Прама па курсе

- 9:15Актуально, На парадку дня

З 1 верасня ў школьнікаў пашырыцца выбар факультатыўных заняткаў — да новага навучальнага года распрацаваны шэраг новых праграм.

Сярод іх — “Міжпрадметныя грані матэматыкі” для 8—11 класаў і “У свеце тэхнікі і тэхналогій: выбіраем інжынерную прафесію” (па вучэбных прадметах “Інфарматыка”, “Фізіка”, “Геаграфія”, “Матэматыка”, “Хімія”, “Біялогія”) для 10—11 класаў. Гаворка ідзе аб установах адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі.

Вучэбная праграма факультатыўных заняткаў “Між­прадметныя грані матэматыкі” разлічана на 140 гадзін (па 35 гадзін у 8, 9, 10 і 11 класе, 1 гадзіна на тыдзень). Змест вучэбнага матэрыялу структураваны па тэмах і размеркаваны па класах.

Праграма факультатыўных заняткаў “У свеце тэхнікі і тэхналогій: выбіраем інжынерную прафесію” прызначана для фарміравання тэхналагічнай культуры навучэнцаў як аднаго з элементаў агульнай і прафесійнай культуры будучага інжынера. Праграма разлічана на 70 гадзін (2 га­дзіны на тыдзень) у 10 класе і на 70 гадзін (2 гадзіны на тыдзень) у 11 кла­се.

Навучэнцаў азнаёмяць з гісторыяй узнікнення і развіцця прамысловасці; тэхналогіямі аўтамабіле-, прыбора-, машынабудавання; раска­жуць, як развіваюцца такія галіны, як энергетыка, металургія, архітэктура і будаўніцтва; праінфармуюць, што новага ў прыродакарыстанні і ахове навакольнага асяроддзя. Разам з традыцыйнымі метадамі навучання (аповед, гутарка, дэманстрацыя) педагогі задзейнічаюць кейс-тэхналогіі, метад праектаў, дыскусіі, гульнявыя метады, інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, патэнцыял адукацыйных экскурсій, выязных заняткаў, анлайн-семінараў, вэбінараў. Пры правядзенні заняткаў істотнае значэнне будуць мець практычныя работы, групавыя праекты. Вынікам вывучэння кожнага модуля стане прэзентацыя групавога праекта з абмеркаваннем і афармленнем атрыманых вынікаў.

Распрацавана вучэбная праграма факультатыўных заняткаў “Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму” для 6 (7) класа ўстаноў адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі, якая з’яўляецца працягам праграмы для 5 (6) класа. Змест вучэбнай праграмы грунтуецца на ўзаемадзеянні ўстаноў адукацыі з царквой. Факультатыў разлічаны на 35 га­дзін (1 гадзіна на тыдзень). Навучэнцы будуць асвойваць духоўна-маральныя паняцці і катэгорыі (дабро і зло, прыгажосць, міласэрнасць), вучыцца супрацоўнічаць, прытрымлівацца этычных і маральных норм зносін і ўзаемадзеяння, аргументавана выкладаць свой пункт гледжання.

Зацверджана і праграма новага факультатыву пад назвай “Мой псіхалагічны дабрабыт і дапамога равеснікам у крызіснай сітуацыі”. Яна разлічана на 35 вучэбных гадзін. Курс накіраваны на тое, каб даць падлеткам магчы­масць вывучыць сябе, сваю асобу, зразумець сябе і іншых, адпрацаваць навыкі самадапамогі, навучыцца аказваць пасільную дапамогу сябрам. Падчас урокаў падлеткі даведаюцца, што такое псіхічнае здароўе, як перамагчы стрэс, у чым выяўляецца крызіс і як яго пераадолець, як устанавіць асабістыя межы, як навучыцца думаць пазітыўна. Асноўнай формай арганізацыі работы факультатыву стане трэнінг жыццё­вых навыкаў. Пры правядзенні заняткаў будуць улічвацца асаблівасці ўспрымання падлеткамі інфармацыі, іх увахо­джання ў групавы кантакт і ў кантакт з настаўнікам. Галоўная задача — фарміраванне матывацыі, накіраванай на набыццё асобасных і сацыяльных кампетэнцый. Гэтыя факультатыўныя заняткі з’явяцца ў раскла­дзе школьнікаў ужо з першых дзён навучання, якія плану­юць праводзіць у 8—11-х класах таксама адзін раз на тыдзень. 

Дарэчы, з 1 верасня ўступаюць у сілу асноўныя палажэнні новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі. У адносінах да сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі ёсць норма, згодна з якой у рэжыме шасцідзённага тыдня могуць праводзіцца факультатыўныя заняткі ў 5—11 класах і рэалізоўвацца адукацыйная праграма прафесійнай падрыхтоўкі рабочых (служачых) для вучняў 10—11 класаў. 

Падрыхтавала Наталля КАЛЯДЗІЧ.