за ўсё ў будучыні педагогі не перастануць збірацца на розных форумах і канферэнцыях, каб падзяліцца эфектыўным вопытам. А праблемы прафесійныя яны будуць вырашаць альбо праз самаадукацыю, альбо выкарыстоўваючы магчымасці камунікацыі з прафесіяналамі, прымяняючы сучасныя тэхналогіі. Гэта больш аператыўна і індывідуальна. А можа, ува мне загаварыў інжынер?

— Чаму, якім навыкам сёння абавязкова трэба вучыць педагогаў?

— Каб быць прафесіяналам, трэба дасканала ведаць прадмет размовы з дзецьмі, бацькамі, калегамі. Але актуальнай застаецца праблема паглыблення ў праблему, якой займаюцца педагогі, вывучэнне розных крыніц інфармацыі, тэхналогій і творчага падыходу да вырашэння праблемы. Як гэтаму навучыць? Як быць пераканаўчымі? Самім метадыстам і выкладчыкам трэба развівацца.

— А што вы думаеце наконт прысутнасці педагогаў у сацыяльных сетках?

— Гэта патрабаванне часу. Раз так адбылося і цывілізацыя пайшла па гэтым шляху, трэба абавязкова быць побач з вучнямі і іх бацькамі. Як шмат там цікавага пра іх! Гэта ж скарбніца інфармацыі, дзякуючы якой прыходзіць разуменне, як будаваць і вучэбны працэс, і выхаваўчы. А яшчэ лепш адукацыйны, улічваючы, што падзяліць гэтыя працэсы амаль немагчыма.

— МАІРА за амаль 80 гадоў свайго існавання мяняў не толькі назву, але і свае функцыі, значна іх пашыраючы. Як вы да гэтага ставіцеся: як да новых выклікаў ці як да дадатковай нагрузкі, або лічыце лагічным і арганічным развіццём?

— Канечне, лічу лагічным і арганічным, таму што “забалочвацца” мы не маем права. Ужо амаль не засталося чыста лекцыйных традыцыйных форм павышэння кваліфікацыі. З’яўляюцца іншыя падыходы. Мы лічым, што перш за ўсё гэта вельмі сур’ёзная псіхалагічная работа з педагогамі, фарміраванне ў іх неабыякавага, пазітыўнага прафесійнага падыходу да ўсяго. Педагог, які ные і ўсім незадаволены, — катастрофа для школьнага калектыву.

— Напярэдадні Міжнароднага жаночага дня хацелася б пагаварыць пра вашу дзейнасць у Беларускім саюзе жанчын. Сёння вы з’яўляецеся першым намеснікам старшыні грамадскага аб’яднання. Як трапілі ў арганізацыю, чаму вырашылі займацца гэтай справай?

— Трапіла, можна сказаць, выпадкова, але я гэтаму вельмі рада. У 2010 годзе шукалі старшыню Мінскай абласной арганізацыі саюза жанчын. Прапанавалі маю кандыдатуру, на канферэнцыі выбралі. Спачатку я нават не разумела, як гэта цікава і адказна. Аднак, відаць, нядрэнна ў мяне атрымлівалася, бо пазней мяне абралі ўжо першым намеснікам.

— У чым місія Беларускага саюза жанчын? Як арганізацыя дапамагае жанчынам? З чым прыходзяць да вас?

— Падтрымаць і дапамагчы — гэта галоўны клопат БСЖ. І многія праекты, ініцыятарам якіх была наша арганізацыя, сталі рэспубліканскімі. Рух па стварэнні дамоў сямейнага тыпу “Ніводнага кінутага дзіцяці” цяпер успрымаецца як данасць. А гэта была ініцыятыва БСЖ. Рэспубліканскі конкурс “Жанчына года”, дзе ўшаноўваюць жанчын-педагогаў, медыкаў, работніц аграпрамысловага комплексу, праваахоўных органаў і іншых арганізацый, — ці гэта не важная справа? Мы імкнёмся прадэманстраваць усяму грамадству, што можа жанчына і наколькі яна адказная за ўсё, што адбываецца ў Беларусі.

— Якія найбольш балючыя, сур’ёзныя праблемы ў сучаснай беларускай жанчыны?

— Калі не абагульняць, то асноўная праблема — здолець пастаяць за сябе і сваю сям’ю. На жаль, яшчэ вельмі шмат выпадкаў насілля ў сям’і. Часам яно не фізічнае, але не менш страшнае. І галоўны клопат нашай арганізацыі — пераканаць жанчыну не баяцца прызнавацца ў гэтым, звяртацца па дапамогу. Меркаванне “Б’е — значыць кахае” — ні ў якім выпадку не апраўданне, бо можа здарыцца бяда.

— Некаторыя людзі думаюць, што БСЖ стаіць на прынцыпах фемінізму, эмансіпацыі. Ці так гэта?

— А я не лічу, што фемінізм — гэта дрэнна. Проста гэты тэрмін няправільна ўжываюць у сучаснай інтэрпрэтацыі. Французская пісьменніца і палітык Алімпія дэ Гуж яшчэ ў XVIII стагоддзі перад смяротным пакараннем сказала: “Калі жанчына дастойна ўзысці на эшафот, то яна дастойна і ўвайсці ў парламент”. І сёння ў парламенце Беларусі больш за 30% жанчын. А сапраўдныя феміністкі змагаюцца ў тым ліку за правы мужчын, якім часам патрэбна абарона ад нас, жанчын.

— Як вы лічыце, сёння ў нашай краіне правы жанчыны і мужчыны роўныя? Ці барацьба за раўнапраўе яшчэ актуальная?

— Калі меркаваць па міжнародных стандартах, то ў Беларусі вельмі высокі працэнт вырашаных праблем адносна роўных правоў. Але ж мы разумеем, што яшчэ ёсць шмат пытанняў, якія неабходна вырашаць, у тым ліку на дзяржаўным узроўні.

— Ці патрэбна ў сучаснай школе гендарнае выхаванне. Калі так, то якім яно павінна быць і якія пытанні закранаць?

— Самае галоўнае, што неабходна выхоўваць з ранняга ўзросту, — гэта паважлівае стаўленне адно да аднаго, культуру ўзаемаадносін. Інакш з’яўляецца зайздрасць, гвалт. Пачуццё ўласнай перавагі ці, наадварот, прыніжаная, неадэкватная самаацэнка прыводзяць да страшных наступстваў.

— Не сакрэт, што большасць настаўнікаў — жанчыны. Як прыцягнуць мужчын у школы? І ці патрэбна гэта?

— Абавязкова патрэбны мужчыны ў школе, і яны хацелі б там працаваць. У майго старэйшага сына, напрыклад, у пачатковай школе быў настаўнік-мужчына. Спадзяюся, што так будзе і ў далейшым, тым больш што кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на ўважлівым стаўленні да педагогаў.

— Вы займаеце кіраўніцкую пасаду не адзін год. А дома атрымліваецца “выключаць” кіраўніка? Ці гэта не патрэбна?

— Атрымліваецца, аднак, не заўсёды. На жаль, часам муж крыўдзіцца. Не ўдаецца абстрагавацца да такой ступені, каб не падпарадкоўваць сваім поглядам дамачадцаў. Так быць не павінна.

— Часта настаўніцы жартуюць, што прысвячаюць сябе чужым дзецям, а на сваіх не застаецца часу. Як вы выхоўвалі сыноў? Што самае галоўнае імкнуліся ім прывіць?

— Мяне выхоўвалі ў любові да людзей, і я спрабавала гэта перадаць сваім дзецям. Самае галоўнае, я вучыла іх працаваць, разлічваць на свае сілы, дапамагала разам з мужам развіваць усе здольнасці сыноў, дадзеныя прыродай. Таму яны былі заняты з раніцы да ночы і выраслі добрымі людзьмі, стварылі цудоўныя, моцныя сем’і.

— Святлана Уладзіміраўна, вы кіраўнік і грамадскі дзеяч, узнагароджаны медалём Францыска Скарыны і нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь”. А якімі поспехамі, званнямі, дасягненнямі вы найбольш ганарыцеся?

— Прыемна, што мяне адзначылі на самым высокім узроўні і я маю дзяржаўныя ўзнагароды і ўзнагароды галіновыя. Але для мяне гэта заўсёды была перш за ўсё адказнасць перад калектывам, у якім я працую, таму што любая ўзнагарода кіраўніка — гэта прызнанне яго поспехаў.

— А ці можаце вы даць сваё азначэнне слову “шчасце”?

— Здаровая мама, удзел у выхаванні унукаў, каханне мужа — вось што такое сапраўднае шчасце для мяне. І хочацца ўсім напярэдадні свят пажадаць шчасця, хто б што ні разумеў пад гэтым словам, а таксама моцнага здароўя і прафесійных поспехаў!

Дзякую маёй цудоўнай суразмоўніцы, і не толькі за шчырыя адказы на пытанні, але і наогул за супрацоўніцтва з “Настаўніцкай газетай”. Не адзін год МАІРА і асабіста Святлана Уладзіміраўна аказваюць нашаму выданню інфармацыйную падтрымку. Заўтра сябра нашай газеты адзначае юбілей. Шчыра віншуем Святлану Уладзіміраўну і жадаем ладу і любові ў сям’і, плёну ў працы і невычарпальнай энергіі, якой хапіла б яшчэ на мноства добрых спраў.

Дар’я РЭВА.