Пралічваць на перспектыву

- 14:35Магілёўшчына

Існуе меркаванне, што эфектыўна і вынікова можна займацца толькі адным відам дзейнасці, не распыляючыся і не разменьваючыся на дробязі. Навучэнцы магілёўскай гарадской гімназіі № 1 паспяхова развянчалі гэты міф: яны не толькі дабіваюцца высокіх вынікаў у вучэбнай дзейнасці, але і пакараюць вяршыні творчага алімпу музычна-эстэтычнага напрамку. 16 разоў гімназія станавілася лепшай у горадзе і 8 разоў — у вобласці. Па выніках 2017 года сярод устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Магілёўшчыны яна зноў пераможца спаборніцтваў на лепшую арганізацыю работы па ажыццяўленні адукацыйнай дзейнасці.

Магілёўская гарадская гімназія № 1 — гэта ўстанова са сваім стылем, традыцыя­мі, станоўчым іміджам і статусам. На сёння ў ёй займаюцца 1310 навучэнцаў. Аснову ўстановы складае творчы калектыў аднадумцаў, які пастаянна ўдасканальваецца, ставіць перад сабой смелыя задачы і мэтанакіравана ідзе да іх рэалізацыі.

— Наш педагагічны калектыў не ўяўляе сябе па-за інавацыйнай дзейнасцю, што дазваляе гімназіі пастаянна развівацца, а настаўнікам — творча асэнсоўваць інавацыі, укараняць атрыманы вопыт у практыку работы і вучыць гэтаму калег з іншых устаноў адукацыі, — адзначае дырэктар гімназіі Аляксандр Фёдаравіч Цвілік. — У метадычным багажы педагогаў вялікая колькасць адукацыйных методык, тэхналогій, мадэлей: актыўная ацэнка і прадукцыйнае навучанне, мадэль мультыпрофільнай школы, сучасныя медыятэхналогіі і інш. Усё гэта дазваляе эфектыўна будаваць індывідуальныя адукацыйныя маршруты гімназістаў, ставіць перад сабой амбіцыйныя мэты і дасягаць іх.

Дзякуючы ­назапашанаму іна­вацыйнаму вопыту, калектыў гім­назіі атрымаў магчымасць удзельні­чаць у рэалізацыі рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі Рэспубліканскага інавацыйнага цэнтра як кампанента адзінай адукацыйнай прасторы”. Яго мэта — рэалізацыя прыярытэтных напрамкаў развіцця сістэмы бесперапыннай прафесійнай адукацыі педагагічных работнікаў шляхам укаранення мадэлі дзейнасці рэспубліканскіх інавацыйных цэнтраў. Іншымі словамі, гімназія атрымала магчымасць у статусе інавацыйнага цэнтра трансліраваць назапашаны педагогамі багаты інавацыйны вопыт. На працягу апошніх двух гадоў настаўнікамі гімназіі распрацавана і праведзена больш за 20 майстар-класаў, семінараў, ­аўтарскіх педмайстэрань і інш. Каштоўнасць гэтай работы ў тым, што ўдзельнікі згаданых метадычных мерапрыемстваў атрымліваюць уяўленне аб эфектыўных ­і інавацыйных методыках, тэхналогіях і мадэлях, праходзячы навучанне ў непасрэдных носьбітаў вопыту — педагогаў-практыкаў, якія дабіліся на гэтым напрамку пэўных вынікаў.

Другі рэспубліканскі інавацыйны праект, што рэалізоўваецца педагогамі гімназіі, — “Укараненне мадэлі фарміравання медыякультуры навучэнцаў ва ўмовах сучаснага інфармацыйна-камунікацыйнага асяроддзя ўстаноў адукацыі”. Актуальнасць праекта абумоўлена значным уплывам сродкаў масавай камунікацыі на фарміраванне ведаў, эстэтычных уяўленняў і засваенне норм этыкі сучаснымі школьнікамі. Актыўнае выкарыстанне навучэнцамі адукацыйнага патэнцыялу медыйных рэсурсаў для самаразвіцця і самарэалізацыі, рост колькасці крыніц інфармацыі, рэзкае павышэнне шчыльнасці інфармацыйных патокаў, узрастанне агрэсіўнасці медыяасяроддзя ставяць перад установай адукацыі задачы не толькі па фарміраванні ў навучэнцаў уменняў дэкадзіраваць і крытычна ­ацэньваць медыяінфармацыю, але і па ўдасканаленні навыкаў бяспечнага выкарыстання рэсурсаў медыя.

Па словах дырэктара гiмназii, каб больш поўна рэалізоўваць патэнцыял адораных і высокаматываваных навучэнцаў, ва ўстанове створана сістэма работы, якая забеспячвае пабудову індывідуальных адукацыйных маршрутаў. Для падрыхтоўкі дзяцей пяцігадовага ўзросту да навучання працуе суботняя школа “Развіццё”. Сёння яе наведваюць больш за 300 дзяцей пяцігадовага ўзросту — адкрыта 12 груп. Навучанне ў гімна­зіі трохступеньчатае. Першая ступень — пачатковая школа пры гімназіі, якая забяспечвае атрыманне трывалай асновы для паспяховага навучання. Пры перахо­дзе ў 5 клас, па запытах бацькоў, дзеці, якія праяўляюць ціка­васць да матэматыкі больш за іншых і валодаюць пэўным патэнцыялам, аб’ядноўваюцца ў спецыялізаваны клас. Навучэнцам 8—9 класаў прадастаўляецца магчымасць перадпрофільнай дыферэнцыяцыі навучання па адным з кірункаў: фізіка-матэматычным, філалагічным і хіміка-біялагічным. Завяршальны этап — навучанне па мадэлі мультыпрофільнай школы з магчымасцю выбару індывідуальных вучэбных планаў і пабудовы ўласнай адукацыйнай траекторыі ў межах дапушчальнай вучэбнай нагрузкі. Перавага аддаецца тым прадметам, якія неабходны для будучай прафесіі. Шырокі выбар заняткаў па інтарэсах, факультатываў і іншых відаў пазакласнай дзейнасці дапамагае творчай рэалізацыі навучэнцаў.

Сістэма работы гімназіі прыносіць свой плён. За апошнiя пяць гадоў навучэнцамі ўстановы было заваявана 353 дыпломы на гарадскім, 78 — на абласным і 13 — на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. У мiнулым годзе два гімназісты сталі пераможцамі алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць”, у 2013 годзе навучэнка гiмназii стала абсалютнай пераможцай гэтай алiмпiяды. Найбольш значных поспехаў у рабоце з адоранымі і высокаматываванымі навучэнцамі дасягнулі настаўнік матэматыкі Я.І.Слаін, настаўніца рускай мовы і літаратуры В.М.Татарава, настаўніца харавых дысцыплін Т.М.Галіноўская. Сярэдні бал па выніках цэнтралізаванага тэсціравання летась склаў 64,3, што з’яўляецца адным з лепшых вынікаў у вобласці. Стабальныя вынікі для ўстановы не рэдкасць: сёлета гімназісты атрымалі па 100 балаў па матэматыцы і рускай мове і літаратуры, летась — па беларускай і англійскай мове. Працэнт паступлення навучэнцаў ва УВА штогод не апускаецца ніжэй за 95 працэнтаў.

Творчыя здольнасці навучэнцаў можна і неабходна фармі­ра­ваць, выпрацоўваючы пэўныя ўменні і навыкі. Гэтую задачу паспяхова вырашае сістэма дадатковай адукацыі. У гімназіі працуюць спартыўныя секцыі, аб’яднанні па інтарэсах (“Мастацтва рукадзелля”, “Чараўнік”, “Палітра”, “Займальная эканоміка”, “Юны журналіст” і інш.), узорныя творчыя калектывы (узорны эстрадны аркестр, аркестр беларускіх народных інструментаў, узорная вакальная студыя “Натхненне”, узорны харэаграфічны ансамбль “Эксклю­зіў”). Ігры на музычных інструментах вучацца больш за 200 навучэнцаў.

Вялікае значэнне ў выхаванні сацыяльна актыўнай асобы ма­юць традыцыі. У гімназіі право­дзіцца больш за 30 традыцыйных мерапрыемстваў, у якіх прымаюць удзел не толькі навучэнцы, але і іх бацькі. Друкаваным органам вучнёўскага самакіравання ўстановы на працягу больш як 10 гадоў з’яўляецца газета “Статус КВО” — прызёр Рэспубліканскага фестывалю школьных СМІ “Свежы вецер”.

Навучэнцамі і творчымі калектывамі гімназіі заваявана больш за 260  дыпломаў на міжнародных музычных і творчых фестывалях і конкурсах. Так, Лідзія Заблоцкая стала бронзавым прызёрам на IX Міжнародным дзiцячым конкурсе “Еўрабачанне” ў Ерэване. Марыя Магільная — уладальніца гран-пры на дзіцячым песенным конкурсе “Славянскі Базар у Віцебску — 2017”. Навучэнцы гімназіі — удзельнікі тэлевізійнага конкурсу “Голас” (Настасся Дзмітрачкова, Мiкiта Уласенка, Марыя Магільная). Дарэчы, з юнымі талентамі гімназіі прадстаўнікі “Настаўніцкай газеты” змаглі пазнаёміцца на музычным канцэрце, які быў арганізаваны спецыяльна для гасцей.

— Стыль работы нашага калектыву — працаваць на перспектыву. Перш чым пачаць чымсьці займацца, мы прадумваем усё на некалькі крокаў наперад: наколькі эфектыўным будзе новаўвядзенне ці пэўны від дзейнасці, наколькі карысным стане для дзяцей, настаўнікаў, бацькоў. Так было з адкрыццём гімназіі. Гэтак жа і зараз з укараненнем электроннага журнала і дзённіка, падрыхтоўчы этап якога ўжо пройдзены. У пачатку наступнага навучальнага года згаданая сістэма будзе ўведзена ў шэрагу паралелей, — адзначае А.Ф.Цвілік.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Ігара ГРЭЧКІ.