Прама, налева, а можа, направа, або Як не заблукаць на беларускай зямлі?

Думаю, у Год гасціннасці ў якасці эксперымента было б цікава прапанаваць групе турыстаў, скажам, з Германіі або Польшчы, замест дапамогі экскурсавода, інтэрнэту або GPS-навігатара пакарыстацца падчас падарожжа па нашай краіне толькі інфармацыйнымі знакамі і паказальнікамі. Ці не заблукаюць яны на прасторах маляўнічай беларускай зямлі? Ці з лёгкасцю дабяруцца да старадаўніх замкаў, старасвецкіх сядзіб? Якую дапамогу ў гэтым плане ім могуць аказаць установы адукацыі?

Vulica або street

Напярэдадні прыезду ў Мінск шматтысячнай арміі хакейных балельшчыкаў у метро, на сталічных праспектах, плошчах і вуліцах нарэшце з’явіліся інфармацыйныя знакі, якія падказваюць замежным гасцям на беларускай, англійскай мовах (або лацінскай транскрыпцыі), дзе знаходзіцца vierchni horad або vulica Niamiha, дзе шукаць Trajeckaje pradmiescie. Гэтая, безумоўна, карысная, асабліва ў Год гасціннасці, справа не засталася без увагі інтэрнэт-супольнасці. На айчынных форумах літаральна на наступны дзень пачалося актыўнае абмеркаванне, якое і цяпер нярэдка перарастае ў спрэчкі. Адны фарумчане пагаджаюцца з правільнасцю vulica Niamiha і Trajeckaje pradmiescie, іншым такая транскрыпцыя рэжа слых і яны прапаноўваюць пісаць Niamiha street і Trajeckaje suburb.
Відавочна, што ствараць падобныя паказальнікі варта было б з прыцягненнем не толькі філолагаў-тэарэтыкаў, але і замежных гасцей, а таксама звычайных прахожых, — адным словам, усіх, каму неабыякава турыстычная прываблівасць беларускай сталіцы. Аднак тое, што падобныя паказальнікі ўсталяваны, — ужо добра, бо яшчэ зусім нядаўна Мінск у плане інфармавання прахожых аб сваіх гістарычных, культурных і архітэктурных славутасцях знаходзіўся далёка не ў першай дзясятцы еўрапейскіх сталіц. Спадзяёмся, гэтае адставанне ўжо ў мінулым.

А што за кальцавой?

Падобныя знакі ўсталёўваюцца не толькі ў Мінску і не толькі ў Год гасціннасці. Яшчэ ў 2008 годзе ў рамках Рэспубліканскай акцыі навучэнскай моладзі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” праводзіўся конкурс стэндаў і інфармацыйных буклетаў малой радзімы з пазначэннем адметных мясцін малой радзімы. Конкурс стаў своеасаблівай справаздачай устаноў адукацыі па даследаванні роднага краю. Па ўмовах конкурсу настаўнікам і вучням было прапанавана змясціць на стэндах і знаках інфармацыю пра найбольш адметныя аб’екты роднага краю ў напрамках геалогіі, геамарфалогіі, гідраграфіі, расліннага і жывёльнага свету, гісторыі і культуры, археалогіі, тапанімікі, фальклору, этнаграфіі, эканомікі; звесткі пра знакамітых землякоў, падзеі ваеннай гісторыі.
У будынках школ, на тэрыторыі ўстаноў адукацыі, нібыта грыбы пасля цёплага летняга дажджу, пачалі з’яўляцца арыгінальныя стэнды і карты. Яны абавязкова дапамогуць кожнаму чалавеку, у першую чаргу падарожніку-краязнаўцу, які апынуўся ў незнаёмай вёсцы ці горадзе, без асаблівых цяжкасцей азнаёміцца з гісторыка-культурнымі, прыроднымі асаблівасцямі пэўнага рэгіёна, дабрацца да цікавых мясцін. І гэта добра, бо аматары падарожжаў добра ведаюць, як часам складана даводзіцца спланаваць маршрут далейшай вандроўкі ў невядомай мясцовасці. Часта хочацца як мага хутчэй пабачыць старадаўнюю царкву або паглядзець, як шпілі касцёлаў падпіраюць аблокі, пасядзець спякотным летнім днём у цяні разгалістага дуба, пра які складзена шмат легенд і паданняў. Ды толькі нярэдка даводзіцца падоўгу распытваць у людзей патрэбную дарогу. Канечне, GPS-навігатар, інтэрнэт значна палягчаюць пошукі, але ж куды прыемней даведацца пра сваё месцазнаходжанне не па смартфоне або планшэце, а, напрыклад, па валуне, на якім намалявана стракатая карта.

Валуны-экскурсаводы

Менавіта такі валун-экскурсавод сустракае гасцей на тэрыторыі Вядрэнскага дзіцячага сада — базавай школы Чашніцкага раёна Віцебскай вобласці. Дарэчы, за арыгінальнасць яго афармлення калектыў установы адукацыі быў адзначаны па выніках конкурсу падзячным лістом Міністэрства адукацыі. Блакітнай, зялёнай, белай фарбамі тут намаляваны азёры Харакоўскае і Вядрэнскае, гарадзішча ранняга жалезнага веку, святая крыніца, помнікі, пастаўленыя на месцы знішчэння карнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны жыхароў вёскі Асташова, пахавання партызан у Тарантове.
— Гэты валун мы знайшлі на полі ў ваколіцах вёскі, калі разам з вучнямі дапамагалі мясцовай гаспадарцы збіраць каменне. Кіраўніцтва гаспадаркі выдзеліла трактар, з дапамогай якога валун і прывезлі на тэрыторыю школы. Сваімі вялікімі памерамі камень нібыта падказваў, што на ім добра было б размяціць якую-небудзь інфармацыю. Па ініцыятыве дырэктара школы Анатоля Адамавіча Мамікава было вырашана намаляваць карту, тым больш у гэты час быў аб’яўлены рэспубліканскі конкурс стэндаў, інфармацыйных знакаў. Стварэннем карты заняўся настаўнік малявання і гісторыі Сяргей Станіслававіч Жылінскі. Канечне, з часам фарба становіцца бляклай, таму мы кожны год яе абнаўляем, вяртаем карце першапачатковую стракатасць, каб яна і далей прыцягвала да сябе ўвагу і кожны ахвочы мог пазнаёміцца з адметнасцямі нашага краю, — расказвае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Галіна Мікалаеўна Скрабло.
Выкарыстанне валуноў у якасці інфармацыйных стэндаў — даволі распаўсюджаная з’ява для сістэмы адукацыі. Звычайна на такіх валунах, размешчаных каля сельскіх школ, пазначаецца год заснавання ўстаноў адукацыі (наўскідку магу назваць Хатлянскую сярэднюю школу Уздзенскага раёна Мінскай вобласці і Лучынскую сярэднюю школу Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці). Аднак, як паказвае вопыт дзейнасці Вядрэнскай школы, валун можа паведамляць і значна больш карыснай і цікавай інфармацыі. А калі размясціць падобныя валуны-экскурсаводы не толькі на тэрыторыі ўстаноў адукацыі, але і ў цэнтры вёскі, то каля іх будуць рэгулярна збірацца групы экскурсантаў-падарожнікаў (адзін з такіх валуноў, які размешчаны ў цэнтры вёскі Вялікая Мядзвядка Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці, паведамляе гасцям з дапамогай шыльды кароткую біяграфію ўраджэнца гэтых мясцін славутага Ігнація Дамейкі).

Не ўсё так проста

Канечне, нашы настаўнікі і вучні зацікаўлены ў папулярызацыі турыстычнага патэнцыялу малой радзімы. Аднак, як аказваецца, аднаго жадання стварыць нават самы адмысловы стэнд і ўсталяваць яго ў цэнтры нават самай невялікай вёсачкі — не такая ўжо і лёгкая справа (у сэнсе юрыдычная).
— Пры аб’яўленні конкурсу мы як яго арганізатары думалі, што інфармацыйныя стэнды і знакі будуць усталяваны на ўездзе ў населеныя пункты. Але, як высветлілася, зрабіць гэта складана: стэнды з’яўляюцца малым архітэктурным збудаваннем, для ўсталявання якога трэба атрымаць шмат дазволаў ад мясцовых улад. Таму было вырашана змясціць стэнды і знакі або на тэрыторыі школы, або ў самой школе, напрыклад, на яе першым паверсе, на самым бачным месцы, каля Дошкі гонару. Канечне, пры вялікім жаданні ўсталяваць інфармацыйныя стэнды і знакі можна ў любым месцы населенага пункта, тым больш цяпер Год гасціннасці, і мясцовыя ўлады не павінны скептычна ставіцца да падобных ініцыятыў, — паведамляе загадчык аддзела краязнаўства і патрыятычнага выхавання Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Аляксандра Яўгенаўна Кравец.
Нягледзячы на пэўныя цяжкасці, канкурсанты зрабілі важную і маштабную работу. Членаў журы конкурсу, якія для ацэньвання работ аб’ехалі добры дзясятак раёнаў, чакала шмат прыемных неспадзяванак. На тэрыторыі ўстаноў адукацыі іх віталі не толькі размаляваныя валуны, але і ўпрыгожаныя разьбой драўляныя стэнды. А што ўжо гаварыць пра школьныя фае, дзе амаль у кожнай беларускай школе змешчаны стэнды і карты, якія расказваюць хаця б у двух словах пра славутасці таго ці іншага рэгіёна.
Нагадаем, што пераможцамі і прызёрамі конкурсу былі прызнаны калектывы сярэдняй школы № 8 Магілёва, гімназіі Шчучына Гродзенскай вобласці і Баравухскай сярэдняй школы № 15 Наваполацка Віцебскай вобласці. Многія ўстановы адукацыі былі адзначаны падзячным лістом Міністэрства адукацыі. Сярод іх Вядрэнская школа, а таксама Жлобінскі раённы цэнтр турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі Гомельскай вобласці, у будынку якога, дзякуючы арыгінальнай карце з каляровымі лямпачкамі-сімваламі, можна дастаткова поўна за дзве-тры хвіліны пазнаёміцца з адметнасцямі Жлобіншчыны.

Выправіць недарэчнасць

Цікава, чым бы скончыўся наш эксперымент над нямецкімі і польскімі гасцямі? Ці заблукалі б яны на маляўнічых прасторах беларускай зямлі? Адказ, напэўна, такі: “Заблукаць — не заблукалі б, але ў некаторых мясцінах паблукалі б дакладна”. Застаецца спадзявацца, што ў Год гасціннасці гэтая недарэчнасць будзе выпраўлена. Мінск — яскравы таму прыклад.

 

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара і з архіва Вядрэнскага дзіцячага сада —
базавай школы Чашніцкага раёна.