Прамчацца з ветрыкам

- 10:43Актуально, Апошнія запісы

У хлопчыкаў і дзяўчынак, якія правядуць летнія канікулы ў дзіцячым аздараўленчым лагеры БНТУ “Палітэхнік”, ёсць цудоўная магчымасць не толькі якасна адпачыць, знайсці новых сяброў, але і паспрабаваць свае сілы ў лыжаролерным спорце. У панядзелак на тэрыторыі “Палітэхніка” была ўрачыста адкрыта лыжаролерная траса працягласцю 1,3 км. Пасля завяршэння летняга сезона на трасе змогуць займацца студэнты, работнікі сістэмы адукацыі.

Невялікія пад’ёмы і спускі, абапал разгалістыя дрэвы, а на некаторых участках траса праходзіць па самым беразе Мінскага мора — умовы для асвойвання і ўдасканалення майстэрства катання на ролікавых каньках і лыжах проста ідэальныя. Хіба ж можна адмовіцца ад магчымасці прамчацца з ветрыкам па раўнюткім асфальтавым пакрыцці? Ды і зрабіць прабежку або прагуляцца па цяністай трасе пад спевы птушак і шапаценне лістоты, плёскат хваль — справа карысная і для цела, і для душы.

Падчас сустрэчы міністра адукацыі Ігара Васільевіча Карпенкі з удзельнікамі чэмпіянату свету сярод студэнтаў па канькабежным спорце 2018 года адзначалася, што яшчэ не дастаткова такіх трас, якія б дазвалялі ў летні перыяд трэніравацца, асабліва выхаванцам дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ. “Некалькі аб’ектаў мы вырашылі прыстасаваць, каб культываваць гэты від спорту. Так нарадзілася ідэя зрабіць тут трасу працягласцю 1,3 км. Думаю, гэта першая ластаўка. Мы хочам рэканструяваць стадыён Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова. На тэрыторыі санаторыя-прафілакторыя “Палітэхнік” плануем мадэрнізаваць яшчэ шэраг спартыўных аб’ектаў, каб можна было праводзіць профільныя лагеры спартыўнай накіраванасці. Мы ўсе зацікаўлены, каб дзіцячы спорт развіваўся, бо ён дае падпітку вялікаму спорту”, — паведаміў Ігар Васільевіч.

Па словах міністра спорту і турызму Сяргея Міхайлавіча Кавальчука, з кожным годам на карце краіны з’яўляецца шмат новых спартыўных аб’ектаў: “Прыемна, што пры наяўнасці такой інфраструктуры ў нас з’яўляюцца цудоўныя спартсмены. Упэўнены, што ў старэйшых спартсменаў, якія сёння знаходзяцца на ўрачыстым мерапрыемстве, цудоўная перспектыва ў вялікім спорце, а маленькім спартсменам ёсць з каго браць прыклад і ёсць  магчымасць пракласці сваю дарогу ў лыжаролерным, канькабежным спорце”. Як адзначыў рэктар БНТУ Сяргей Васільевіч Харытончык, дзякуючы такім аб’ектам дзецям будзе камфортна адпачываць і трэніравацца.

Два гады назад наша сталіца прыняла IV чэмпіянат свету сярод студэнтаў па канькабежным спорце, дзе перадала эстафету наступнага чэмпіянату Амстэрдаму (Нідэрланды). З 10 па 12 сакавіка 2020 года на лядовым катку пад адкрытым небам лепшыя студэнты-спартсмены з усяго свету змагаліся за медалі паміж сабой, а таксама з надвор’ем. І вось на тэрыторыі “Палітэхніка” ва ўрачыстай атмасферы была не толькі адкрыта лыжаролерная траса, але і ўганараваны прызёры V чэмпіянату свету. Сярод узнагароджаных падзякамі Міністэрства адукацыі, каштоўнымі прызамі, а таксама грашовымі сертыфікатамі па рашэнні прэзідыума выканаўчага камітэта Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту — студэнт Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Ігнат Галавацюк (двойчы сярэбраны прызёр чэмпіянату ў Амстэрдаме на дыстанцыях 500 і 1000 м), студэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры Віктар Рудэнка (бронзавы медаль на дыстанцыі 1500 м), а таксама студэнткі Магілёўскага дзяржаўнага ўніве­рсітэта імя А.А.Куляшова ­Яўгенія Вараб’ёва, Акадэміі кіравання Ганна Кавалёва і БДУФК Ганна Ніфантава (“бронза” ў каманднай гонцы праследавання). Таксама для дзіцячага аздараўленчага лагера кіраўнікі міністэрстваў адукацыі, спорту і турызму і Беларускай федэрацыі футбола перадалі камплект мячоў.

Лета ў “Палітэхніку” толькі пачынаецца. Яно абавязкова бу­дзе яркім, незабыўным і, канечне, спартыўным.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.