Пракачаць прафесіяналізм на максімум

- 11:36Адукацыйная прастора

Калі б першыя супрацоўнікі Інстытута ўдасканалення настаўнікаў убачылі, як змянілася ўстанова, ля вытокаў стварэння якой яны стаялі, то, верагодна, вельмі б здзівіліся. А яшчэ, думаецца, ганарыліся б. Бо праз 8 дзесяцігоддзяў інстытут удасканалення ператварыўся ў Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі. І сучасная назва добра адлюстроўвае місію, якую выконвае ўстанова, — развіццё адукацыі вобласці. Сёння МАІРА — гэта паўнавартасны вучэбны, навуковы, метадычны, выхаваўчы цэнтр, які знаходзіцца ў авангардзе педагагічнай навукі і гатовы дапамагчы кожнаму педагогу пракачаць свой прафесіяналізм на максімум. Менавіта такім МАІРА сустракае сваё 80-годдзе.

Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі — адна з найстарэйшых устаноў сістэмы дадатковай адукацыі дарослых у Беларусі. Гісторыя інстытута пачалася ў 1940 годзе, калі пры Народным камісарыяце адукацыі БССР быў заснаваны Інстытут удасканалення настаўнікаў. Аднак работа спынілася з-за вайны і аднавілася толькі ў 1944 годзе. Пасля вайны ў інстытута не было ўласных памяшканняў — кансультацыі, семінары, канферэнцыі праводзіліся на базе розных устаноў адукацыі. У 1946 годзе працавалі ў маленькім пакоі пачатковай школы № 30 па вуліцы Рэвалюцыйнай. Мінулі дзесяцігоддзі, і сёння МАІРА — гэта асобны будынак з інтэрнатам і прафілакторыем. Сучасныя вучэбныя аўдыторыі, камп’ютарныя класы, медыяцэнтр і бібліятэка, актавая і канферэнц-залы, спартыўная і трэнажорная залы — усё гэта прапануе інстытут сваім наведвальнікам.

За гады дзейнасці значна пашырыліся функцыі, якія ўскладзены на ўстанову. Па-ранейшаму важнымі напрамкамі дзейнасці застаюцца павышэнне кваліфікацыі і метадычнае суправаджэнне кіруючых работнікаў і спецыялістаў адукацыі Мінскай вобласці. Канечне, за гады развіцця ўстановы і сістэмы адукацыі паслядоўна мяняліся фармат і змя­стоўныя трэнды прафесійнага суправа­джэння педагогаў. Сёння павышэнне кваліфікацыі — гэта інфармацыйна насычаны, практыка-арыентаваны адукацыйны працэс, закліканы забяспечыць развіццё псіхолага-педагагічнай і прадметна-метадычнай кампетэнтнасці педагогаў сталічнага рэгіёна. Штогод павышэнне кваліфікацыі ў інстытуце праходзяць больш за 8 тысяч спецыялістаў адукацыі, удзель­нікамі іншых адукацыйных мерапрыемстваў становяцца каля 40 тысяч.

І.С.Маркевіч і І.П. Кандрацьева.

Разам з тым МАІРА ажыццяўляе экспертна-кансультацыйную, арганізацыйную і інфармацыйна-аналітычную функцыі ў сферы рэгіянальнай прафесійнай адукацыі; каардынуе дзейнасць па рэалізацыі дзяржаўных праграм, у тым ліку праграмы бесперапыннага выхавання дзяцей і навучэнскай моладзі, праз развіццё мастацкай і тэхнічнай творчасці, музычнай і эколага-краязнаўчай культуры; забяспечвае навукова-метадычную і арганізацыйную падтрымку дзейнасці спецыялістаў сацыяльна-педагагічных і псіхалагічных службаў па абароне правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх.

Кадравы патэнцыял інстытута дазваляе ажыццяўляць арганізацыйна-метадычнае і кансалтынгавае суправаджэнне эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці, праводзіць шырокі спектр метадычных і конкурсных мерапрыемстваў у міжкурсавы перыяд.

Удасканаленню прафесійных кампетэнцый педагогаў спрыяюць шматлікія метадычныя мерапрыемствы: тэматычна разнастайныя семінары, трэнінгі, метадычныя аператыўкі, пасяджэнні творчых груп, а таксама маштабны абласны педагагічны марафон, які стаў добрай традыцыяй. Абмеркаванне шырокага кола актуальных пытанняў псіхолага-педагагічнай навукі, методыкі і адукацыйнай практыкі становіцца трыгерам прадукцыйнага прафесійнага росту педагогаў вобласці.

Вынікам сістэмнай работы інстытута па развіцці прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў вобласці з’яўляецца стабільнае выступленне каманды Міншчыны на конкурсе “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”.

Шмат дасягненняў у розных напрамках штогод дэманструюць і навучэнцы Мінскай вобласці. І значную ролю ў гэтым адыгрывае МАІРА дзякуючы сістэмнай рабоце з дзецьмі і навучэнцамі. Інстытут змястоўна і арганізацыйна забяспечвае правядзенне інтэлектуальных, творчых, спартыўных і турыстычных спаборніцтваў сярод навучэнцаў, а таксама дзейнасць Мінскай абласной асацыяцыі школьнага спорту. МАІРА праводзіць вучэбныя мерапрыемствы па развіцці даследчых кампетэнцый, прадпрымальніцкай ініцыятывы і фінансавай дасведчанасці педагогаў і навучэнцаў.

МАІРА не раз станавіўся пачынальнікам розных цікавых ініцыятыў. Напрыклад, з 2010 года тут праводзяць фестываль дашкольнікаў і малодшых школьнікаў “Я — даследчык”. З 2012 года сумесна з Паркам высокіх тэхналогій ладзяць навукова-інжынерны конкурс навучэнцаў Belarus Science and Engineering Fair, пераможцы якога прымаюць удзел у Міжнародным конкурсе Intel ISEF. Актыўна развіваюць навучэнскія бізнес-кампаніі.

Віншаванне ад абласных клубаў “Флагман” і “Малады дырэктар”.

Важную місію ў павышэнні ўзроўню педагагічнага майстэрства і кіраўніцкай культуры выконвае прафесійны клубны рух, і ў гэтым кірунку таксама працуе МАІРА. Два клубы педагагічных работнікаў Міншчыны —“Флагман” і “Малады дырэктар” — маюць інстытуцкую прапіску. Іх дзейнасць па папулярызацыі лепшых адукацыйных і кіраўніцкіх практык знайшла шырокі водгук у педагагічнай грамадскасці сталічнага рэгіёна.

Абагульненне і распаўсюджванне перспектыўнага педагагічнага вопыту — гэта яшчэ адна знакавая функцыя інстытута. Асаблівую ролю ў яе рэалізацыі 15 гадоў выконвае інфармацыйна-метадычны часопіс “Адукацыя Міншчыны”, заснавальнікамі якога выступаюць галоўнае ўпраўленне па адукацыі Мінаблвыканкама і МАІРА.

Ва ўсе часы інстытут працаваў у сугуччы з патрабаваннямі часу, аператыўна рэагуючы на актуальныя запыты. І сёння тэндэнцыі развіцця інфармацыйнага грамадства ставяць перад інстытутам як установай дадатковай адукацыі дарослых прынцыпова новыя задачы. Прыярытэтнай задачай выступае фарміраванне гатоўнасці педагога да адукацыйнага ўзаемадзеяння з сучасным “лічбавым” вучнем.

Для вырашэння гэтай задачы ў інстытуце мадэрнізуецца IT-інфраструктура, фарміруецца электронная бібліятэка вэб-фармату, запускаюцца праекты па прасоўванні STEM-адукацыі. Развіваецца сістэма дыстанцыйнага навучання: вебінары, відэалекцыі, чэк-лісты, форумы, чаты становяцца звыклымі формамі адукацыйнай практыкі інстытута.

Прайшоўшы вялікі шлях развіцця,
МАІРА адзначае 80-годдзе. Старт мерапрыемствам, прысвечаным гэтай падзеі, дала навукова-практычная канферэнцыя з міжнародным удзелам. Дарэчы, збіраць сяброў не толькі на ўрачыстых мерапрыемствах, але і на канферэнцыях з нагоды юбілею стала добрай традыцыяй. Сёлета ў адпаведнасці з актуальнымі для адукацыі пытаннямі канферэнцыя была прысвечана тэме “Прафесійнае развіццё педагогаў у кантэксце лічбавізацыі адукацыі” і прайшла ў дыстанцыйнай форме. У рамках канферэнцыі была арганізавана работа 5 секцый, таксама спецыялісты МАІРА правялі анлайн-лекцыі, а члены абласнога клуба “Флагман” прапанавалі паўдзельнічаць у фестывалі педагагічнага майстэрства.

Узяць удзел у святкаванні юбілею прыехала мноства сяброў інстытута. Для гасцей правялі экскурсію па ўстанове, падчас якой наведалі Цэнтр STEM-адукацыі, Цэнтр беларуска-кітайскага сяброўства, музейную экспазіцыю і выставы, прысвечаныя станаўленню інстытута і развіццю сістэмы адукацыі вобласці, азнаёміліся з выданнямі, якія выпускае ўстанова: манаграфіямі, праграмамі, вучэбна-метадычнымі дапаможнікамі для сістэм дашкольнай, агульнай сярэдняй, прафесійнай, вышэйшай, дадатковай адукацыі дарослых і інш.

Намеснік старшыні Мінаблвыканкама Іван Станіслававіч Маркевіч, віншуючы калектыў інстытута, адзначыў, што вобласць ганарыцца ўстановай,.

— За 80-гадовую гісторыю праз інстытут прайшло больш за паўмільёна нашых педагогаў. Гэта сведчыць аб тым, што су­працоўнікі інстытута прыклалі максімум намаганняў, каб педагогі з задавальненнем прыязджалі сюды павышаць свой узровень і падсілкоўвацца новымі, сучаснымі ведамі, — падкрэсліў І.С.Маркевіч.

Мікалай Мікалаевіч Башко, начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама, падкрэсліў, што сёння сістэму адукацыі Міншчыны немагчыма ўявіць без абласнога інстытута развіцця адукацыі. Гэтая шматпрофільная ўстанова з’яднала людзей, якія рэалізуюць адукацыйную палітыку вобласці. І ро­бяць гэта эфектыўна: на Міншчыне больш, чым у іншых рэгіёнах, настаўнікаў-метадыстаў, мноства пераможцаў конкурсаў і фестываляў на рэспубліканскім і міжнародным узроўні — і ў многім гэта заслуга інстытута.

— Прыемна адзначыць, што ў саракавыя гады мінулага стагоддзя краіна яшчэ змагалася з непісьменнасцю, а ў Мінскай вобласці ўжо быў адкрыты Інстытут удасканалення настаўнікаў. Гэта сведчыць аб тым, што педагогі Мінскай вобласці ўжо тады знаходзіліся на перадавых пазіцыях. Кожны з 8 кіраўнікоў інстытута быў па-свойму таленавіты, унёс уклад у развіццё інстытута і быў любімы слухачамі, — звярнуў увагу на гістарычныя моманты М.М.Башко і адзначыў, што перакананы і ў добрых перспектывах: — Настаўнік без павышэння кваліфікацыі стаіць на месцы, а інстытут з’яўляецца тым рухавіком, які зараджае педагога на творчыя перамогі. Сучасны інстытут развіцця адукацыі павінен быць ініцыятарам фарміравання агульнай культуры педагога. Пабываўшы на курсах, кожны педагог павінен прайсці ўнутранае пераасэнсаванне і адка­заць для сябе на пытанні: ці так я выконваю сваю работу? Што мне трэба выправіць? На які вынік я павінен быць настроены? У гэтым, лічу, залог развіцця сістэмы адукацыі нашай вобласці.

На святочным мерапрыемстве віншаванні інстытуту і яго супрацоўнікам адрасавалі начальнік галоўнага ўпраўлення кадравай палітыкі і арганізацыйна-аналітычнай работы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь У.М.Здановіч, старшыня Мінскага абласнога камітэта Беларускага саюза работнікаў адукацыі і навукі Т.В.Апраніч, ветэраны педагагічнай працы, начальнікі раённых упраўленняў адукацыі, удзельнікі абласных клубаў “Флагман” і “Малады дырэктар”. Важнай часткай урачыстага мерапрыемства стала ўшанаванне супрацоўнікаў інстытута і ветэранаў педагагічнай працы — яны атрымалі заслужаныя ўзнагароды.

Сённяшнія дасягненні прымушаюць верыць, што і ў далейшым МАІРА будзе знаходзіцца на перадавых рубяжах педагагічнай навукі і практыкі. Калектыў скіраваны менавіта на гэта.

— Гісторыя інстытута — гэта гнуткае спалучэнне традыцый і навацый, у фокусе якіх нязменна застаецца педагог Міншчыны, — пераканана рэктар МАІРА Інга Пятроўна Кандрацьева. — 80-гадовы юбілей — важная веха і слаўная гісторыя, поўная значных па­дзей. Для калектыву інстытута, моцнага адзін­ствам мэт і згуртаванасцю ў дасягненні вынікаў, гэта яшчэ і новы імпульс да развіцця, пошуку інавацыйных ідэй і стваральных наватарскіх рашэнняў.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара і Марыі АРЭХ.