Прафесіяналізм, патрыятызм, перфекцыянізм

- 11:38Вышэйшая школа

На мінулым тыдні ў БНТУ завяршыўся конкурс на лепшую вучэбную групу. Падобнае мерапрыемства праводзілася ва ўніверсітэце не ўпершыню, але раней групы спаборнічалі паміж сабой на факультэтах. А сёлета вырашылі правесці агульнаўніверсітэцкі конкурс.

Загадзя прайшлі адборачныя туры на факультэтах, дзе групы дэманстравалі творчыя і вучэбныя дасягненні, навуковую і грамадскую актыўнасць, згуртаванасць і імкненне перамагаць. У выніку ў фінал выйшлі 16 груп, сярод якіх аказаліся не толькі старшакурснікі, але і прадстаўнікі першага курса.
Агульнаўніверсітэцкі конкурс доўжыўся амаль цэлы тыдзень і складаўся з некалькіх этапаў. Так, фіналісты павінны былі падрыхтаваць візітоўкі і партфоліа сваёй вучэбнай групы. Акрамя таго, ім давялося спаборнічаць у спартыўна-інтэлектуальнай гульні “Форт палітэха” на стадыёне БНТУ. А завяршаў конкурсны марафон творчы конкурс “Я — стараста!”.
Паводле ўмоў конкурсу, стараста вучэбнай групы павінен быў прадэманстраваць свае таленты і ўменні. Дазвалялася выкарыстоўваць розныя мастацкія формы і жанры і ў якасці групы падтрымкі запрашаць аднакурснікаў.
Трэба сказаць, што ў творчым конкурсе таленты студэнтаў БНТУ разнастайна раскрыліся ва ўсёй прыгажосці. Маладыя людзі спявалі, танцавалі, віртуозна каталіся на роліках, давалі майстар-клас па вырабе гальштука-бабачкі, жангліравалі гірамі (у выніку атлетычная стараста групы спартыўна-тэхнічнага факультэта Вера Гінько атрымае перамогу ў намінацыі “Лепшы стараста”). Многія групы выбралі фармат Клуба вясёлых і знаходлівых. І не прагадалі. Напрыклад, вельмі артыстычныя першакурснікі факультэта інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі годна выглядалі б на любой сцэне.
Як адзначыла член аргкамітэта конкурсу начальнік упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю Цэнтра ідэалагічнай і выхаваўчай работы БНТУ Ж.І.Пахольчык, планавалі правесці конкурс, а атрымалася самае сапраўднае свята.
— Камандны дух аб’яднаў усіх, — заўважыла Жанна Іванаўна. — Куратары груп не толькі падтрымлівалі сваіх студэнтаў, але і выступалі з імі на сцэне. Разам яны змаглі паказаць, што ў звычайных вучэбных групах вучацца вельмі дружныя, таленавітыя, ініцыятыўныя студэнты, здольныя на вялікія камандныя справы.
Арганізатарамі конкурсу на лепшую вучэбную групу выступілі ўпраўленне выхаваўчай работы з моладдзю Цэнтра ідэалагічнай і выхаваўчай работы і савет стараст БНТУ. Яны змаглі не толькі выдатна арганізаваць конкурс, але і прыцягнулі шмат спонсараў, што значна пашырыла колькасць намінацый і падарункаў для ўдзельнікаў.
Па выніковай суме балаў, набраных у ходзе ўсіх конкурсных этапаў, трэцяе месца заваявала група першакурснікаў факультэта інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі, другое — група ваенна-тэхнічнага факультэта (4 курс) і першае месца — група энергетычнага факультэта (4 курс). Дарэчы, сярэдняя паспяховасць сярод будучых энергетыкаў — 8,8 бала!
Падтрымаць сваіх студэнтаў прыйшлі ўсе куратары і дэканы большасці факультэтаў. Дэкан энергетычнага факультэта К.В.Дабрэга не хаваў радасці ад перамогі сваёй групы.
— Я заўсёды кажу студэнтам, што ёсць тры апоры: прафесіяналізм, патрыятызм і перфекцыянізм, — заўважыў Кірыл Віктаравіч. — І я рад, што яны прынялі гэтыя прынцыпы.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.