Прафесіяналізм і ўзаемная падтрымка — шлях да поспеху

- 9:00Людзі адукацыі

Дваццаць пяць гадоў на чале Нарацкай сярэдняй школы № 2 Мядзельскага раёна Мінскай вобласці стаіць Генадзь Віктаравіч Крыштафовіч. Дырэктар гэтай установы адукацыі вылучаецца сваёй актыўнай жыццёвай пазіцыяй, аптымістычным настроем, адданасцю справе і калектыву. Для яго быць кіраўніком — значыць стварыць ва ўстанове адукацыі атмасферу творчасці і максімальных магчымасцей, утульнасці і добразычлівасці.

Педагагічны шлях непрыкметна прывабіў з дзіцячых гадоў. Усё пачалося з таго, што ў дзяцінстве больш падабалася гуляць не з машынкамі ці самалёцікамі, як многім хлопчыкам, а ў школу. Пазней сваім прыкладам натхнілі педагогі суседняй Нарацкай сярэдняй школы № 1, у першую чаргу настаўнік матэматыкі Яўген Ула­дзіміравіч Роўда. Гэта былі людзі, на якіх хацелася раўняцца. Таму лагічным працягам стала паступленне на спецыяльнасць “Настаўнік матэматыкі” механіка-матэматычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У.І.Леніна.

Генадзь Віктаравіч узначаліў Нарацкую сярэднюю школу № 2 у 1993 годзе. Для дваццацідзевяцігадовага мужчыны гэта быў яго першы вопыт на пасадзе такога ўзроўню. З першых дзён адчуў адказнасць і хваляванне за давераную ўстанову і людзей. Хутка ўдалося стаць сапраўдным лідарам у калектыве. Усё склалася дзякуючы высокай працаздольнасці і актыўнасці, настойлівасці і мудрасці, дару пераконваць, натхняць і весці людзей за сабой.

Сёння Генадзь Віктаравіч, ужо кіраўнік з вялікім стажам і каштоўным вопытам, сваім галоўным дасягненнем лічыць менавіта з’яднаны, паспяховы, творчы калектыў аднадумцаў, нацэленых на аптымальнае рашэнне любой пастаўленай задачы. Праца вядзецца ў цесным кантакце з бацькамі, грамадскасцю, прадпрыемствамі, арганізацыямі і ўстановамі курортнага пасёлка і Нарачанскага рэгіёна. І такі рытм жыццядзейнасці захоўваецца пастаянна на працягу ўсёй гісторыі ўстановы адукацыі. Адным з асноўных правіл, якім Генадзь Віктаравіч нязменна карыстаецца ў жыцці, з’яўляецца старая правераная ісціна “Кадры вырашаюць усё”. Калектыў, які ён узначальвае, ідзе ў адным кірунку. Тут цэняцца прафесіяналізм, уклад і патэнцыял кожнага, узаемная падтрымка і павага да традыцый.

Генадзь Віктаравіч любіць паўтараць прымаўку “Пад ляжачы камень вада не цячэ”. На сваім прыкладзе пацвярджае: можна зрабіць многае і дасягнуць таго, што падавалася амаль немагчымым, калі бесперапынна рухацца наперад да намечаных мэт.

— Натхняць людзей на эфектыўную работу неабходна ў першую чаргу ўласным прыкладам. Калі яны бачаць адданасць справе свайго кіраўніка, гэта пераконвае лепш за ўсе магчымыя словы, — расказвае Г.В.Крыштафовіч. — Школа для мяне больш чым другі дом. Удзячны, што мае родныя адносяцца да гэтага з разуменнем. Жыву непадалёку, таму часта заходжу і ў вячэрні час, і ў выхадныя дні, каб упэўніцца, што ўсё ў парадку.

Улюбёная тэма Генадзя Віктаравіча, вядома ж, Нарацкая сярэдняя школа № 2. Ён адчувае вялікую адказнасць і за амаль 700 вучняў, і больш чым за 100 супрацоўнікаў. Не шкадуючы сіл і часу, дырэктар сам паглыбляецца ва ўсе кірункі. Пад яго непасрэдным кіраўніцтвам вядзецца, напрыклад, і добраўпа­радкаванне, і азеляненне прышкольнай тэрыторыі. Варта адзначыць, што ўстанова адукацыі літаральна патанае ў рознакаляровых прыгожых раслінах, сёлета было высаджана 2 тысячы кветак. Нядаўна тэрыторыю вучэбна-доследнага ўчастка ўпрыгожыла яшчэ і стыльная экалагічная агароджа з сасновага галля. Генадзь Віктаравіч спачатку пачаў займацца вырабамі з прыродных матэрыялаў на сваёй дачы, а потым вырашыў, што некаторыя ідэі можна смела ўвасабляць і на тэрыторыі школы.

Ва ўласнай скарбонцы Генадзя Віктаравіча накапілася шмат разнастайных узнагарод. Сярод іх — ганаровыя граматы Міні­стэрства адукацыі, галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта, Мядзельскага раённага выканаўчага камітэта і іншыя. Аднак дырэктар Нарацкай сярэдняй школы № 2, як правіла, гаворыць не пра свае дасягненні. Ганарыцца тым, што 12 вучняў установы адукацыі, якую ён узначальвае, з’яўляюцца стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай і адоранай моладзі за дасягненні ў навукова-даследчай дзейнасці і ўдзел у алімпіядным руху. Сёлета радасна было выпускаць у дарослае жыццё ажно 7 залатых медалістаў (усяго ў раёне іх было 13). Напрыканцы ліпеня прыляцела радасная навіна: адна з вучаніц — Дар’я Дземяшкевіч — атрымала 100 балаў на цэнтралізаваным тэсціраванні па беларускай мове.

— Напэўна, галоўная мара любога кіраўніка ў сферы адукацыі — пабудаваць такую ўстанову, у якой дзеці вучыліся б з задавальненнем і атрымлівалі ўвесь неабходны багаж ведаў для далейшага самавызначэння ў жыцці. Для педагогаў і ўсяго персаналу важна мець магчымасць прафесійнага росту, камфортны мікраклімат у калектыве, адчуванне сваёй карыснасці на працоўным месцы. Для ўсіх нас самы важны, лепшы вынік — удзячныя выпускнікі, якія на аснове моцных трывалых ведаў, атрыманых у сценах нашай школы, знайшлі сваё месца ў жыцці.

Генадзь Віктаравіч робіць стаўку на інфарматызацыю вучэбнага працэсу. Зараз кожнае настаўніцкае месца абсталявана камп’ютарам, ноўтбукам, інтэрактыўнай дошкай ці тэлевізарам з дыяганаллю экрана не менш за 50 дзюймаў. Кіраўнік імкнецца нацэльваць на тое, каб без прамаруджвання асвойваць усё новае дзеля сучаснай адукацыі вучняў, і прыкладае ўсе намаганні, каб для гэтага былі створаны аптымальныя ўмовы. На базе навучальнай установы функцыя­нуюць шэсць раённых рэсурсных цэнтраў па розных кірунках работы, у тым ліку і інфарматызацыі. Сумесна з раённым цэнтрам па надзвычайных сітуацыях створаны і абсталяваны кабінет аховы жыцця і здароўя. Сумесна з галіновым прафсаюзам адкрыты кабінет аховы працы. Спартыўная база школы папоўнілася сучасным антывандальным вулічным комплексам на 18 трэнажораў. У най­бліжэйшых планах — набыццё абсталявання і мантаж скаладрома.

Адзін з праектаў абласнога ўзроўню, над якім зараз працуе калектыў, носіць назву “Музейна-педагагічны комплекс школы як фактар фарміравання калектыўнага іміджу ўстановы адукацыі”. Пастаўлена задача па стварэнні музейнай прасторы ў выглядзе некалькіх экспазіцый разнастайнага тэматычнага кірунку, якія месцяцца ў фае, рэкрэацыях і на калідорах. Зараз вядзецца работа над чацвёртай экспазіцыяй, якая прысвечана гісторыі курортнага пасёлка Нарач.

Генадзь Віктаравіч адносіцца да шчаслівых людзей, якія не толькі займаюцца любімай справай, але і знаходзяць час для хобі. Гэта лішні раз пацвярджае яго актыўнасць, ініцыятыўнасць, працавітасць і шматграннасць. У ліку любімых заняткаў — дачнае будаўніцтва, ландшафтны дызайн, рыбалка. У рэдкія хвіліны на рыбалцы Генадзь Віктаравіч дазваляе сабе адключыць мабільны тэлефон, каб адчуць гармонію прыроды, цішыню. А пасля спяшаецца ўключыць і вярнуць усё на свае месцы: ён заўсёды на сувязі, каб першым атрымліваць навіны аб усім, што тычыцца школы.

Таццяна ШЫМКО.