“Праметэй” супраць курэння

У верасні 2017 года на базе сярэдняй школы № 1 Ганцавіч пачаў дзейнічаць рэсурсны цэнтр па выхаванні культуры здаровага ладу жыцця. А разам з ім — і валанцёрскі клуб “Праметэй”, які існуе на базе школы з 2007 года.

У Міжнародны дзень адмовы ад курэння, які адзначаецца кожны трэці чацвер лістапада, валанцёры клуба “Праметэй” правялі акцыю “Дзяцінства — тэрыторыя свабодная ад курэння”, накіраваную на прафілактыку тытунекурэння. Працавалі розныя пляцоўкі: школьнікі выконвалі заданні за салодкія прызы.


Цікава было надзьмуваць паветраныя шары на пляцоўцы “Дыхай свабодна і лёгка”, абмяркоўваць “за” ці “супраць” на пляцоўцы “Галасуй за жыццё і чыстае паветра”. Усе ахвотныя маглі бясплатна ўзяць любыя з кніг ці часопісаў, пра якія распавядалі валанцёры на пляцоўцы “Кніга і газета лепшыя за цыгарэту”. За арганізацыю пляцоўкі клуб удзячны бібліятэкару школы Алене Уладзіміраўне Харытонавай.

На пляцоўцы “Думай — рабі — гавары” вучні адгадвалі загадкі на тэму здаровага ладу жыцця. Таксама праметэеўцы прапанавалі ўсім зрабіць незвычайныя практыкаванні на пляцоўцы “Спорт супраць курэння”: дзяўчынкі з задавальненнем круцілі абруч, хлапчукі ўздымалі гіры і гантэлі.

Алена СІЛІЦКАЯ,
педагог-арганізатар, кіраўнік клуба “Праметэй” сярэдняй школы № 1 Ганцавіч.