Праграмісты, тэхнікі, мейкеры

- 11:36Якасць адукацыі

1200 удзельнікаў на трасах і за камп’ютарамі, выступленні і майстар-класы экспертаў, стэнды УВА, адукацыйных цэнтраў і ІТ-кампаній. На мінулым тыдні прайшоў Мінскі адкрыты робатурнір. Сёлета ён праводзіўся сёмы раз, ды так маштабна — упершыню.

Акрамя самога турніру, у Нацыянальным выставачным комплексе “БелЭкспа” адбыліся выстава адукацыйных тэхналогій і кірмаш Maker Fest. Кожны ахвотнік мог пазнаёміцца з самымі таленавітымі робататэхнікамі, праверыць у рабоце іх прылады і задаць пытанні найбольш дасведчаным спецыялістам у галіне ІТ-адукацыі. Прапусціць такую магчымасць мы не маглі.

Ад LEGO да машыннага зроку

Сам робатурнір — гэта спаборніцтвы адразу па некалькіх дысцыплінах, у якіх удзельнікі павінны прадэманстраваць навыкі праграмавання робатаў і кіравання імі. Самыя відовішчныя конкурсы — гэта, напэўна, робасумо і робафутбол. Сумо нават больш драматычнае, бо ўладальнікі робатаў не кіруюць імі падчас змагання і могуць толькі назі­раць, як спраўляюцца з сапернікам іх праграмы.

Як заўсёды, цэлы натоўп гледачоў сабралі спаборніцтвы па дуатлоне, дзе звычайна ўдзельнічаюць самыя прасунутыя робататэхнікі. Іх выпрабаванне самае складанае: запраграмаваны робат павінен перамяшчаць прадметы згодна з пэўным заданнем і пры гэтым паказваць і дакладнасць, і хуткасць. Знайсці залатую сярэдзіну паміж паказчыкамі павінны былі і ўдзельнікі конкурсу “Праходжанне па лініі”.

— Каб праехаць трасу за меншы час, патрэбна павялічваць хуткасць. А калі павялічваецца хуткасць, мяняецца і каэфіцыент, які рэгулюе сілу матора, каб робат не адхіляўся ад лініі. І трэба было падабраць найлепшае спалучэнне каэфіцыента і хуткасці, улічваючы таксама стан акумулятара, змяненне асвятлення (усё, што ўплывае на рух робата), — патлумачыў адзін з пераможцаў конкурсу вучань кальцоўскай школы № 5 Новасібірскай вобласці (Расійская Федэрацыя) Павел Дорахаў.

Аляксандр ХОМІЧ, кіраўнік асацыяцыі “Адукацыя для будучыні” — аднаго з арганізатараў робатурніру:

— У гэтым годзе да нас прыехалі 1200 дзяцей з пяці краін — госці з Расіі, краін Прыбалтыкі, Казахстана, Украіны. Гэта вельмі важна для нашага турніру, бо мы спадзяваліся зрабіць яго міжнародным яшчэ ў мінулым годзе, і сёлета бачым, што ў нас атрымалася.

Я ўпэўнены, што турнір стане добрым стартам для дзяцей, якія сёння збіраюць свайго першага робата з LEGO, а праз дзесяць гадоў бу­дуць распрацоўваць прамысловага робата, здольнага праводзіць аперацыі ў адкрытым космасе ці на адкрытым сэрцы.

Падчас робатурніру прайшлі спаборніцтвы ў дысцыплінах WeDo J, WeDo J+ і Hello, Robot, у якіх робатаў праграмуюць самыя маленькія ўдзельнікі спаборніцтва. А вось “Скрэтчавыціскалка” — конкурс новы. Гэта своеасаблівы хакатон, дзе праекты распрацоўваюць школьнікі, якія на прасунутым узроўні валодаюць Scratch.

Яшчэ адна сёлетняя навінка — першае ў Беларусі спаборніцтва ў праграмаванні робатаў з машынным зрокам. Гэта бясспрэчны трэнд сучаснай робататэхнікі.

— Навізна ў тым, што ўдзельнікі праграмуюць не датчыкі робата, а менавіта відэакамеру, — патлумачыў суддзя гэтага конкурсу Максім Масальскі. — Калі вы чулі пра беспілотныя аўтамабілі Tesla, то нашы ўдзельнікі працуюць з іх дзіцячай мадэллю. Пры падтрымцы фонду “Навука вакол нас” мы зрабілі 12 мадэлей аднолькавых робатаў, адрозніваюцца яны толькі праграмным забеспячэннем, якое пішуць удзельнікі ў простым асяроддзі праграмавання. Задача — “навучыць” робатаў правільна ездзіць па трасе і рэагаваць на знакі: бачыць іх і рабіць прыпынак ці іншае дзеянне, якога яны патрабуюць.

Пераможцы гэтага спаборніцтва амаль гатовыя спецыялісты, якія, хто ведае, змогуць аднойчы зрабіць першы беларускі аўтамабіль з аўтапілотам.

Якім будзе праграміст у 2030 годзе?

У гэтым годзе арганізатары турніру паставілі сабе мэту не толькі вызначыць лепшых праграмістаў і робататэхнікаў, але і дапамагчы ўсім школьнікам, зацікаўленым у навуцы і тэхналогіях, з выбарам будучай прафесіі. Менавіта такой была звышзадача выставы адукацыйных тэхналогій і канферэнцыі, што праходзіла на працягу турніру.

Жадаючыя маглі наведаць стэнды Нацыянальнай акадэміі навук і вядучых універсітэтаў, якія рыхтуюць вучняў па тэхнічных спецыяльнасцях, а таксама прыватных адукацыйных цэнтраў і ІТ-кампаній, што самі вучаць праграмаванню, каб расціць новыя кадры.

Тут жа, у імправізаванай канферэнц-зале, выкладчыкі, спецыялісты, навукоўцы расказалі пра будучыню ІТ-прафесій і пра тое, як да яе падрыхтавацца. Напрыклад, дацэнт кафедры камп’ютарных сістэм і сетак БДУІР Дзмітрый Самаль шчыра прызнаўся, што зараз не можа прадказаць ніхто, чым будуць займацца праграмісты будучыні, але агульная тэндэнцыя паказвае, што праграмаванне ператвараецца з напісання арыгінальнага кода ў яго кампіляцыю са шматлікіх частак, таму будуць запатрабаваны тэсціроўшчыкі, што правяраюць работу такога Франкенштэйна.

Яго думку працягнуў Дзмітрый Арэхаў, каардынатар праекта EPAM Garage eKids. Ён параўнаў сучасную лічбавую рэвалюцыю з прамысловай. Як некалі работнікі заводаў падзяліліся на кваліфікаваных інжынераў і простых рабочых, так і прафесія праграміста можа расшчапіцца на два слаі. І каб аказацца ў больш кваліфікаваным і мець сапраўды цікавую, творчую работу, трэба не проста разумець, як складаецца код, а валодаць логікай, вышэйшай матэматыкай і… мовай! І гутарка ідзе не пра модную англійскую, а пра родную: разумеючы сінтаксіс, граматыку звычайнай мовы, можна глыбей разумець мовы праграмавання.

Прафарыентолаг Ганна Ісаенка, наадварот, засцерагла бацькоў і дзяцей ад моцнага жадання ўвайсці ў ІТ. На яе думку, мода на прафесіі прыходзіць і сыхо­дзіць, а схільнасці і таленты застаюцца. І калі сканцэнтравацца на іх развіцці, то справа заўсёды будзе прыносіць задавальненне.

Падчас канферэнцыі і асабістых гутарак ля стэндаў школьнікі даведаліся, як падрыхтавацца да экзаменаў і паступіць на цікавую спецыяльнасць, прайсці стажыроўку ці трапіць на навучанне ў ІТ-кампанію.

Навошта мейкерства музыканту?

Калі выстава дапамагала сур’ёзна і рацыянальна паразважаць пра будучыню, то кірмаш-фестываль Maker Fest хутчэй здзіўляў і натхняў.

— Гэта кірмаш мейкерства, — патлумачыў Аляксандр Хоміч. — У савецкі час былі палацы піянераў, дзе дзеці збіралі мадэлькі, паялі, спаборнічалі. Зараз гэта выйшла за межы палацаў, жыве таксама ў гаражах, клубах, студыях і называецца мейкерствам. Сёння мы запрасілі таленавітых мейкераў, каб паказаць удзельнікам робатурніру, да чаго яны могуць прыйсці, і пазнаёміць іх з людзьмі, якія ўжо прайшлі гэты шлях.

Тут былі прадстаўлены распрацоўкі школьнікаў, студэнтаў і дарослых — сапраўдных вынаходнікаў, якія з простай электронікі і даступных кожнаму матэрыялаў збіраюць нестандартныя прылады. Сярод іх — праекты студэнтаў факультэта камп’ютарных сістэм і сетак Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі. Як расказалі аўтары распрацовак, стварэнне такіх унікальных рэчаў — гэта адна з форм падрыхтоўкі курсавой работы. Мейкерства ва ўніверсітэце падтрымліваюць, бо работадаўцам патрэбны праграмісты, якія ўмеюць працаваць не толькі з кодам, але і з сапраўднымі прыладамі. Тэму распрацоўкі студэнты выбіраюць самі.

Напрыклад, студэнты спецыяльнасці “Вылічальныя машыны, сістэмы і сеткі” Арцём Клімец і Іван Мазур частавалі гасцей кірмашу кактэйлямі. Яны распрацавалі аўтаматычнага бармена, які можа па загадзя зададзеных рэцэптах згатаваць кактэйль. Чалавеку неабходна толькі сачыць, каб хапала інгрэдыентаў, і выбіраць напітак — астатняе робат робіць сам.

Аднакурсніца юнакоў Галіна ў якасці курсавой работы зрабіла светлавы меч з фільма “Зорныя войны”. Ён пераліваецца, мяняе колер і, зразумела, збірае вакол сябе ўсіх маленькіх хлопчыкаў, што спрабуюць пазмагацца з дапамогай мяча, згадваюць, якія мячы былі ў герояў любімай кінаэпапеі, а галоўнае — цікавяцца, дзе вучаць рабіць такія ж.

Сярод распрацовак, прадстаўленых дарослымі ўдзельнікамі кірмашу, — самаробныя 3D-прынтары, робарукі, якімі можна кіраваць з дапамогай спецыяльнага шлема. Яскравую турэль з сістэмай саманавядзення прэзентавала майстэрня-клуб “Мінскі хакерспэйс”. Праўда, страляе гэтая зброя… колцамі пары.

Яшчэ адзін паказальны прыклад — музычны груўбокс ENTIRE. Яго стваральнік музыкант Максім Валодзін расказаў, што звычайныя музычныя станцыі не заўсёды падыходзяць для запісу музыкі ці выступленняў, таму чатыры гады назад ён вырашыў сабраць інструмент самастойна. Так і з’явіўся ENTIRE, якім цяпер цікавяцца і іншыя музыканты. Максім нават падумвае пра пастаянную вытворчасць свайго інструмента, а яго гісторыя даказвае, што чалавеку любой прафесіі сёння неабходна быць на ты з тэхнікай. І для новага пакалення гэта актуальна, як ніколі.

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота аўтара.