“Пракачацца” за лета з БДУ

У Беларускім дзяржаўным універсітэце завяршыўся першы этап праекта “PROлета з БДУ”. Ініцыятыва з новым фарматам увабрала ў сябе чатыры напрамкі (спорт, прыгажосць, кулінарыя, блогасфера), аб’яднаўшы крэатыўнасць і інтарэсы акадэмічнага асяроддзя.

Арганізатарам творчых спаборніцтваў выступіла пярвічная прафсаюзная арганізацыя студэнтаў БДУ. Асноўная мэта “PROлета з БДУ” — паказац­ь удзельнікаў з тых бакоў, якія не праяўляюцца падчас вучэбнага працэсу, а таксама дапамагчы ім у раскрыцці іх здольнасцей. Сутнасць у тым, што на праект не прыходзяць прафесійнымі стылістамі, спартсменамі, кулінарамі і блогерамі. Навыкі прыходзяць з разгортваннем ініцыятывы.

— Вольга Віктараўна (старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў БДУ В.В.Локцева. — Заўвага І.І.) часта гаворыць: “Трэба заў­сёды ставіць сябе на месца студэнта, бо толькі тады можна зразумець, у якім напрамку трэба рухацца”. Гэтыя словы далі нам магчымасць задумацца над тым, чым моладзі цікава займацца летам, у якія заняткі хацелася б акунуцца з галавой. Так пачаліся дэбаты нашага актыву, якія перараслі ў “PROлета”, — расказвае галоўны спецыяліст Вольга Зыль. — Часта студэнты задаюцца пытаннямі: “Які мой выкладчык дома? Ці ўмее ён гатаваць? Як ён выглядае без гальштука? Ці бывае несур’ёзным? Хіба можна паспаборнічаць з ім і нават выйграць?” “Фантастыка” — скажуць многія, але мы пастараемся даказаць адваротнае.

Як расказвае Вольга Георгіеўна, калі прыйшоў час вызначыцца з наз­вай, варыянты з’яўляліся а­дзін за адным, але “ўсё было не тое”. З апошніх сіл нехта агучыў пытанне, якое круцілася ў думках кожнага:

— Ну пра што наш праект, скажыце, пра што?

— Як пра што? Пра лета!

Так нарадзілася назва праекта пра агульнае лета з БДУ.

— Нейкі момант прысутнічаў страх, што праект можа не зацікавіць людзей. І мы вырашылі рызыкнуць. Найбольшае хваляванне прыпала на першы дзень рэгістрацыі. Але вы не ўяўляеце, які быў наплыў ахвочых! — дзеліцца каманда арганізатараў. — Многія з нас памятаюць студэнцкую пару як самы яркі этап жыцця. І наша каманда хацела паказаць, што мы хочам падтрымліваць сувязь са студэнтамі і супрацоўнікамі ўніверсітэта бесперапынна, не губляючыся ў летні перыяд.

Паколькі летам студэнты адпачываюць і захапленні выходзяць на першы план, арганізатары акцэнтавалі ўвагу на кірунках, найбольш актуальных для гэтага часу. Спачатку прапанавалі ўдзельнікам майстар-класы ад вядомых прадстаўнікоў кожнага з напрамкаў (кулінарам — сустрэчу з шэф-кухарам Паўлам Галянковым, прадстаўнікам б’юці-сферы — са стылістам Аляксандрам Кірынюком, спартсменаў чакаў абмен вопытам з байцамі Акадэміі ММА (змешаных баявых мастацтваў), а блогераў — з фатографам і відэографам Яўгеніяй Удавічэнка). Пасля студэнты і выкладчыкі выконвалі конкурсныя заданні. Так, кулінары гатавалі страву амерыканскай кухні, выкарыстоўваючы мяса, бульбу, лісты салаты, памідоры, цыбулю і зеляніну. З гэтага ж набору ўдзельнікі складалі аўтарскі рэцэпт (разам са студэнтамі за званне лепшых змагаліся прарэктар па экономіцы і матэрыяльна-тэхнічным развіцці Міхаіл Чарапеннікаў і дэкан факультэта міжнародных адносін Віктар Шадурскі).

Удзельнікі, якія выбралі “прыгожы” напрамак, стваралі макіяж (дзённы, вячэрні, вясельны ці інш.). У гэтай сферы ад выкладчыкаў свае сілы спрабавала намеснік дэкана па вучэбна-выхаваўчай рабоце і сацыяльных пытаннях фізічнага факультэта Людміла Ляшанка. Заданні для спартсменаў уключалі адваротныя адцісканні, планку, пад’ёмы ног на перакладзіне, падцягванні і інш. (тут прыклад сваім малодшым калегам паказвала загадчык кафедры фізічнага выхавання і спорту Юлія Маслоўская). А блогеры-пачаткоўцы запісвалі відэасамапрэзентацыі. Па словах куратараў праекта, у далейшым фіналістаў чакае праходжанне квеста ў скла­дзе дзвюх каманд, які і вызначыць пераможцаў.

Праект дазваляе “пракачаць” уменні не толькі ў­дзельнікам, але і маладым людзям з каманды арганізатараў. Так, для навучэнкі юрыдычнага каледжа БДУ Лізаветы Раманюк “PROлета з БДУ” — своеасаблівы спосаб увасаблення ўласных творчых задум. Пачынаючы са школы дзяўчына знаходзілася ў арганізатарскім асяроддзі, таму добра ведае, чаго аўдыторыя чакае ад пэўнага мерапрыемства.

— Блогінг — шырокая сетка, куды можна ўключыць шмат цікавага. І кожны кавалачак гэтай прасторы можа быць карысным для чалавека, нават калі ён не збіраецца звязваць жыццё з блогерствам, — пераканана Ліза.

Яе сяброўка па каледжы Ніна Арэхава таксама лічыць, што блогерства — свет ня­зведаных магчымасцей. Дзяўчына ўпэўнена, што блогі дапамагаюць людзям ладзіць камунікацыю на больш якасным узроўні.

— Колькасць карыстальнікаў у сацыяльных сетках расце дзень пры дні. Напрыклад, у Instagram сёння рэгіструюцца нават тыя, хто ў свой час лічыў, што гэтая пляцоўка выключна “для фотак”. Многія прызнаюць уплыў платформы і ўсё роўна прыходзяць сюды праз гады супраціўлення, — расказвае Ніна. — Я пастаянна аналізую трэнды блогерства і шмат назіраю за тымі, хто развівае свае акаўнты ў розных сацсетках. Таму з поўнай адказнасцю запэўніваю: стаць блогерам зараз абсалютна рэальна.

Некаторыя майстар-класы “PROлета з БДУ” можна смела прымяняць тым, хто не толькі ўдзельнічае ў праекце, але і назірае за ім. Так, калі вы хочаце зняць якаснае відэа, але не ведаеце, на чым рабіць акцэнты, скарыстайцеся парадамі арганізатараў.

1. Для таго каб гук быў чысцейшым і больш якасным, па магчымасці выкарыстоўвайце для запісу гуку спецыяльную гарнітуру.

2. Не здымайце, калі сонца свеціць у вочы (так вы будзеце прыжмурвацца, а тэлефон пакіне адбітак ценю на вашым твары).

3. Пазбягайце здымак знізу, бо ў такім ракурсе ўспрыманне твару скажаецца. Таксама лепш пазбегнуць цёмных памяшканняў: якасць відэа значна знізіцца.

4. Не запісвайце відэа ў людным ці шумным месцы: гэта можа перабіваць голас ці адцягваць вашу ўвагу (не варта здымаць у памяшканні, дзе гучна іграе музыка, — вас заглушыць). “Забароненымі” месцамі можна лічыць гандлёвыя цэнтры, рэстараны, кавярні, бары і вулічныя канцэрты.

5. Звяртайце ўвагу на тое, што знаходзіцца ў кадры за вамі. Вялікую “небяспеку” ўяўляюць вертыкальныя канструкцыі, слупы і дрэвы, якія могуць “расці” з галавы, а таксама агароджы, прахожыя і іншыя аб’екты, якія ствараюць неакуратнасць у кадры.

6. Не прыціскайцеся да сцен. Зрабіце 1,5—2 крокі наперад і вы ўбачыце, што за вамі з’яўляецца аб’ём.

7. Прадумайце ўласны вобраз і стварыце эстэтычную “карцінку”. Памятайце пра тое, што ўсе элементы відэарада павінны гарманіраваць адзін з адным.

8. Сфакусіруйце позірк на камеры і звяртайцеся да яе. Гэта дазволіць наладзіць зрокавы кантакт з гледачом. Калі здымаеце на тэлефон, не гаварыце, трымаючы камеру блізка да сябе. Выцягніце руку, каб вас можна было разглядзець, не “абразаючы” часткі цела.

9. Каб пры здымцы пазбегнуць “экання”, мычання і слоў-паразітаў, патрэбен сцэнарый. Уважліва азнаёмцеся з ім: часта ў пісьмовым выглядзе ён выглядае ўспрымальна, але пры прагаворванні выклікае цяжкасці.

10. Старайцеся быць артыстычным і ўсміхацца. Не забывайце пра цікавыя ракурсы (прыся­дзьце, нахіліцеся, узлезце на дрэва — толькі ў падобных эксперыментах беражыце сябе).

Ірына ІВАШКА.