Ці ведаеце вы, што праз ткацкае рамяство нашы продкі вучыліся бачыць і ствараць гармонію і прыгажосць, развівалі пачуццё рытму, спасцігалі высокія законы, па якіх уладкаваны Сусвет? І пры гэтым назапашвалі веды… па праграмаванні, вывучалі ды ўдасканальвалі мову сімвалаў і кодаў для шыфравання інфармацыі. Пра тое і не толькі карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” пагутарыў з Настассяй Каўтуновай — ткачыхай і настаўніцай з Веткаўшчыны.
Узоры на палатне
…Як цяпер бачу: небам асветленая, шыкоўная бяроза пры школе за акном, і спявае недзе мясцовы певень — якраз у той момант, калі дырэктар школы Сяргей Герасіменка, яго жонка Ксенія, выхавальніца дзіцячага сада, вітаюць мяне з ярка-чырвонымі ручнікамі. Васіль Самкоў, старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, расказаў пра чорныя квадраты на ручніках як сімвалы зямлі-матухны і пра тое, што зашыфраванае ва ўзоры-коды пасланне на адным з іх — пажаданне дабрабыту ў хату. А раней, як ехалі ў Неглюбку праз светлыя бярозавыя гаі, прафлідар школы Кацярына Жураўлёва за рулём свайго аўто з павагай казала пра Каўтунову: “Настасся Рыгораўна была ў нас класным кіраўніком і вяла заняткі па працоўным навучанні для дзяўчынак, у тым ліку і па ткацтве. Тады быў гурток “Юныя ткачыхі”, і я на тыя заняткі хадзіла”. Кацярына Уладзіміраўна выкладае нямецкую мову, класны кіраўнік у 10 класе. Пра тое, як упэўнена, з аптымізмам яна тчэ палатно свайго лёсу, раскажам іншым разам.
Уток і аснова… Уявім сабе: неглюбская традыцыя ёсць моцная аснова — нібы працягнутыя ў школьных кроснах белыя ніткі-струны. І па ёй на ўроках кладзецца ўток — ніткі папярочныя, розных колераў, што ўточваюцца ў традыцыю з рук юных ткачых, з іх чаўначкоў. Дзякуючы іх жывому старанню, праяўляюцца ўзоры на палатне. А каб тварыўся гэты цуд, з 1988 года “спанараджае кросны”, арганізуе ўвесь творчы працэс пры іх Настасся Рыгораўна. “Яна не проста настаўніца, — заўважае Васіль Самкоў. — Доўгі час чытала метадычныя лекцыі па ткацтве для калег, якія павышалі кваліфікацыю ў Гомельскім абласным інстытуце развіцця адукацыі. Мае багата вучняў. Я неяк пад Мінскам на семінары сустрэў вучаніцу Настассі Рыгораўны, яна вучыць дзяцей ткацтву і аздабленню ручнікоў. Майстрыха мне сказала: “Я шыю па-каўтуноўску”. Вучні з Неглюбкі бадай штогод займаюць прызавыя месцы на выставе-конкурсе “Калядная зорка” на рэспубліканскім узроўні. І сама Каўтунова паспяхова ўдзельнічала ў фестывалях па прафлініі — у намінацыі “Народная творчасць”, ладзіла асабістыя выставы ў Гомелі, Мінску. Неяк мне сказалі жартам: “Ты ж ручнікі ўжо не вязі, Васілевіч, бо лідар адразу вядомы”. Калі гаварыць пра Настассю Рыгораўну коратка, то гэта настаўнік-асоба”.
Заходзім у яе ўладанні. Вялікі стол — у цэнтры пакоя, чацвёра кроснаў — пры сценах, тканыя вырабы ўпрыгожваюць клас. “Вось тут праходзяць як урокі ткацтва, так і ўвогуле працоўнага навучання”, — гаворыць Настасся Рыгораўна.
Майстэрства ў спадчыну
Ткацкае майстэрства яна пераняла ў спадчыну ад бабулі Кацярыны Паўлаўны Дзеранок і матулі Марыі Ягораўны Кавалёвай: “Звычайна ў вёсках ткалі зімой, бо летам шмат іншай працы. А ў нас увесь час, круглы год стаялі кросны ў старой хаце, а ў новай, на тым жа двары, мы жылі. Так што нібы цэх ткацкі, ці майстэрня — заўсёды пад рукой. Гэта вельмі важны момант для таго, каб займацца ткацтвам. Як мастаку патрэбна майстэрня, так і ткачысе альбо ткачу — кросны. Калі дождж летам на пару дзён ці якая вольная хвіліна — можна было там працаваць. Бабуля займалася больш клубкамі-ніткамі. Так і было ў народзе: старыя і малыя рабілі пры кроснах пасільную працу. Парады бабулі заўсёды карысныя былі, а для мяне прыклад старэйшых — добрая навука: увесь час я была пры кроснах, колькі сябе памятаю. Ці то ніткі маталі з бабуляй, ці то нейкія старыя вырабы разблытвалі-распускалі, бо нітак асабліва шмат не было”.
Прасці лён і воўну на самапрадцы з колам дзяўчынку навучылі старэйшыя: каб нітачка тонкая-роўная клалася на верацяно. Але з часам навык яна згубіла. “Дзе цяпер возьмеш лён ці воўну? — гаворыць майстрыха. — Куплёныя ніткі ў нас. Для асновы — вось яны доўгія ў кроснах — бяром звычайныя са шпулек… Праўда, бёрды, калі з металічнымі трасцінамі (а ў нас ёсць і з драўлянымі), нітку асновы могуць пераціраць. Ну, неяк прыладжваемся”.
Тонкасцей справы — не пералічыць! Што ў выхаванні дзетак, што ў ткацкай справе, разважаем, важна дзейнічаць не бяздумна, а праз розум і сэрца ўсё прапускаць. Тады не прыйдзецца выпраўляць памылкі: як у тканых узорах, так і ў дзіцячым розуме-душы.
Усе падрыхтоўчыя этапы Настасся Рыгораўна з маці і бабуляй асвоіла: аснову снаваць, і правільна “пакласці чыны”… У мове ад тых часоў, відаць, застаўся выраз “чын чынам”. Дарэчы, як удакладняе майстрыха, гэта ўсё вясковыя жанчыны раней умелі рабіць, а мы пра такое не чуем, не ведаем… Ёй з часам і зняцце асновы са слупоў-стаякоў давяралі, пляценне ў касу. Мне тое зразумела, бо я заспеў час, калі мама прала кудзелю, потым аснову снавала (чамаданам шпулькі моцных нітак з Ленінграда вазіў), фарбавала тую касу: скручвала кольцамі ў вялікі чыгун, залівала вадой з фарбавальнікамі — ды ў печ. І кросны памятаю ў старой Юзікавай хаце ў Старой Яцкаўшчыне, там жанчыны ткалі ўзімку прыгожыя хаднікі на падлогу, коўдры, посцілкі.
Вучылі раней дзяўчынак ткаць на простых рэчах: пасцілкі (так на Веткаўшчыне кажуць), сурвэткі. Сукалі ніткі на цэўкі, потым у чаўнок запраўлялі — розных колераў. Больш складаную, так званую закладную тэхніку малым давалі паспрабаваць. Настасся Рыгораўна прыгадвае: “Мама за кроснамі, а я збоку спрабавала закладваць. То мама ўсё падхвальвала: “Як у цябе атрымліваецца добра!” Я тое памятаю з дзяцінства, цёплую радасць у сэрцы. І сама дзетак хвалю, калі што ў іх атрымалася: гэта вельмі добра стымулюе далей рухацца ў майстэрстве”.
Пры гэтым і гены спадчынныя, як гаворыць Настасся Рыгораўна, маюць значэнне. Калі хто “з традыцыяй ткацтва” ў генах ці галаве, то і адпаведным чынам ход думак, працэс мыслення ў яго ўладкаваны. Ткацкая справа робіць парадак і лад у галаве, развівае інтэлект, пачуцці. Хораша ці брыдка, гарманічна ці не, лагічна ці хаатычна — увесь час па аснове палатна, нібы хуткі чаўнок, лятае думка-ўток, ствараючы ўзоры, вобразы.
Настасся Каўтунова родам з пасёлка Перадавец: кіламетры за тры ад расійскай тэрыторыі, а да Неглюбкі адтуль — сем. Тры класы там скончыла, у гэтую школу хадзіла з 4-га па 10-ы. Дарэчы, год вучылася ў класе разам з Ігарам Петрышэнкам, цяперашнім віцэ-прэм’ерам, бацькі якога потым з Неглюбкі пераехалі ў Ветку. Дзяўчынцы даводзілася “шасцідзёнку хадзіць пешшу, іншым разам нехта падвязе”. Тады ж, у савецкія 80-я, быў гурток ткацтва на базе мясцовага Дома культуры — вядомая майстрыха Таццяна Дзеранок з дзецьмі займалася, і Настачка з сяброўкамі пасля школы туды бегала. І потым яшчэ 7 км пешшу дадому. А пасля школы яна стала закройшчыцай, потым жыццё прывяло назад у Неглюбку — з 1988-га вяла ў школе гурток “Юныя ткачыхі”. Пазней узяла і працоўнае навучанне, атрымаўшы адпаведны дыплом у Мазырскім педуніверсітэце.
Мастацтва кросны спанарадзіць
У слоў “ткацкі станок” і “кросны”, якія ўжываюцца як сінонімы, ёсць адметныя сэнсы. “У нас кажуць: “Нарадзіць кросны”, і тое азначае “падрыхтаваць станок да ткацкага працэсу”, — тлумачыць настаўніца. — У гэтым ёсць глыбокі сэнс, гэта нібы і адухаўленне, узвышэнне кроснаў, бо як нявесту пад вянец нараджаюць — так і тут. А працэс гэта вельмі складаны”.
Удакладнім: ткаць прасцей, а калі раз на год кросны не спанараджаць, то і навык прападае. Гэта як у спартсмена, музыканта, спевака, танцора — трэба трымаць форму. Таму ткачыхі між сабой кантактуюць, раяцца, як правільна тое ці іншае перапляценне рабіць. Справа спрыяе сацыяльнай актыўнасці ткачых, патрабуе пільнасці, удумлівасці. Калі з нітоў цягнем ніткі ў бёрды, то кожную пастаў на сваё месца. Зробіш памылку — мусіш перакідаць усё нанава.
Па сутнасці, спанараджэнне кроснаў — гэта як праграмаванне ў самой аснове будучых ручнікоў, палотнаў, посцілак. А на кроснах, спанараджаных добрым софтам, кажучы сучаснай мовай, і дзеці могуць ткаць. Карацей: матэматыка, фізіка, інфарматыка, праграмаванне, геаметрыя і стэрэаметрыя, спрадвечная родная мова, плюс эстэтыка і этыка (кожны ўзор з нейкім сэнсам!) ды шмат чаго яшчэ — вось што такое выткаць прыгожы, з шанаваннем традыцый неглюбскі ручнік.
Некалькі дэталей з працэсу ткацтва пацвярджаюць гэтыя высновы. Услухайцеся ў тлумачэнні Настассі Рыгораўны: “У залежнасці ад таго, як я хаджу па гэтых панажах (унізе, пад нагамі, дзеці педалькамі называюць), такімі будуць узоры. (І ў фартэпіяна ж педалькі, у аргане… Свая музыка ў ткацтве! — Заўвага аўтара.). У перапляценні нітак у нітах закладзены-запраграмаваны алгарытм будучага ўзору. Палатно скручваецца на гэты круглы навой, які пад рукамі ў ткачыхі. Палатно і аснову нацягвае нацягіч, гэткі фіксатар. А пры навоі на аснову з другога боку кроснаў ёсць рычажок-навіліч: пры яго дапамозе навіваюць аснову. Вось яшчэ бёрды ў набілках — ад слова “прыбіваць”. Усе зразумелыя па сэнсе, спрадвечныя беларускія словы. Цяпер у ІТ-тэхналогіях большасць англійскіх слоў, а ў ткацтве ўсё беларускае, бо на зямлі нашай тэхналогія прыдумана і ўдасканалена. Дзецям словы называю, каб ведалі, адкуль і як што бярэцца, тлумачу паэтапна.
З пругам, які напружвае сатканае палатно ўшыркі, ткаць яны не любяць. Дарэчы, і больш моцны беражок па краі палатна пругам называецца. А што да працэсу накідання ў ніты, то расказваю і паказваю, але самі яны тое не робяць. І няма пакуль такой магчымасці, каб адна вучаніца ад А да Я ўсю ткацкую азбуку засвоіла, сама ўсё паэтапна зрабіла. Каму цікава, то пазней навучацца. Ткацкае майстэрства ўсебакова развівае школьнікаў, таму, калі дзе ёсць яшчэ магчымасці, трэба яму дзетак вучыць, ствараць для гэтага ўмовы. Ды я і сама пастаянна нечаму вучуся. Летась, скажам, тры станкі рыхтавала, кросны нараджала без памочніцы, як тое звычайна робіцца — і атрымался нядрэнна”.
Спытаў у настаўніцы, ці ахвотна неглюбскія школьнікі займаюцца ткацтвам. Адказваючы, Настасся Рыгораўна разважала, як важна, каб і бацькі глыбей зразумелі карысць розных відаў рукадзелля для развіцця іх дзяцей. Ад рэцэптараў рук праз нервовыя валокны бягуць імпульсы ў мозг, стымулюючы яго развіццё. Пра дробную маторыку многія чулі, але ж веданне гэтае далёка не ўсе прымяняюць.
Настасся Рыгораўна трымае-фіксуе малюнкі тканых узораў ці ў галаве, ці ў запісах. Бывае, звяртаецца да іншых, каб нешта паднавіць. Заўважаю: цудоўная трэніроўка для галавы, лепш за крыжаванкі ды гульні, якія інтэрнэт запаланілі. Яна ўсміхаецца: “Так, трэба ўвесь час быць у форме. Гэта як у музыцы, матэматыцы альбо замежнай мове: праца, рэпетыцыі, вывучэнне, паглыбленне — пастаянныя. І абавязковая практыка, тэорыі адной недастаткова”. Тое ж, прадаўжаем аналогію, і з беларускай мовай: нельга яе вывучыць раз і назаўсёды — яна пастаянна павінна быць ва ўжытку. Як вада з калодзежа, каб не застойвалася — жыла.
І школьныя кросны ў Неглюбцы ўвесь час працуюць: каб не згубілася ўнікальнае рамяство.
Іван ЖДАНОВІЧ
Фота аўтара