Прамыя кантакты — аснова гандлёва­эканамічнага ўзаемадзеяння

Беларусь зацікаўлена павялічыць пастаўкі тэхнікі і прадуктаў харчавання ў Архангельскую вобласць Расіі, заявіў Сяргей Румас на сустрэчы з губернатарам Архангельскай вобласці Ігарам Арловым.

“Прамыя кантакты з суб’ектамі Расійскай Федэрацыі з’яўляюцца асновай гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння Беларусі і Ра­сіі, і Архангельская вобласць — наш надзейны, правераны часам гандлёвы партнёр. Па выніках мінулага года наш узаемны тавараабарот крыху знізіўся, але ўвогуле ён збалансаваны, хоць, вядома, не адпавядае патэнцыялу нашых эканомік”, — лічыць Сяргей Румас.

Кіраўнік беларускага ўрада прапанаваў абмеркаваць, што можна зрабіць для павелічэння тавараабароту да максімуму 2014 года.

“Ёсць некалькі прапаноў з беларускага боку, дзе мы можам развіць нашу работу. Першая — гэта пашырэнне супрацоўніцтва ў частцы паставак кар’ернай, грузавой і дарожна-будаўнічай тэхнікі”, — адзначыў прэм’ер-міністр.

Яшчэ адзін перспектыўны напрамак для супрацоўніцтва — пастаўка пасажырскай тэхнікі. У прыватнасці, сваю прадукцыю ў Архангельскую вобласць можа пастаўляць МАЗ, яго пасажырская тэхніка карыстаецца попытам у рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі. Паводле слоў прэм’ер-міністра, гэта тлумачыцца якасцю тэхнікі і яе прыстасаванасцю да кліматычных умоў. Сяргей Румас адзначыў, што Беларусь ужо мае значны вопыт ва ўзвядзенні аб’ектаў інфраструктуры і жылой пабудовы ў рэгіёнах Расійскай Федэрацыі. “Мы маглі б у комплексе спраекта­ваць, як гэта было ў Калужскай воб­ласці, беларускія кварталы. Такі метад узаемадзеяння магчымы ў Архангельску або ў Северадзвінску”, — прапанаваў кіраўнік урада.

Беларусь таксама зацікаўлена развіваць супрацоўніцтва ў аграрным сектары. Акрамя таго, перспектыўным напрамкам для супрацоўніцтва можа быць турызм. “Для расійскіх грамадзян вялікую цікавасць маюць нашы санаторыі, і з кожным годам колькасць турыстаў з Расіі павялічваецца”, — заўважыў прэм’ер-міністр.