Прафесіяналізм перадусім

- 11:12Віцебшчына

У Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа багатая гісторыя рэарганізацый і пераўтварэнняў. Калі гаварыць пра найноўшы час, то ў 2014 годзе да яго быў далучаны Віцебскі дзяржаўны прафесійны ліцэй № 2 будаўнікоў, а ў 2016 годзе — Віцебскі дзяржаўны станкаінструментальны каледж. Сёння гэта адна з найбольш буйных і паспяховых устаноў прафесійнай адукацыі не толькі ў рэгіёне, але і ў краіне.

Якасць забяспечваюць прафесіяналы

Каледж вядзе падрыхтоўку кадраў па 21 прафесіі і спецыяльнасці. На трох аддзяленнях адукацыю атрымліваюць больш як 1,5 тысячы навучэнцаў.

Традыцыйна моцным з’яўляецца архітэктурна-будаўнічы напрамак падрыхтоўкі кадраў (дарэчы, да 2016 года каледж называўся індустрыяльна-будаўнічым). Тут рыхтуюць кадры па такіх запатрабаваных спецыяльнасцях, як “Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва” (па напрамках), “Будаўніцтва дарог і транспартных аб’ектаў”, “Вытворчасць будаўнічых вырабаў і канструкцый”, “Архітэктура”.

На сценах каледжа размешчаны лепшыя дыпломныя праекты выпускнікоў спецыяльнасці “Архітэктура” — гэта адначасова і аздабленне прасторы, і дэманстрацыя высокага ўзроўню падрыхтоўкі тэхнікаў-архітэктараў. Нам патлумачылі, што навучэнцы праектуюць рэальныя аб’екты для канкрэтных гарадоў, улічваючы кліматычныя ўмовы і дзейсныя нормы будаўніцтва. Сярод іх — спартыўна-відовішчныя комплексы, жылыя энергаэфектыўныя комплексы, аэравакзал, акіянарыум і нават радзільны дом. Выпускнікі пастараліся прадставіць сучасную, прыгожую і функцыянальную архітэктуру. Зрэшты, ёсць праекты рэканструкцыі і гістарычных будынкаў, забудоў.

— На спецыяльнасць “Архітэктура” да нас паступае моладзь з розных куткоў краіны, — расказвае дырэктар каледжа Аляксандр Міхайлавіч Ласякін. — Вучацца студэнты з Мінска, Брэста, Гродна, Гомеля і іншых гарадоў і вёсак. Сярод іх шмат таленавітых дзяцей. Мы не сумняваемся, што праз 15—20 гадоў пра іх будуць ведаць і ў краіне, і ў свеце.

На тэхніка-тэхналагічным аддзяленні вядзецца навучанне па 7 спецыяльнасцях. Сярод іх такія папулярныя ў моладзі, як “Вылічальныя машыны, сістэмы і сеткі”, “Электроніка механічных транспартных сродкаў”, “Аўтасэрвіс”, “Тэхналогія машынабудавання”, “Тэхналагічнае абсталяванне машынабудаўнічай вытворчасці”, “Тэхнічнае абслугоўванне тэхналагічнага абсталявання і сродкаў робататэхнікі ў аўтаматызаванай вытворчасці”, “Арганізацыя перавозак і кіраванне на аўтамабільным і гарадскім транспарце”.

Спецыяльнасці сучасныя, складаныя, але выпускнікі атрымліваюць такую падрыхтоўку, якая дазваляе ім адразу пасля заканчэння вучобы прыступіць да работы і будаваць далейшую кар’еру. Высокую якасць падрыхтоўкі забяспечваюць развітая матэрыяльна-тэхнічная база, моцны кадравы патэнцыял і цесныя ўзаемасувязі з прадпрыемствамі — заказчыкамі кадраў.

І трэцяе аддзяленне каледжа — прафесійна-тэхнічнае. Тут навучэнцы атрымліваюць запатрабаваныя рабочыя прафесіі на аснове базавай і агульнай сярэдняй адукацыі.

Пра высокі ўзровень падрыхтоўкі ў каледжы сведчыць той факт, што навучэнцы і майстры вытворчага навучання з’яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі конкурсаў прафесійнага майстэрства абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню. Сёлета ў III Рэспубліканскім конкурсе WorldSkills Belarus — 2018 навучэнцы каледжа спаборнічалі ў пяці кампетэнцыях: “Геадэзія”, “Цагляная кладка”, “Малярныя і дэкаратыўныя работы”, “Абліцоўванне пліткай”, “Сухое будаўніцтва і тынкоўка”. Трое з іх заваявалі прызавыя месцы.

— Хіба мы маглі б выступаць на рэспубліканскім і міжнародным узроўні, калі б не мелі сучаснага інструментарыю і абсталявання ў неабходнай колькасці, калі б у нас не было выдатных майстроў? — рытарычна пытае дырэктар і працягвае экскурсію па каледжы.

Дарэчы

Для віцебскіх школьнікаў каледж рэгулярна арганізоўвае прафесійныя суботы. Хлопцы і дзяўчаты могуць наведаць вытворчыя майстэрні і асабіста “прадэгуставаць” розныя прафесіі.

Гаспадарка вялікая. Ва ўстанове 2 вучэбныя корпусы, 2 інтэрнаты, 2 актавыя і 2 спартыўныя залы, 52 вучэбныя кабінеты, 14 лабараторый і 3 корпусы вучэбна-вытворчых майстэрань. І ўсё абсталявана найлепшым чынам.

Мы наведваем розныя майстэрні (мулярных і аздабленчых работ, тынковачную майстэрню, майстэрню па рамонце аўтамабіляў, іншыя) і адзначаем вельмі высокую культуру працы, незвычайную чысціню. Куды б мы ні зайшлі, нас сустракалі ўсмешлівыя майстры ў акуратных камбінезонах і чыстых спяцоўках. І было бачна, што гэта звычайная рабочая абстаноўка.

— Тут ёсць моцны выхаваўчы момант, — заўважае Аляксандр Міхайлавіч. — Дзеці, працуючы побач з такімі майстрамі, пераймаюць у іх адносіны да работы, вучацца паважаць сваю справу і сябе.

Трэба сказаць, што ў Аляксандра Ласякіна сапраўдны талент прыцягваць да сябе ў каледж лепшыя кадры. Тут працуюць выдатныя настаўнікі агульнаадукацыйных прадметаў, выхавальнікі, педагогі дадатковай адукацыі. Майстры вытворчага навучання — гэта пераважна маладыя мужчыны, якія пэўны час працавалі на вытворчасці, а зараз прыйшлі перадаць свае веды дзецям. Яны ўмелыя, вопытныя і разумеюць, як навучыць. Задача Аляксандра Міхайлавіча — стварыць ім такія ўмовы, каб яны не сышлі назад. А гэта нармальная зарплата, цёплая, чыстая, добра абсталяваная майстэрня і магчымасць прафесійнага росту. Дырэктар вельмі клапоціцца пра павышэнне кваліфікацыі работнікаў каледжа: за 2 апошнія гады перападрыхтоўку з атрыманнем педагагічнай адукацыі прайшлі 35 чалавек.

Летась даходы каледжа ад пазабюджэтнай дзейнасці склалі больш як 500 тысяч рублёў. Асноўны прыбытак даюць адукацыйныя паслугі: ва ўстанове вядзецца прафесійная падрыхтоўка, перападрыхтоўка, павышэнне кваліфікацыі дарослых. Акрамя таго, высокім попытам карыстаецца прадукцыя, вырабленая ў каледжы, у прыватнасці, сталярныя вырабы, у тым ліку мэбля, вырабы з металу.

Майстэрня па рамонце аўтамабіляў пакрысе ператвараецца ў сапраўдную станцыю тэхабслугоўвання. Хутка тут з’явіцца і шынамантаж, і развал-сыходжанне — таксама будзе ўклад у пазабюджэт каледжа.

Зараз у каледжы абсталёўваецца новая зварачная майстэрня. Сваімі сіламі зрабілі тут рамонт, набылі сучасныя зварачныя апараты. Пасля завяршэння мантажу гэта будзе адна з самых загружаных майстэрань (прафесія зваршчыка запатрабавана як сярод навучэнцаў, так і на ўзроўні прафесійнай падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі дарослых). Адзінае, пра што шкадуе дырэктар, — не паспелі падрыхтаваць зваршчыкаў да конкурсу WorldSkills.

— Спадзяёмся, праз два гады мы падрыхтуем пераможцаў, — гаворыць Аляксандр Міхайлавіч. — А ўвогуле, замахнуліся выходзіць на 12 кампетэнцый. База ёсць, кадры ёсць — трэба працаваць.

Хочаш быць паспяховым у прафесіі — займайся спортам

Расказваючы пра Віцебскі дзяржаўны тэхнічны каледж, немагчыма абмінуць спорт, якому тут удзяляецца асаблівая ўвага. Па-першае, кожны навучэнец ведае, што быць спартыўным і здаровым модна. А па-другое, спорт фарміруе ў людзях такія якасці, як камунікабельнасць, таварыскасць, самастойнасць у прыняцці рашэнняў, адказнасць перад калектывам і ўсім грамадствам. Такім чынам, хочаш быць паспяховым — займайся спортам!

Спартыўныя дасягненні вучняў з’яўляюцца прадметам гордасці каледжа. Таму спортам тут займаюцца ўсе: і навучэнцы, і выкладчыкі. Вучэбна-трэніровачныя заняткі праходзяць па футболе, баскетболе, валейболе, лёгкай атлетыцы, мнагаборстве, боксе і лыжных гонках. Па гэтых відах спорту зборныя каманды каледжа прымаюць уд зел у гарадскіх, абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах. На працягу двух гадоў зборныя па міні-футболе і баскетболе лідзіруюць у рэспубліканскай спартакіядзе сярод устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі. І нават у той дзень, калі мы былі ў каледжы, прыйшла добрая навіна: зборная каманда каледжа выйграла гарадскія спаборніцтвы па летнім мнагаборстве.

Віцебскі дзяржаўны тэхнічны каледж ужо на працягу трох гадоў займае першае месца ў гарадской і абласной спартакіядах сярод устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Але галоўныя перамогі навучэнцаў, напэўна, яшчэ наперадзе. Зараз у каледжы вядзецца рамонт яшчэ адной спартзалы, дзе, акрамя ўсяго, размесцяцца секцыі па боксе і скаладром, будуць праводзіцца спаборніцтвы па баскетболе і міні-футболе.

Аляксандр Ласякін плануе завяршыць усе рамонтныя работы да восені. У далейшых планах — новы басейн і стадыён.

Знайсці сваю песню

А яшчэ нам пашчасціла трапіць на канцэрт, які давалі ўдзельнікі мастацкіх калектываў каледжа. Нездарма гэта Віцебск — радзіма знакамітага песеннага фестывалю. Спевакі і танцоры прадэманстравалі высокае майстэрства выканання і несумненны густ. А між тым многія дзеці пачынаюць займацца творчасцю менавіта ў каледжы, тут раскрываюцца іх таленты.

У каледжы дзейнічае маладзёжна-культурны цэнтр, пры якім працуе вакальная студыя “Аблокі”. Хлопцы і дзяўчаты могуць паспрабаваць сябе сольна, у дуэце і музычнай групе, спяваць народныя або эстрадныя песні. Акрамя таго, навучэнцы ахвотна ідуць у шоу-балет “Экспрэсія”, дзе займаюцца фальклорна-этнаграфічнай, харэаграфічнай і сацыякультурнай творчасцю (масавы танец). Іншымі словамі, кожны можа выбраць сабе занятак па душы.

Гледзячы на гэтых яркіх, актыўных, таленавітых хлопцаў і дзяўчат, разумееш, наколькі важна знайсці сябе. Знайсці прафесію, якую палюбіш (а калі любіш — дакладна ўсё атрымаецца). Знайсці майстра, які навучыць. Знайсці захапленне, якое дасць сілы на ўсё астатняе. І выдатна, калі ўсё гэта ёсць у адной установе адукацыі!

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Ігара ГРЭЧКІ.