Практыка-арыентаваны падыход у падрыхтоўцы педагога

- 13:09Навіны рэгіёнаў

Гомельскі педагагічны каледж імя Л.С.Выгоцкага сёлета адзначае сур’ёзную дату: ужо цэлае стагоддзе гэтая ўстанова рыхтуе спецыялістаў для сферы адукацыі. На працягу навучальнага года каледж нібыта трымае экзамен — семінары, канферэнцыі, сустрэчы, у ходзе якіх педагогі і навучэнцы дэманструюць свае дасягненні, а разам з тым даказвае, што ў сценах каледжа шануюць, зберагаюць і памнажаюць традыцыі, закладзеныя 100 гадоў назад.

Нядаўна ў педкаледжы адбыўся Рэспубліканскі семінар-практыкум на тэму “Фарміраванне педагагічных кампетэнцый спецыяліста ў працэсе прафесійнай падрыхтоўкі”. Удзел у ім прынялі метадыст Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Г.І.Радаман, дэкан факультэта пачатковай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Н.А.Ждановіч і дэкан факультэта дашкольнай і пачатковай адукацыі Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна Б.А.Крук, а таксама прадстаўнікі ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі педагагічнага напрамку з розных рэгіёнаў краіны.
Сённяшні настаўнік ці выхавальнік — гэта наватар, гуманіст і даследчык. Як падрыхтаваць спецыяліста, які будзе адпавядаць гэтым крытэрыям? Трэба правільна арганізаваць адукацыйны працэс ва ўстанове. Пры гэтым важна ўдзяліць належную ўвагу практычнаму складніку. Менавіта таму ў Гомельскім педкаледжы выбралі практыка-арыентаваны падыход: педагагічная практыка складае чвэрць усёй прафесійнай падрыхтоўкі. Да таго ж неад’емнай часткай навучання з’яўляецца даследчая работа навучэнцаў, пастаўленая тут на дастаткова сур’ёзны ўзровень. Некаторыя адукацыйныя экалагічныя праекты навучэнцаў, распрацаваныя імі для дашкольнікаў і вучняў пачатковых класаў і ўкаранёныя ў перыяд праходжання практыкі ва ўстановах адукацыі, не проста мелі добрыя водзывы і вынікі, але і былі ўключаны ў работу дзіцячых садоў і школ. Лепшыя з такіх праектаў прадэманстравалі ўдзельнікам семінара, такім чынам пацвердзіўшы адзінства тэарэтычнай і практычнай падрыхтоўкі спецыялістаў. Навучэнцы ІV курсаў працавалі з выхаванцамі Гомельскага дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці “Праменьчык”, з якім у педкаледжа наладжана цеснае супрацоўніцтва.
— Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці — наш заказчык кадраў, таму ўзаемадзеянне паміж нашымі ўстановамі асабліва каштоўнае, — сцвярджае намеснік дырэктара педагагічнага каледжа імя Л.С.Выгоцкага Л.Л.Капаткова. — Мы не працуем усляпую, а заўсёды дасканала ведаем, што неабходна выпраўляць ці развіваць далей, а вопытныя педагогі цэнтра дапамагаюць нашым выпускнікам навучыцца прымяняць тэарэтычныя веды на практыцы.
Удзельнікам семінара былі прапанаваны заняткі ў трох адукацыйных галінах: “Мастацтва”, “Фізічная культура”, “Дзіця і прырода”. А правялі іх выпускніцы спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя” Ганна Сільчанка, Наталля Лешчанок і Таццяна Аляксеенка. Ужо заўтра дзяўчаты атрымаюць статус маладога спецыяліста і пачнуць сваю прафесійную дзейнасць. Назіраючы за іх заняткамі, разумееш, што такім педагогам смела можна даверыць дашкалят.
Асаблівую цікавасць выклікалі заняткі з дзецьмі старшай групы па тэме “Вада — гэта жыццё”, на якіх хлопчыкі і дзяўчынкі 5—6 гадоў займаліся даследчай работай. Вывучаючы ўласцівасці і значэнне вады, знаёмячыся з асновамі экалагічнай культуры, дзеці паспрабавалі сябе ў ролі хуткай воднай дапамогі: ачышчалі ад смецця імітаваны вадаём і праводзілі дослед па ачышчэнні вады.
За правядзеннем усіх заняткаў назіралі навучэнцы каледжа. Іх задача заключалася ў тым, каб прасачыць кампетэнтнасць выхавальніка, яго агульную культуру, валоданне пэўнымі метадамі, прыёмамі і г.д. і адлюстраваць убачанае і пачутае ў пратаколах назірання. Пасля, абапіраючыся на гэтыя пратаколы, назіральнікі падводзілі вынікі і давалі ацэнку кожным заняткам на пасяджэнні “Школы будучага педагога”, якая дзейнічае ў каледжы пад кіраўніцтвам выкладчыка Г.М.Горскай. Такім чынам аналізуецца ўзровень сфарміраваных педагагічных кампетэнцый у выпускнікоў. Практыка вядзення такіх пратаколаў назірання зацікавіла запрошаных гасцей, многія адзначылі, што хацелі б выкарыстоўваць такі вопыт у сваёй рабоце.
У каледжы ўдзельнікам семінара-практыкуму быў прапанаваны вопыт работы па ўдасканаленні адукацыйнага працэсу, укараненні тэхналогій развіццёвага, асобасна арыентаванага навучання, па ажыццяўленні цэласнага міждысцыплінарнага падыходу. У рамках творчай педагагічнай лабараторыі “Фарміраванне прафесійных кампетэнцый спецыяліста” навучэнцы і педагогі каледжа прадэманстравалі розныя метады і падыходы, у тым ліку маляванне як метад карэкцыйнай работы па развіцці зрокава-маторнай каардынацыі ў дзяцей малодшага дашкольнага ўзросту з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і факультатыўныя заняткі па методыцы ранняга інтэнсіўнага навучання грамаце М.А.Зайцава, галоўным складнікам якога з’яўляюцца незвычайныя кубікі.
Прысутныя азнаёміліся з дзейнасцю рэсурснага метадычнага цэнтра каледжа. Сярод асноўных напрамкаў яго дзейнасці — развіццё даследчай культуры навучэнцаў і прафесійных кампетэнцый будучых педагогаў, кансультацыйная падтрымка як навучэнцаў, так і выкладчыкаў у асваенні найноўшых інфармацыйных тэхналогій, і ўвогуле арганізацыя работы па забеспячэнні якаснай падрыхтоўкі будучых спецыялістаў.
Гасцей чакала і невялікая канцэртная праграма, праз якую арганізатары прадэманстравалі напрамак работы педагагічнага калектыву па фарміраванні сацыяльна-асобасных кампетэнцый спецыялістаў. Вынік такой работы — дзейнасць творчых калектываў, такіх як народны аматарскі тэатральны калектыў “Летуценнiкi”, зводны хор аддзялення спецыяльнасці “Музычная адукацыя”, ансамбль баяністаў і акардэаністаў “Мелодыя”, вакальны ансамбль “Арт-вакал”, народны ансамбль народнай музыкі і песні “Сустрэча”, танцавальны калектыў каледжа і зводны хор народнай песні.
Вынікі семінара-практыкуму былі падведзены на круглым стале. Было выказана шмат меркаванняў, поглядаў, што, безумоўна, сведчыць пра зацікаўленасць удзельнікаў семінара ў перайманні вопыту па падрыхтоўцы будучых педагогаў. Было адзначана, што ў Гомельскім педагагічным каледжы імя Л.С.Выгоцкага сур’ёзна ставяцца да гэтага пытання: навучэнцы, якія дэманстравалі заняткі, пэўныя метады ці прыёмы ў педагагічнай рабоце, паказалі сваё ўменне працаваць з дзецьмі і добрае веданне патрабаванняў вучэбных праграм і дакументаў, якія рэгламентуюць работу дашкольных устаноў і школ.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.