Прафесіяналам быць прэстыжна

16 чэрвеня ў прэс-цэнтры БелТА прайшла прэс-канферэнцыя па тэме падрыхтоўкі працоўных рэсурсаў для рэальнага сектара эканомікі нашай краіны ў кантэксце ўдзелу нашай каманды ў спаборніцтве WorldSkills, якое адбудзецца ў жніўні ў Бразіліі. У размове прынялі ўдзел міністр адукацыі М.А.Жураўкоў, рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі А.Х.Шкляр, генеральны дырэктар гандлёвай сеткі “Еўраопт” Ф.А.Арцёменка.

— Пытанне развіцця нашай эканомікі мы непарыўна звязваем з развіццём прафесійнай адукацыі, якая рыхтуе кадры для нашых прадпрыемстваў і арганізацый, — заявіў на пачатку прэс-канферэнцыі Міхаіл Анатольевіч Жураўкоў. — Наша краіна за апошнія гады не толькі не страціла пазіцыі па фарміраванні кадравага складу эканомікі, але і прыметна іх умацавала. У нашай краіне пастаянна вядзецца карпатлівая мэтанакіраваная работа па развіцці прафесійнай адукацыі, і сёння можна з задавальненнем канстатаваць, што наша сістэма ПТА прызнана адной з лепшых у свеце.
Міністр адзначыў, што новым вітком у развіцці прафесійнай адукацыі, у папулярызацыі рабочых прафесій сярод моладзі стала членства Беларусі ў міжнароднай арганізацыі WorldSkills International, што дазволіла вывесці Беларусь на міжнародны ўзровень, а лепшым навучэнцам і маладым рабочым прадаставіць магчымасць прадэманстраваць сваё майстэрства на міжнародных спаборніцтвах.
— Першы вопыт нашых канкурсантаў, якія выступалі ў WorldSkills-СНД+ у Казані, паказаў, што мы маем сваю прафесійную эліту, — адзначыў Міхаіл Анатольевіч. — Нашы выхаванцы паказалі вельмі высокія вынікі. І я не толькі спадзяюся, я ўпэўнены, што наша каманда выступіць дастойна і на спаборніцтве ў Сан-Паўлу. А гэта, безумоўна, узніме прэстыж прафесійнай адукацыі ў нашым грамадстве, выкліча новы ўсплёск інтарэсу нашай моладзі да рабочых прафесій і паўплывае на іх прафесійны выбар.
На думку міністра, гэтая алімпіяда прафесійнага майстэрства, як называюць сёння спаборніцтва WorldSkills, дазволіць нашым канкурсантам пазнаёміцца са сваімі замежнымі равеснікамі, параўнаць свой узровень прафесійных уменняў і навыкаў з іншымі ўдзельнікамі, а таксама вызначыць адпаведнасць сваіх ведаў міжнародным патрабаванням. У сваю чаргу экспертнае супольніцтва нашай краіны, выкладчыкі і майстры вытворчага навучання пад уплывам міжнародных тэндэнцый у прафесійнай адукацыі змогуць удасканальваць свой прафесійны ўзровень.
За апошнія гады патрабаванні да прафесійнай адукацыі істотна змяніліся. Аблічча рабочага зусім не тое, што было яшчэ 5—10 гадоў назад. Сёння многія з пераліку прафесій, па якіх доўгі час рыхтавалі ў навучальных установах, адышлі ў нябыт. Ім на змену прыходзяць новыя прафесіі, якія неабходны інавацыйнай эканоміцы. Цяпер рабочы — гэта высокакваліфікаваны спецыяліст, які акрамя асноўнага аб’ёму прафесійных ведаў павінен валодаць тэхнічнымі навыкамі многіх сумежных прафесій, у тым ліку ў галіне інфармацыйных тэхналогій, робататэхнікі і нанатэхналогій. Удасканаленне прафесійнага ўзроўню павінна адбывацца бесперапынна, пачынаючы ад установы прафесійна-тэхнічнай адукацыі і заканчваючы ўстановай вышэйшай адукацыі.
— Сёння перад беларускай эканомікай нашай краіны стаіць сур’ёзная задача забеспячэння інавацыйнага развіцця нашай краіны, — адзначыў Аркадзь Ханонавіч Шкляр. — Гэта непазбежна прыцягвае змяненне тэхналагічнага працэсу ў многіх галінах, што ў сваю чаргу вядзе да больш якаснай інавацыйнай прафесійнай падрыхтоўкі працоўных рэсурсаў.
Дзейсным крокам для ўдасканалення сістэмы прафесійнай адукацыі, павышэння прэстыжнасці рабочых прафесій стала далучэнне нашай краіны да міжнароднай асацыяцыі WorldSkills International (WSI), якая аб’ядноўвае больш за 70 краін свету, дзе пражывае амаль 70% насельніцтва ўсяго зямнога шара.
— Рух WSI з’яўляецца адным з вядучых драйвераў у развіцці прафесійнай адукацыі, дзе назапашаны багаты міжнародны вопыт у вызначэнні сучасных кампетэнцый па больш чым 50 прафесіях, — зазначыў А.Х.Шкляр. —Далучэнне нашай краіны да гэтага руху адкрывае новыя магчымасці для хуткага і эфектыўнага ўкаранення сістэмы распаўсюджвання сусветных прафесійных стандартаў, сінхранізацыі беларускіх стандартаў з міжнароднымі, узняцця іміджу рабочай прафесіі ў грамадстве.
У перспектыве плануецца, што ўсе выніковыя экзамены для атрымання адпаведных кваліфікацый у любой навучальнай установе прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, а магчыма і вышэйшай, павінны будуць адпавядаць комплексным заданням спаборніцтваў WorldSkills. Такі крок дазволіць вызначыць, наколькі якасна і згодна з міжнароднымі стандартамі вядзецца прафесійная падрыхтоўка будучых спецыялістаў у нашай краіне.
А.Х.Шкляр расказаў, як удзельнікі нацыянальнай каманды Беларусі рыхтуюцца да спаборніцтва WorldSkills. У Бразіліі нашы канкурсанты выступяць у 17 кампетэнцыях, па якіх у Казані былі атрыманы найлепшыя вынікі. У падрыхтоўцы нацыянальнай зборнай задзейнічаны лепшыя педагогі і эксперты нашай краіны, акрамя таго, далучаны і калегі з іншых краін. Прыемна адзначыць і актыўнасць нашых работадаўцаў, дзяржаўных прадпрыемстваў і арганізацый. Вельмі адметны і той факт, што для вырашэння праблем рэальнага сектара эканомікі набывае ўсё большую значнасць узаемадзеянне бізнесу і сістэмы прафесійнай адукацыі. Да такіх яркіх прыкладаў можна аднесці кампанію “Еўраопт”, якая адна з першых падтрымала рух WorldSkills у Беларусі. Гэта найбуйнейшы ў нашай краіне работадаўца, які забяспечвае стварэнне рабочых месцаў для 35 тысяч чалавек.
— Нам неабыякава, хто і як працуе на нашых прадпрыемствах, — адзначыў Ф.А.Арцёменка, генеральны дырэктар гандлёвай сеткі “Еўраопт”. — Прафесійнай падрыхтоўцы кожнага нашага работніка мы ўдзяляем вельмі вялікую ўвагу. Практычна кожны супрацоўнік праходзіць навучанне альбо павышэнне кваліфікацыі ў цэнтры падрыхтоўкі спецыялістаў нашай кампаніі. Але, па сутнасці, мы толькі дапамагаем нашым работнікам развіваць і ўдасканальваць тыя веды і ўменні, якія яны атрымалі ў сістэме прафесійнай адукацыі. Мы вельмі зацікаўлены ў тым, каб прафесійная падрыхтоўка кадраў была якаснай і адпавядала сучасным міжнародным патрабаванням.
З улікам гэтага кампанія не змагла не падтрымаць удзел нашай краіны ў міжнародным спаборніцтве — алімпіядзе прафесійнага майстэрства WorldSkills у Бразіліі. “Еўраопт” узяў пад сваю апеку двух удзельнікаў спаборніцтва і будзе аказваць ім фінансавую падтрымку, каб яны маглі добра падрыхтавацца да конкурсу і дастойна выступіць за нашу краіну. Пад патранажам кампаніі “Еўраопт” будуць дзве кампетэнцыі спаборніцтва — “Кандытарскае мастацтва” і “Кулінарнае мастацтва”. У іх выступяць будучы кандытар Марыя Кушвід з ліцэя №10 Магілёва і будучы кухар студэнт Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання Мікіта Цвяткоў. Навучэнцы заслужылі такую падтрымку сваёй працавітасцю, стараннасцю, і, безумоўна, сваім прафесійным майстэрствам, якое было высока ацэнена на рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтвах.
— Быць прафесіяналам — гэта прэстыжна, — зазначыў Ф.А.Арцёменка. — Калі ў нашай нацыянальнай эканоміцы будуць працаваць сапраўдныя прафесіяналы з міжнародным імем, то ёй гарантаваны поспех.

Ала КЛЮЙКО.
Фота аўтара.