Прафесіяналізм высокага кшталту

- 12:22Людзі адукацыі

Таленавіты настаўнік, нястомны прапагандыст педагагічных ведаў, перадавога вопыту і лепшых дасягненняў навукі, генератар новых творчых ідэй, надзейны памочнік устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і ўстаноў дадатковай адукацыі дарослых у навучанні і выхаванні дзяцей і моладзі. Гэта штрыхі да прафесійнага партрэта Анатоля Аляксандравіча Глінскага, загадчыка лабараторыі праблем выхавання асобы навукова-даследчага цэнтра Нацыянальнага інстытута адукацыі.

Яго працоўная дзейнасць з’яўляецца яркім прыкладам таго, як чалавек усё сваё жыццё творча развіваўся і ўзнімаўся да вяршынь педагагічнага алімпу. Пасля заканчэння Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Н.К.Крупскай пачалася прафесійная біяграфія Анатоля Аляксандравіча, вехі якой вельмі разнастайныя. Ён працаваў настаўнікам, арганізатарам пазакласнай і пазашкольнай работы, намеснікам дырэктара школы, дырэктарам, інспектарам Рэспубліканскай дзяржаўнай інспекцыі сістэмы адукацыі краіны, дэканам факультэта кіруючых работнікаў і спецыялістаў адукацыі вышэйшага звяна Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, прарэктарам Мінскага дзяржаўнага інстытута развіцця адукацыі. У 2007 годзе Анатоль Аляксандравіч абараніў кандыдацкую дысертацыю па спецыяльнасці “Агульная педагогіка, гісторыя педагогікі і адукацыі”.

А.А.Глінскі — адзін з самых вядомых і аўтарытэтных у краіне вучоных-педагогаў. Ён займаецца праблемамі дзейнасці кіраўнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, кіравання метадычнай работай, удасканалення прафесійна-педагагічнай культуры настаўніка, выхавання вучняў ва ўмовах сучасных цывілізацыйных выклікаў, фарміравання ў школьнікаў гуманістычных каштоўнасцей у кантэксце ідэалогіі беларускай дзяржаўнасці. Анатоль Аляксандравіч — аўтар больш як 150 навукова-метадычных работ, 9 вучэбных дапаможнікаў (6 з іх — у суаўтарстве), якія карыстаюцца папулярнасцю сярод педагагічных работнікаў краіны. Усё гэта сведчыць аб яго багатай дзейнай натуры, шматбаковых навуковых інтарэсах і запатрабаваннях і ў той жа час аб галоўным захапленні ў жыцці — захапленні педагогікай.

Кожная лекцыя, кожнае выступленне на канферэнцыі, кожны яго артыкул — гэта заўсёды падзея, якая надоўга запамінаецца арыгінальнасцю і глыбінёй думак, адкрытым палілогам з аўдыторыяй, дыялагічнасцю зносін, эмацыянальнасцю і вобразнасцю. Гэта заўсёды самыя актуальныя ў педагогіцы праблемы, інавацыйныя метады даследавання, якія дазваляюць педагогам дакладна акрэсліць свае прафесійныя арыенціры.

Дасягнуўшы высокага ўзроўню прафесійнай кампетэнтнасці, А.А.Глінскі здзяйсняе навуковае кіраўніцтва работай аспірантаў, праводзіць рэспубліканскія семінары па пытаннях кіраўніцкай дзейнасці, супрацоўнічае з часопісамі “Народная асвета”, “Пачатковае навучанне: сям’я, дзіцячы сад, школа”, “Веснік адукацыі”, дзе з’яўляецца членам рэдакцыйных калегій. Яго слушныя парады, наватарскія ідэі дапамагаюць педагагічнай грамадскасці Беларусі арыентавацца ў сучасных пытаннях развіцця адукацыйнай навукі і практыкі. Акрамя таго, Анатоль Аляксандравіч з’яўляецца членам Нацыянальнай камісіі па правах дзіцяці, каардынацыйнага савета “Горад, дружалюбны да дзяцей і падлеткаў” пры Міністэрстве адукацыі.

Багаты выкладчыцкі вопыт, бліскучае веданне педагагічнай навукі, метадычнае майстэрства, шырокая эрудыцыя робяць А.А.Глінскага прафесіяналам высокага кшталту з вялікім творчым патэнцыялам і сучасным навуковым светапоглядам. За шматгадовую плённую працу, высокія дасягненні ў прафесійнай дзейнасці А.А.Глінскі ўзнагароджаны граматай і Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі.

Прафесійны партрэт Анатоля Аляксандравіча быў бы няпоўным, калі б мы не адзначылі яго высакародныя асобасныя якасці. Інтэлігентны і абаяльны чалавек, тактоўны і добразычлівы дарадца, добры сябар і шчыры суразмоўнік з тонкім пачуццём гумару, ён карыстаецца вялікім аўтарытэтам сярод калег і сяброў. Гэта чалавек, які натхняе на стваральную працу, дорыць шчырасць нефармальных зносін. У яго ёсць мэта, унутраная дысцыпліна і патрабавальнасць да сябе, імкненне да новых ведаў. З ім лёгка сябраваць, з ім хочацца раіцца, у яго хочацца вучыцца. Ён валодае дарам любіць людзей, умець іх слухаць і разумець, заўсёды своечасова прыходзіць на дапамогу, суперажываць і шчыра радавацца поспехам іншых.

Праца займае большую частку жыцця Анатоля Аляксандравіча Глінскага і з’яўляецца асноўным яго захапленнем. Але гэта не перашкаджае яму захапляцца паэзіяй, сучаснай інструментальнай музыкай, савецкімі кінастужкамі, прыгажосцю прыроды. Глінскі з задавальненнем піша паэтычныя віншаванні і сяброўскія эпіграмы.
“Калі хочаш дасягнуць пастаўленай мэты, то толькі аднаго жадання мала, — лічыць А.А.Глінскі. — Трэба пастаянна працаваць, знаходзіцца ў няспынным пошуку, быць псіхалагічна ўстойлівым і фізічна здаровым. Прафесіяналізм — гэта не выпадковая ўдача, не шчаслівая знаходка, а вынік сістэматычнай і карпатлівай працы”. А калі ёсць задавальненне ад здзейсненага і вялікая адказнасць за сваю справу — гэта моцны стымул для далейшых дасягненняў.

Святлана МАЗУРЫНА.