Беларускі прафесійны саюз работнікаў адукацыі і навукі і Міністэрства адукацыі — даўнія партнёры. Іх сумесная дзейнасць нацэлена на падтрымку педагогаў.
Пра агульныя мэты ў сваім прывітальным слове ўдзельнікам рэспубліканскага конкурсу “Прафсаюзны лідар” Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі гаварыў міністр адукацыі Андрэй Іванец. Ён падкрэсліў, што ў сістэме адукацыі працуе шмат актыўных і ініцыятыўных педагогаў. І многім з іх раскрыць свой лідарскі патэнцыял дапамагае менавіта прафсаюз.
“Паспяховы чалавек паспяховы ва ўсім, таму калі настаўнік дэманструе высокі прафесіяналізм у сваёй асноўнай дзейнасці, то з’яўляецца такім жа прафесіяналам і ў грамадскай рабоце. Фіналісты сённяшняга конкурсу гэта яшчэ раз пацвярджаюць”, — заўважыў міністр.
Конкурс “Прафсаюзны лідар” праходзіў на базе Рэспубліканскага палаца культуры прафсаюзаў і сабраў удзельнікаў з групамі падтрымкі з усёй краіны. Акрамя таго, на сцэну запрашаліся фіналісты фестывалю працоўных талентаў работнікаў адукацыйнай галіны “Новыя імёны”.
Былі прадстаўлены 27 творчых нумароў, якія сталі лепшымі на адборачных этапах у наступных намінацыях: “Вакал”, “Інструментальная музыка”, “Харэаграфія”, “Арыгінальны жанр”. Усе ўдзельнікі — таленавітыя і творчыя педагогі і выхавальнікі, старшыні пярвічных прафсаюзных арганізацый і прафсаюзныя актывісты.
У холе палаца працавала выстава работ дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, дзе, напрыклад, можна было палюбавацца карцінай-вышыванкай ці арыгінальнымі вырабамі з дрэва. Як адзначыла старшыня Цэнтральнага камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Таццяна Якубовіч, праведзенае ўрачыстае мерапрыемства было прымеркавана да Года гістарычнай памяці і 100-годдзя прафсаюза адукацыйнай галіны.
Пераможцамі рэспубліканскага конкурсу “Прафсаюзны лідар” Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі сталі:
✓старшыня Жодзінскай гарадской арганізацыі галіновага прафсаюза Алена Ахрамовіч;
✓старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Светлагорскага індустрыяльнага каледжа Кацярына Жыгунова;
✓старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі сярэдняй школы № 109 Мінска Інеса Сямёнава;
✓намеснік старшыні пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксандра Лукашык.
У фінале спаборнічалі 11 прафсаюзных лідараў з усіх рэгіёнаў Беларусі ў чатырох намінацыях:
“Лідар пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ўстановы дашкольнай, агульнай сярэдняй, дадатковай адукацыі”;
“Лідар пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі навучэнцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай адукацыі, цэхавай прафсаюзнай арганізацыі”;
“Лідар пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў устаноў прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай адукацыі, прафсаюзнай арганізацыі работнікаў НАН Беларусі”;
“Лідар раённай (гарадской) арганізацыі галіновага прафсаюза”.
Для перамогі канкурсантам трэба было гучна заявіць пра сябе падчас самапрэзентацыі, праявіць кемлівасць у бліцапытанні і паказаць яркі фрагмент прафсаюзнага ўрока. Трэба адзначыць, што ўрокі атрымаліся вельмі разнастайныя, але кожнаму ўдалося паказаць сваю кампетэнтнасць і ўменне знаходзіць кантакт з аўдыторыяй.
“Сёння было даволі складана выбіраць лепшых, бо ўсе фіналісты былі яркімі і крэатыўнымі, сапраўднымі лідарамі. Усе добра падрыхтаваліся”, — адзначыла старшыня журы намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Лілія Кір’як.
Старшыня Цэнтральнага камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Таццяна Якубовіч павіншавала фіналістаў і пераможцаў і падзякавала за высокі ўзровень падрыхтоўкі і адданасць прафсаюзнаму руху.
Вольга ДУБОЎСКАЯ.