Практыка — добры настаўнік

- 11:15Спартыўныя падзеі

“Не на словах, а на справе” — гэта стала дэвізам удзельнікаў вучэбна-практычнага семінара “Прадметны змест урока фізічнай культуры ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі па тэме “Спартыўныя гульні”, арганізаванага Рэспубліканскім дзяржаўным вучылішчам алімпійскага рэзерву і Рэспубліканскім цэнтрам фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў. Семінар быў накіраваны на маладых спецыялістаў, але і вопытныя педагогі скарысталіся магчымасцю ўдасканаліць свае веды.

Семінар — першы падобны ў рэспубліцы. Звыклых для такіх мерапрыемстваў аўдыторыі і дакладаў не было, усё адбывалася ў спартыўнай зале. Першы майстар-клас правяла настаўніца сярэдняй школы № 3 Вілейкі Таццяна Жук. Педагог паказала некалькі спосабаў дзялення на пары, асвятлення тэорыі ў выглядзе гульні, прадэманстравала ўніверсальную падборку практыкаванняў на развіццё хуткасці і каардынацыі на “лесвіцы”. Семінар быў прысвечаны футболу і валейболу, таму Таццяна Леанідаўна выбрала бегавыя і скачковыя практыкаванні і дадала работу з мячом на той жа “лесвіцы”. Для тых, хто не змог прыехаць, педагог расказала пра адну са сваіх улюбёных гульняў.

— Вучні становяцца ў шарэнгу, адлегласць паміж імі — сантыметраў 50. Удзельнічаць можа адразу ўвесь клас. Настаўнік стаіць да яго тварам і паказвае практыкаванне, напрыклад, рукі ўверх, уніз, прысесці. Вучні павінны паўтараць. Як толькі настаўнік кажа “ўлева” ці “ўправа”, ім трэба пабегчы ў супрацьлеглы бок. Дзеці павінны пастаянна трымаць у галаве ўмовы задання і быць уважлівымі, бо той, хто пабег у іншы бок, выбывае. Педагог можа яшчэ і паказваць рукой, каб больш заблытаць вучняў. На мой погляд, гэта развівае хуткасць, каардынацыю, мысленне і логіку. Гульня простая, але можа зацікавіць увесь клас.

Выкладчыца Рэспубліканскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву Ірына Булыгіна разам з удзельнікамі па дэталях разабрала алімпіядныя практыкаванні па футболе. Яны папрацавалі над жангліраваннем, вядзеннем мяча, абводкай стоек і фішак і ўдарам па варотах. Каб замацаваць вынік, настаўнікі разам з навучэнцамі вучылішча згулялі ў футбол 5х5.

— У большасці былі памылкі па дакладнасці ўдару і абводцы мяча. Але ў цэлым нашы настаўнікі фізкультуры падкаваны добра. Нават дзяўчаты маглі выканаць такі складаны элемент, як жангліраванне мячом, рабілі добрыя перадачы.

Сваімі шматгадовымі напрацоўкамі падзялілася і настаўніца сярэдняй школы № 16 Полацка Святлана Рыбачонак. Яна паказала, як практыкаванне можна штогод удасканальваць, каб дзецям з 5 па 11 клас было цікава яго выконваць. Былі і парады, якія тычыліся алімпіяды па фізічнай культуры і здароўі. Па прычыне таго, што ў гэты раз яе ўдзельнікам, магчыма, прыйдзецца прадэманстраваць свае здольнасці ў некалькіх гульнях, Святлана Уладзіміраўна падабрала такі набор, які дапаможа развіць хуткасць адказнай рэакцыі, рухаў і дакладнасць іх выканання. Гэта спатрэбіцца як у валейболе, так і ў футболе, баскетболе, гандболе.

— Асновай маёй працы з’яўляюцца кінезіялагічныя практыкаванні. Гэта тыя, якія мы робім адразу дзвюма рукамі, і практыкаванні перакрыжаванага тыпу. Іх мы выкарыстоўваем пры вывучэнні любога спартыўнага руху і, у прынцыпе, любой гульні. Напрыклад, бяром мячыкі для вялікага тэнісу. Правай рукой кідаем адзін уверх і з унутранага боку праз левую ловім. Як толькі прынялі мяч, адразу робім такі ж кідок левай рукой і праз унутраны бок ловім правай. Практыкаванне “вагі”: рукі выцягнуты ў бакі, правай рукой падкідваем мяч, як толькі злавілі ў гэтую ж руку, адначасова робім рух левай. Пры гэтым вучню трэба гля­дзець наперад, каб адчуваць мяч, зыходзячы са сваёй сілы разумець, на якую вышыню яго падкідваць. Гэтыя практыкаванні можна выкарыстоўваць як індывідуальна, так і парна, калектыўна, падчас работы каля сцяны.

Педагогам такі варыянт правядзення семінараў падабаецца, усё ж фізічная культура і здароўе — прадмет, у якім без рухаў немагчыма. А калі настаўнік не на словах, а на справе можа прадэманстраваць любое практыкаванне, то да яго і давер большы, і павага ўзрастае, а разам з ёй і жаданне займацца.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота прадастаўлена арганізатарамі семінара.