Практыка круглы год, або У прафесію — праз студэнцкі атрад

Лепшы шлях, які дазваляе зрабіць з “зялёнага” студэнта прафесіянала, — гэта спалучэнне тэарэтычных заняткаў з пастаяннай практыкай. Адзін з найбольш эфектыўных спосабаў аб’яднаць навучэнцаў, згуртаваць іх у моцны калектыў, проста здружыць — даць ім магчымасць папрацаваць у студэнцкім атрадзе. У мінулым годзе выйшаў Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 356, які ўнёс змяненні і дапаўненні ва Указ № 181 “Аб арганізацыі дзейнасці студэнцкіх атрадаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”, згодна з якім працоўны студэнцкі семестр можа працягвацца ўвесь год. У Мінскім дзяржаўным вышэйшым радыётэхнічным каледжы практыка ў студэнтаў праходзіць таксама круглы год, а ў пэўнай іх часткі яна спалучаецца з дзейнасцю ў студатрадзе. Аб тым, што гэта дае, як арганізавана такая работа, мы запыталі кіраўнікоў установы і яе навучэнцаў.

На буйных прадпрыемствах

—У нашым каледжы прадстаўлены чатыры напрамкі, па якіх могуць быць створаны студэнцкія атрады: валанцёрскі, будаўнічы, педагагічны (каледж рыхтуе і інжынераў-выкладчыкаў), сэрвісны, — гаворыць прарэктар па выхаваўчай рабоце МДВРК Тамара Антонаўна Парафіяновіч. — Сёлета, праўда, не было будаўнічага студатрада, але летась такіх атрадаў дзейнічала два. Іх удзельнікі актыўна працавалі на падрыхтоўцы аб’ектаў да чэмпіянату свету па хакеі. І ў перспектыве, канечне, будаўнічыя атрады нашых студэнтаў адновяць сваю работу.
Па словах прарэктара, круглы год дзейнічаюць толькі сэрвісныя атрады. Цікава, што байцы ў ім пастаянна мяняюцца: склад атрада залежыць ад таго, якія студэнты праходзяць практыку на вытворчасці. Зразумела, што такая практыка ў навучэнцаў радыётэхнічнага каледжа была заўсёды, але праца падчас яе праходжання ў складзе сэрвіснага атрада дазваляе хлопцам і дзяўчатам атрымліваць заработную плату з пэўнымі падатковымі льготамі. Так удаецца спалучаць карысць ад набыцця прафесійных навыкаў і матэрыяльны складнік — таксама немалаважны для навучэнцаў, многія з якіх, прынамсі, з малазабяспечаных сем’яў.
У гэтым навучальным годзе сэрвісныя студэнцкія атрады круглы год працуюць на мінскіх прадпрыемствах — ЗАТ “Атлант” і ААТ “Інтэграл”. І калі вопыт круглагадовага супрацоўніцтва з “Атлантам” у каледжа ўжо ёсць, то з “Інтэгралам” у рэжыме пастаяннай студатрадаўскай работы МДВРК супрацоўнічае першы сезон.
Камандзірам аднаго з сэрвісных атрадаў была чацвёртакурсніца факультэта прафесійнай адукацыі Настасся Кныш. У складзе атрада, якім кіравала Насця, было ўсяго чатыры дзяўчынкі. Тым не менш мужчынская большасць выбрала камандзірам менавіта яе, пры тым што сёлета яна ўпершыню ў сваім жыцці працавала ў складзе студэнцкага атрада.
— Думаю, каб стаць камандзірам, трэба быць актыўным і ўмець весці за сабой іншых, — заўважае Настасся. — У мяне, здаецца, гэта атрымалася, ды і хлопцы падабраліся адказныя. Працавалі мы на “Атланце”, прычым спачатку проста праходзілі там месячную практыку, потым жадаючыя засталіся на прадпрыемстве яшчэ на месяц, ужо ў складзе студэнцкага атрада.
Як расказала дзяўчына, хлопцы выконвалі больш цяжкую работу, удзельнічалі ў зборы пральных машын, у дзяўчат была менш фізічна складаная работа. Тут неабходна зрабіць адну немалаважную заўвагу: студэнты вышэйшага радыётэхнічнага каледжа падчас вучобы набываюць у тым ліку рабочыя спецыяльнасці і таму могуць удзельнічаць у пэўных аперацыях па зборцы тэхнікі. Прычым практыкі, якія даюць навучэнцам рабочую кваліфікацыю, пачынаюцца з першага курса.
Зарплаты ў маладых людзей, якія працавалі на “Атланце” ў студатрадзе Насці Кныш, склалі каля 5 млн рублёў у хлопцаў (за больш цяжкую працу) і 2— 4 млн у дзяўчат. Гэтыя грошы дасталіся маладым людзям не за прыгожыя вочы, а за поўны васьмігадзінны рабочы дзень, які пачынаўся ў 6.45. Падымацца даводзілася, канечне, вельмі рана, і гэта падчас канікул. Тым не менш студэнтаў цяжкасці не напалохалі. Большасць з іх, дарэчы, іншагароднія, жылі ў інтэрнаце каледжа, харчаваліся або ў сталовай прадпрыемства, або прыносілі ежу з сабой.
— Гэта добрая магчымасць зарабіць, — заўважае камандзір атрада. — Дапамагчы бацькам, займець уласныя грошы ўсе хочуць. Калі будзе магчымасць яшчэ папрацаваць у такім атрадзе, я, зразумела, не адмоўлюся. Асабліва калі ўсё будзе арганізавана не горш, чым сёлета, і ўмовы працы не пагоршацца. Хаця спачатку нам, канечне, было цяжка, і працоўныя мазалі балелі, але паступова мы ўцягнуліся.
Такім чынам, работа ў студатрадзе летам многіх можа падштурхнуць і да работы ў круглагадовым сэрвісным атрадзе. А яшчэ падчас такой работы студэнты паспяваюць паўдзельнічаць у спартыўных спаборніцтвах, арганізаваць канцэрт ці іншае мерапрыемства. Так, хлопцы з атрада, дзе камандзірам была Настасся Кныш, перамаглі работнікаў ЗАТ “Атлант” у таварыскім футбольным матчы.
Сэрвісны атрад, які працуе на “Атланце”, спачатку называўся “Фрэон”, цяпер жа ён носіць імя Героя Савецкага Саюза Івана Елісеевіча Самбука, былога выкладчыка каледжа. Працуючы ў ім, як і ў атрадзе ААТ “Інтэграл”, студэнты, безумоўна, замацоўваюць прафесійныя ўменні і навыкі, а яшчэ, што, на мой погляд, не менш важна, у іх фарміруецца прафесійнае стаўленне да будучай работы, матывацыя да атрымання прафесіі, асэнсаваны падыход да яе. Хтосьці можа і расчаравацца, канечне. Што тут скажаш? Калі такое адбудзецца, то няхай раней, чым позна, калі чалавек ужо закончыць навучальную ўстанову і атрымае дыплом. Лепш змяніць прафесійны шлях у маладым узросце, чым усё жыццё займацца нелюбімай справай.
Прынамсі, яшчэ ў пачатку 2014 года сэрвісны атрад, які тады называўся “Фрэон”, быў прызнаны лепшым студатрадам Савецкага раёна сталіцы. Не апошнюю ролю ў гэтым адыграла менавіта тое, што атрад круглагадовы.

Каманда маладосці нашай

Рэктар радыётэхнічнага каледжа Сяргей Мікалаевіч Анкуда сам калісьці быў актыўным студатрадаўцам. Пасля заканчэння першага курса Мінскага радыётэхнічнага інстытута працаваў у будаўнічым атрадзе ў Старадарожскім раёне. Пазней была работа з цяжкімі падлеткамі таксама ў рамках студатрадаўскага руху. Затым, пасля заканчэння МРТІ, — работа ў штабе працоўных спраў. Стаў камандзірам занальнага штаба. Так што аб рабоце студэнцкіх атрадаў рэктар ведае не па чутках і вывады аб мэтазгоднасці арганізацыі студатрадаў, выхадзе іх дзейнасці за рамкі летняга працоўнага семестра робіць цалкам абгрунтаваныя.
— Студатрадаўскі рух мае на ўвазе галоўную мэту — выхаванне і развіццё маладога чалавека, яго сацыяльную адаптацыю і сацыяльны рост. Матэрыяльнае заахвочванне гэтай мэце не супярэчыць, — адзначае С.М.Анкуда. — Хаця нашы сэрвісныя атрады, не буду хлусіць, узніклі з таго калектыву студэнтаў, які фарміраваўся для дапамогі “Атланту”. Так, паступова пажаданні прадпрыемства, дзе нашы студэнты набываюць рабочыя прафесіі, і запыты маладзёжнага руху перараслі ў стварэнне студатрадаў. На вытворчасці гэтага прадпрыемства ёсць неабходнасць і ў электрамантажных, і ў радыёналадачных работах — якраз па нашым профілі. Спачатку мы стварылі рабочую брыгаду па дапамозе прадпрыемству (гэта было больш за два гады назад). Потым брыгада лагічна ператварылася ў студэнцкі атрад. Хацелі аб’яднаць прыемнае з карысным, і гэта атрымалася. Мы і рамкі практыкі тады пашырылі, а нядаўна дабавілі яшчэ некалькі яе напрамкаў, напрыклад, па спецыяльнасці “Наладчык складанага электроннага абсталявання”.
Па словах Сяргея Мікалаевіча, студатрадаўскі рух і ў каледжы ніколі не затухаў, толькі мяняў свае формы. Зараз адна з найноўшых яго форм — работа круглагадовых атрадаў. “Атлант” і “Інтэграл” сталі пляцоўкамі для развіцця гэтага напрамку дзякуючы таму, што гэта вялікія аб’яднанні, на якіх заўсёды знойдзецца месца для студатрадаўцаў, да таго ж на абодвух прамысловых гігантах добра развіты маладзёжны рух. На малых прадпрыемствах, з якімі каледж таксама супрацоўнічае, безумоўна, стварыць студатрад цяжка. Але, па словах прарэктара па выхаваўчай рабоце Т.А.Парафіяновіч, перспектыва для стварэння круглагадовых сэрвісных атрадаў на іншых прадпрыемствах таксама ёсць.
З 1870 навучэнцаў вышэйшага радыётэхнічнага каледжа каля 20 % заняты ў студатрадаўскім руху. Напрыклад, байцы валанцёрскага атрада летам удзельнічалі ў рамонце інтэрната, што гарантавала ім жылыя месцы. Так што, хоць зарплата для валанцёраў і не прадугледжана, пэўныя і вельмі значныя выгады яны атрымалі.
А яшчэ члены студэнцкага валанцёрскага атрада “Крок насустрач” бясплатна распрацавалі сайты для дзіцячых садоў Савецкага раёна сталіцы. А для сада № 19, які наведваюць дзеці з праблемамі зроку, навучэнцы каледжа стварылі навучальную камп’ютарную праграму, каб малыя маглі хаця б крыху далучыцца да свету камп’ютараў. З прапановай распрацаваць сайты для дзіцячых дашкольных устаноў да каледжа звярнулася ўпраўленне адукацыі адміністрацыі Савецкага раёна Мінска. А паколькі ў каледжы ёсць валанцёрскі атрад, адразу было зразумела, каму даручыць гэтую справу. Разгарнулі цэлы праект пад назвай “МДВРК дзецям: стварэнне і распрацоўка інфармацыйна-адукацыйных рэсурсаў”. Першым этапам праекта была дабрачынная дапамога дзіцячым установам раёна, у тым ліку сацыяльным прытулкам. Пазней у каледжы вырашылі залічыць работу валанцёраў па стварэнні сайта ў якасці курсавых работ.
Атрад валанцёраў МДВРК — самы вялікі па колькасці байцоў, звычайна ў яго ўваходзіць да 120-ці чалавек. Педагагічны атрад, які сёлета працаваў у расійскай Анапе, а летась у Наварасійску, складаецца з 30—35 чалавек, будаўнічы мае прыкладна такі ж колькасны склад. Сэрвісныя студэнцкія атрады летам налічваюць да 55 навучэнцаў, восенню, зімой і вясной — па 30—35 чалавек.
Байцы чарговага круглагадовага сэрвіснага атрада хутка распачнуць работу на ААТ “Інтэграл”. Папярэдне атрад працаваў там да 30 лістапада, адначасова праходзячы вытворчую практыку.
— Гэта было сумесным рашэннем адміністрацый аб’яднання і каледжа. Таксама сумесна былі праведзены ўсе неабходныя інструктажы і заняткі са студэнтамі, — расказвае Т.А.Парафіяновіч.
“Інтэграл”, дарэчы, з’яўляецца генеральным заказчыкам кадраў Мінскага дзяржаўнага вышэйшага радыётэхнічнага каледжа. Ужо шмат гадоў складаныя тэхналагічныя курсы чытаюць для навучэнцаў каледжа непасрэдна на прадпрыемстве, што займае 4—6 гадзін у тыдзень. Спачатку маладыя людзі праслухваюць тэарэтычную частку, потым апранаюць спецыяльнае адзенне і ідуць на вытворчасць вывучаць на практыцы тое, пра што даведаліся ў тэорыі. У 2010 годзе каледж адкрыў на “Інтэграле” сваю лабараторыю, а ў 2012 — філіял кафедры радыёэлектронікі.
З “Атлантам” сітуацыя крыху іншая: тут каледж у асноўным арыентуецца на вузлавую зборку.
Такім чынам, сувязі паміж прадпрыемствамі і навучальнай установай вельмі цесныя. З выпускнікоў 2014 года прыкладна 27% трапілі менавіта на аб’яднанне “Інтэграл”, 4% атрымалі размеркаванне на ЗАТ “Атлант”.
Як лічаць у каледжы, работа на прадпрыемстве падчас практыкі — справа такая: прыйшоў — адпрацаваў — пайшоў. Для ўдасканалення прафесійных навыкаў гэта, безумоўна, неабходна, але, выхаваўчы момант не зусім спрацоўвае, маральны складнік не вельмі выразны. А сумяшчэнне практыкі і дзейнасці сэрвіснага атрада мяняе сітуацыю.

***

Мне як журналісту нярэдка даводзіцца стасавацца з удзельнікамі і арганізатарамі студэнцкіх атрадаў навучальных устаноў. У іх розная работа, розная зарплата. Як правіла, у атрады маладыя людзі трапляюць па конкурсе, бо студатрад — гэта магчымасць зарабіць пры абавязковых сацыяльных гарантыях, адначасова атрымаўшы неабходныя для будучай прафесійнай дзейнасці практычныя навыкі ці проста ўменні, якія спатрэбяцца ў жыцці. Таму работа ў студэнцкіх атрадах і не страчвае сваёй папулярнасці. У радыётэхнічным каледжы ёсць студэнты, якія паспяваюць працаваць і ў валанцёрскім, і ў будаўнічым атрадах, дзе работа аплачваецца. Прыходзячы ў атрад, каб зарабіць грошай, атрымліваюць у ім нешта большае — сяброў на ўсё жыццё, успаміны пра бескарыслівую дапамогу тым, каму яна была неабходна, пра новыя мясціны, якія ўбачылі.

Марына ХІДДЖАЗ.