Практычныя парады міжнародных экспертаў дапамогуць лепш падрыхтавацца да будучага форуму

Меркаванне шэфаў місій каманд будзе ўлічана пры падрыхтоўцы да II Еўрапейскіх гульняў у Мінску. Аб гэтым расказаў дырэктар фонду “Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года” Георгій Катулін, які прыняў удзел у семінары для кіраўнікоў еўрапейскіх зборных на спартыўным форуме, які адбудзецца ў чэрвені 2019 года ў Мінску.

Менш як за год да старту Еўрапейскіх гульняў у Мінску прайшла адна з ключавых падзей — у сталіцы Беларусі сабраліся вядучыя эксперты з Еўропы па правядзенні Алімпійскіх гульняў і іншых буйных міжнародных турніраў. “Галоўная задача для нашых гасцей на семінары — атрымаць дакладную інфармацыю аб усіх спартыўных аб’ектах, месцах пражывання і размяшчэння дэлегацый, акрэдытацыі і лагістычных асаблівасцях. Аб усім гэтым мы расказвалі на пасяджэнні ў НАК Беларусі. Беларускі бок як арганізатар прадстаўляе на семінары справаздачы аб рабоце па асобных напрамках. Рэакцыя шэфаў місій станоўчая — усе даклады прыняты. Нам важна ацэнка экспертаў, якія прадстаўляюць свае краіны, іх практычныя парады і меркаванні дапамогуць падрыхтавацца беларускаму боку яшчэ лепш да будучых спаборніцтваў”, — адзначыў Георгій Катулін.

Прадстаўнікі 49 каманд, якія прымуць удзел у II Еўрапейскіх гульнях, таксама наведвалі на працягу трох дзён шэраг аб’ектаў спартыўнага форуму, які пройдзе ў 2019 годзе. Для гасцей прайшлі прэзентацыі па акрэдытацыі афіцыйных удзельнікаў гульняў, спартыўнай праграме, сістэме кваліфікацыі, заявачнай кампаніі, размяшчэнні ў студэнцкай вёсцы, транспартнай праграме, інфармацыйных тэхналогіях і іншых напрамках.

У час семінара кансультацыі правялі эксперты Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў (ЕАК), сярод якіх выканаўчы дырэктар Еўрапейскіх гульняў Сайман Клег, галоўны эксперт ЕАК па спорце Макіс Асімакопулас, спартыўны дырэктар ЕАК Пірс О’Калаган.

Як адзначылі ў дырэкцыі, прадстаўнікі ЕАК у Мінску пастаянна ўдзельнічаюць у мерапрыемствах па падрыхтоўцы будучых стартаў.