Для прадухілення спажывання наркотыкаў патрэбна дбайная прафілактычная работа з моладдзю. Калектыў сярэдняй школы № 1 імя М.І.Пашкоўскага Бялыніч перакананы, што менавіта ва ўстанове адукацыі магчыма найлепшым чынам арганізаваць прафілактыку шкодных звычак сярод падлеткаў.
У гэтай школе выбудавалі сваю сістэму работы па прафілактыцы дзіцячай наркаманіі. Уся прафілактычная дзейнасць тут заснавана на цесным узаемадзеянні ўсіх зацікаўленых у праблеме.
— Большую частку свайго часу падлеткі праводзяць у школе. Таму навучальная ўстанова павінна быць цэнтрам прафілактыкі шкодных звычак сярод непаўналетніх. Выніковасць прафілактычных мер шмат у чым залежыць ад таго, наколькі дакладна разлічаны мерапрыемствы на ўзроставыя асаблівасці дзяцей. Не менш важна і ўменне паднесці неабходную інфармацыю ў патрэбнай форме. Толькі так магчыма прадухіліць практычнае знаёмства падлеткаў з наркотыкамі, — расказала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Ларыса Фіялкоўская.
Прафілактычная работа ў школе будуецца па розных кірунках, што дазваляе падысці да праблемы комплексна. Далучаны ўвесь калектыў: адміністрацыя, настаўнікі-прадметнікі, класныя кіраўнікі, псіхолагі, сацыяльныя педагогі, супрацоўнікі бібліятэкі.
— Задача кожнага — выхаваць маладое пакаленне ў духу непрымання наркотыкаў, уключыць падлеткаў у арганізаваную барацьбу супраць алкагалізму, наркаманіі, таксікаманіі і курэння, развіць глыбокае разуменне небяспекі шкодных звычак для здароўя і сацыялізацыі, — адзначыла Ларыса Мікалаеўна.
Каб максімальна інфарматыўна данесці да навучэнцаў звесткі пра шкоду ўжывання наркотыкаў, праводзяцца разнастайныя мерапрыемствы. Рэгулярныя тэматычныя тыдні, творчыя конкурсы, гутаркі з дактарамі-нарколагамі, сустрэчы з работнікамі наркакантролю, класныя гадзіны, лекцыі, дыскусіі, спартыўныя спаборніцтвы, ролевыя гульні, тэатралізаваныя паказы, “суды” над наркотыкамі станоўча ўплываюць на фарміраванне ў дзяцей правільных жыццёвых мэт і каштоўнасцей.
— Выніковасць прыносіць таксама ўзаемадзеянне з бацькамі навучэнцаў. Уплыў сям’і нельга пераацаніць. Прафілактыка наркаманіі з дапамогай бацькоў мае вырашальнае значэнне ў фарміраванні светапогляду падлетка і яго адносін да наркотыкаў, — падкрэсліла Ларыса Фіялкоўская.
Для бацькоўскай аўдыторыі ў школе перыядычна ладзяцца гутаркі і лекцыі, кансультацыі па праблемах развіцця дзяцей ад псіхолага і сацыяльнага педагога. Асабліва пільна курыруюцца канфліктныя сем’і, у якіх дзеці знаходзяцца ў групе рызыкі.
— Актыўна прыцягваем да сістэмы прафілактычнай работы і іншыя зацікаўленыя службы. Сустрэчы арганізоўваюць спецыялісты ўстаноў аховы здароўя, правапарадку, іншых ведамстваў. Усё гэта прыносіць адпаведны вынік, — запэўніла Ларыса Мікалаеўна.
Эфект ад старанна спланаванай прафілактыкі ёсць. На працягу апошніх дзесяцігоддзяў сярод навучэнцаў школы няма тых, хто б ужываў або распаўсюджваў наркотыкі. Па такім шляху захавання фізічнага, псіхалагічнага і сацыяльнага здароўя падрастаючага пакалення мясцовы педагагічны калектыў намераны рухацца і далей.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.