Практыка лідарства

- 14:54Адукацыйная прастора, Навіны рэгіёнаў

Развіццё інтэлектуальнай адоранасці навучэнцаў: арганізацыйны аспект.

У сучаснай сістэме адукацыі Рэспублікі Беларусь задача развіцця інтэлектуальнай адоранасці навучэнцаў з’яўляецца адной з прыярытэтных. Ад таго, наколькі дасведчанымі будуць педагогі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі ў пытаннях выяўлення і падтрымкі такіх школьнікаў, залежаць іх далейшая самарэалізацыя і паспяховасць у будучыні.

І гэта толькі матэматыкі! Пераможцы заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды з настаўнікамі Аляксандрам Шугалем і Святланай Матросавай.

Асноўнай формай арганізацыі адукацыйнага працэсу для такіх вучняў застаецца ўрок. Тут значны пераход да навучання не столькі фактам, колькі ідэям і метадам, якія развіваюць мысленне, заахвочваюць да самастойнай работы, арыентуюць на далейшую самаадукацыю і самаўдасканаленне. Важную ролю ў развіцці прадметных кампетэнцый навучэнцаў адыгрывае профільная адукацыя. У гімназіі арганізавана работа 5 асноўных профіляў пачынаючы з 8 класа. Ранняя прафілізацыя дазваляе ў вучэбнай дзейнасці ўдзя­ліць больш увагі адораным дзецям, вывесці іх на высокія адукацыйныя вынікі за кошт паглыблення вывучанага матэрыялу, магчымасці больш дэталёвай прапрацоўкі тэм, выкарыстання даследчага падыходу да навучання.

Да асноўных напрамкаў пазаўрочнай дзейнасці па развіцці інтэлектуальнай адоранасці адносяцца ўдзел гімназістаў у розных конкурсах адукацыйнай накіраванасці, навукова-даследчай дзейнасці, у інтэлектуальных гульнях, падрыхтоўка на факультатывах па аўтарскіх методыках вядучых педагогаў і, нарэшце, ­удзел дзяцей у алімпіядным руху. У інтэлек­туальных спаборніцтвах закладзены наймацнейшы стымул самаразвіцця асобы, падмурак умення працаваць і дасягаць выніку. Акрамя таго, паспяхо­васць у алімпіядным руху дазваляе выпускнікам без экзаменаў пасту­піць ва ўніверсітэт адпаведнага профілю, мець шырокае поле варыятыўных магчымасцей пры вызначэнні свайго прафесійнага лёсу.

Важна адзначыць і такі аспект, як стварэнне ва ўстанове адукацыі асаблівага “каштоўнаснага поля”, якое ўключае ў сябе станоўчыя аксіялагічныя арыенціры ганаровасці інтэлектуальнай працы. Ментальныя асновы асобы навучэнцаў гімназіі грунтуюцца на прэстыжы такіх каштоўнасных установак, як быць патрыётам, быць высокаадукаваным, шмат працаваць для дасягнення мэты, удзельнічаць і перамагаць, рэалізоўваць праекты, працаваць самастойна. Пазітыўны імідж такіх мэтавых установак дазваляе навучэнцам больш поўна рэалізавацца, адчуваць сябе камфортна ў атмасферы падтрымкі педагогаў, бацькоў, аднакласнікаў.

У 2021/2022 навучальным годзе на абласной алімпіядзе нашы навучэнцы заваявалі 57 дыпломаў, а на заключным этапе рэспубліканскай — 28 дыпломаў па 10 прадметах, другі год запар упэўнена лідзіруючы ў агульным заліку ў краіне.

Гэтая сістэма работы дала магчымасць дасягнуць важкіх вынікаў, адных з лепшых у сістэме агульнай сярэдняй адукацыі краіны. Так, у 2021/2022 навучальным го­дзе на абласной алімпіядзе нашы навучэнцы заваявалі 57 дыпломаў, а на заключным этапе рэс­публіканскай — 28 дыпломаў па 10 прадметах, другі год запар упэўнена лідзіруючы ў агульным заліку ў краіне. У мінулым навучальным годзе гімназісты заваявалі 11 медалёў афіцыйных міжнародных алімпіяд, якія ўваходзяць у пералік Міністэрства адукацыі Рэспуб­лікі Беларусь, па матэматыцы, інфарматыцы, геаграфіі. Па выніках XVIII Міжнароднай Жаўтыкаўскай алімпіяды па матэматыцы прадстаўнікі гімназіі Віцебска прынеслі ў скарбонку Беларусі 6 медалёў, у выніку чаго гімназія па колькасці ўзнагарод увайшла ў тройку лепшых матэматычных цэнтраў сярод больш як 140 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі свету.

Ужо шмат гадоў запар гімназія з’яўляецца таксама самай выніковай у Віцебскай вобласці і краіне па навукова-даследчай дзейнасці школьнікаў. У мінулым навучальным годзе гімназісты заваявалі 10 дыпломаў на абласной навукова-практычнай канферэнцыі “Эўрыка” і 5 — на рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару. Дар’я Лаўрыновіч стала дыпламанткай рэспубліканскага конкурсу біёлага-экалагічных работ. Улад Сушко заваяваў сярэбраны медаль на Міжнароднай канферэнцыі маладых вучоных у секцыі “Прыродазнаўчыя навукі”.

Хачу яшчэ раз акцэнта­ваць увагу на найважнейшай дзяржаўнай задачы любой установы агульнай сярэдняй адукацыі, звязанай з паступленнем таленавітай моладзі ў беларускія УВА. Яе выкананне павінна стаць краевугольным каменем арганізацыі праф­арыентацыйнай работы. Лічу, што гімназія змагла дасягнуць дастойных вынікаў і ў гэтым напрамку работы з адоранымі дзецьмі. Так, усіх шасцярых пераможцаў рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд, якія скончылі гімназію сёлета, былі гатовы без экзаменаў прыняць вядучыя ўніверсітэты Расійскай Федэрацыі. Аднак дзякуючы сур’ёзнай рабоце педагагічнага калектыву, пяцёра з названых выпускнікоў засталіся на Радзіме, выбралі беларускія УВА. У такім кантэксце мне здаецца абсалютна своечасовым і неабходным рашэнне Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь аб магчымасці паступлення без экзаменаў абітурыентаў па выніках не толькі рэспубліканскіх і міжнародных, але і ўніверсітэцкіх алімпіяд пачынаючы з наступнага навучальнага года.

Другі важны вектар прафарыентацыйнай работы гімназіі — арыентацыя моладзі на паступленне ў рэгіянальныя УВА з мэтай развіцця кадравага патэнцыялу роднай Віцебшчыны. Калі прааналізаваць паступленне ў вышэйшыя навучальныя ўстановы выпускнікоў гімназіі за 4 гады, то мы бачым, што сярод лідараў па запатрабаванасці 4 універсітэты вобласці, прычым наш галоўны партнёр — ВДУ імя П.М.Машэрава — займае абсалютнае першае месца.

 

Арганізацыйная дзейнасць па падрыхтоўцы да выніковага ўдзелу ў алімпіядах па вучэбных прадметах уключае ў сябе:

штодзённыя заняткі навучэнцаў з педагогамі гімназіі ў рамках пэўнай прадметнай галіны, удзел у дыстанцыйных алімпіядах і конкурсах;

арганізацыю на працягу года заняткаў з выкладчыкамі ўніверсітэтаў-партнёраў, ВДУ імя П.М.Машэрава і медыцынскага ўніверсітэта, па 8 прадметах;

арганізацыю семінараў для адораных навучэнцаў з удзелам выпускнікоў гімназіі, пераможцаў міжнародных і рэспубліканскіх алімпіяд, членаў савета маладых вучоных Рэспублікі Беларусь;

работу профільных лагераў;

удзел у зборах па падрыхтоўцы да заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды, якія арганізуюцца галоўным упраўленнем па адукацыі аблвыканкама, абласным інстытутам развіцця адукацыі; у зборах па падрыхтоўцы да міжнародных алімпіяд на базе Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра “Зубраня”;

актыўны ўдзел гімназістаў у тэматычных зменах Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка;

набыццё сучаснай энцыклапедычнай і даведачнай літаратуры, высокатэхналагічнага вучэбнага абсталявання;

забеспячэнне максімальна спрыяльных умоў для алімпіяднікаў (штодзённы доступ да цэнтра інфармацыйных рэсурсаў, матэрыяльнае і маральнае заахвочванне пераможцаў падчас свята “Гімназіст года”, фінансаванне з пазабюджэтных крыніц удзелу ў міжнародных алімпіядах і канферэнцыях) і многае іншае.

Канстанцін КІСЯЛЁЎ, 
дырэктар гімназіі № 2 Віцебска, член савета спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.
Фота Таццяны БОНДАРАВАЙ.