“Прафнавігатар Навагрудчыны”

Менавіта так вырашылі назваць кругласутачны аздараўленчы лагер у Навагрудскай спецшколе-інтэрнаце, дзе кожны год праходзяць аздараўленне 40 выхаванцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

2018-ы — Год малой радзімы. З гэтай нагоды ўзнікла ідэя стварыць праект, які б дазволіў аб’яднаць прафарыентацыйны і краязнаўчы кірункі дзейнасці выхаванцаў.

Гульня “Прафнавігатар Навагрудчыны” дазволіла здзейсніць падарожжа ў цудоўны свет прафесій малой радзімы. На працягу лагернай змены працавалі тры прафесійныя аддзелы: аддзел карэспандэнтаў, аддзел даследчыкаў і аддзел мультыплікатараў.

Кіраваў аддзеламі “Прафнавігатара Навагрудчыны” прафцэнтр.

Супрацоўнікамі аддзела мультыплікатараў былі самыя маленькія выхаванцы лагера, якія аб прафесіях і рамёствах малой радзімы даведваліся з мультфільмаў і казак. Конкурсная праграма “Казачны свет прафесій” дазволіла кожнаму дзіцяці раскрыць свае творчыя здольнасці.

Супрацоўнікі аддзела даследчыкаў (выхаванцы 11—13 гадоў) сустракаліся з прадстаўнікамі розных прафесій, звярталіся да архіўных звестак, распрацавалі і правялі прэзентацыю “Рэйтынг прафесій Навагрудчыны”.

Аддзелу карэспандэнтаў прадставілася магчымасць пабыць у ролі журналістаў, рэпарцёраў, дыктараў. На працягу лагернай змены супрацоўнікі аддзела вялі праграму “Праф ТВ. Навагрудак”.

Кожны дзень у лагеры быў прысвечаны пэўнай прафесіі, аднак самы памятны — дзень вандроўніка. Экскурсія ў Мінск запомнілася ўсім. Супрацоўнікі “Прафнавігатара Навагрудчыны” пабывалі ў Тэатры юнага гледача, наведалі мемарыяльны комплекс “Хатынь”, а вечарам свае дзверы адчыніў для нас Дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр.

С.ЗАЙКО,
дырэктар аздараўленчага лагера “Прафнавігатар Навагрудчыны”.