Прафсаюзы прапануюць распрацаваць дарожныя карты развіцця па кожным раёне

Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі лічыць важным стварыць індывідуальныя дарожныя карты па развіцці кожнага раёна Беларусі як на найбліжэйшую, так і доўгатэрміновую перспектыву. Пра гэта заявіў у Гарадку Віцебскай вобласці старшыня ФПБ Міхаіл Орда.

“Мы лічым, што трэба прапісаць дарожную карту кожнаму раёну на найбліжэйшую і доўгатэрміновую перспектыву. Гэта неабходна, каб дакладна разумець, што будзе пабудавана ў раёне і горадзе праз два або тры гады, што рэгіён павінен зарабіць сам, якія прыцягнуць інвестыцыі, а якія субвенцыі павінны выдзеліць з абласнога або рэспубліканскага бюджэту”, — адзначыў Міхаіл Орда. Толькі так, на яго думку, рэгіёны змогуць працаваць на апярэджанне. У хутказменлівых умовах неабходна, грунтуючыся на тэрытарыяльных кропках росту, ужо сёння развіваць тое, што будзе запатрабавана заўтра.

Таксама Міхаіл Орда выказаў занепакоенасць нізкім узроўнем зарплат у асобных раёнах. “На Нацыянальным савеце па працоўных і сацыяльных пытаннях мы абмяркоўвалі гэта і накіравалі пісьмы губернатарам абласцей, у якіх знаходзяцца такія рэгіёны, каб звярнулі на іх асаблівую ўвагу”, — сказаў старшыня ФПБ.

Што тычыцца непасрэднай дзейнасці прафсаюзаў, ён адзначыў, што за першае паўгоддзе бягучага года ў судовых інстанцыях разгледжана на карысць работніка 58 спраў, у якіх інтарэсы працаўнікоў прадстаўлялі прафсаюзныя юрысты. Пры непасрэдным удзеле прафсаюзаў адноўлена на рабоце 40 незаконна звольненых чалавек, а таксама вернута нявыплачаных або незаконна ўтрыманых грошай больш як на Br2 млн.

На Гарадоцкай ПМК-51 прайшоў прыём грамадзян у адпаведнасці з падпісаным амаль год назад паміж ФПБ і Генеральнай пракуратурай пагадненнем аб узаемадзеянні ў сферы абароны канстытуцыйных правоў і гарантый работнікаў. Прыём правялі старшыня ФПБ Міхаіл Орда і генпракурор Аляксандр Канюк. “Пытанні былі розныя, некаторыя звязаны з крымінальнымі справамі — трэба будзе правесці дадатковую праверку. Акрамя таго, я на месцы вывучыў больш падрабязна сітуацыю з мясцовай ПМК-51, якую збіраліся ліквідаваць. Цяпер яна працуе, хоць не без праблем. Паспрабую дапамагчы прадпрыемству іх вырашыць”, — растлумачыў Аляксандр Канюк. Ён таксама дадаў, што Федэрацыя прафсаюзаў і Генпракуратура дамовіліся ў верасні правесці круглы стол і ацаніць вынікі гадавога супрацоўніцтва.