Прамыя тэлефонныя лініі — рэальная магчымасць для ўлады паглядзець на вынікі сваёй работы вачамі радавых грамадзян

У Беларусі прапрацоўваюцца практычныя меры для павышэння эфектыўнасці прамых тэлефонных ліній улады з насельніцтвам, інфармуе газета “СБ Беларусь сегодня” са спасылкай на начальніка галоўнага ўпраўлення па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Рыгора Шлыка.

У Беларусі апошнія тры гады дзейнічае асаблівая аператыўная форма сувязі насельніцтва і прадстаўнікоў улады: штотыднёва кожную суботу з 9 да 12 гадзін любы грамадзянін мае права звярнуцца па пытанні, якое яго хвалюе, на прамую тэлефонную лінію да кіраўніцтва свайго рэгіёна. “Адміністрацыя прэзідэнта ўдзяляла і ў далейшым будзе ўдзяляць гэтай рабоце самую пільную ўвагу. Сёння прапрацоўваюцца практычныя меры, якія, на нашу думку, дадуць магчымасць надаць новы імпульс, павысіць эфектыўнасць прамых тэлефонных ліній”, — праінфармаваў Рыгор Шлык.

“Практычна ўсе рэгіёны адчулі, з аднаго боку, іх запатрабаванасць насельніцтвам, з іншага — магчымасць для самой улады паглядзець на вынікі сваёй работы вачамі радавых грамадзян. На наш погляд, настаў час выходзіць на новы ўзровень гэтай работы. Абагульніўшы і прааналізаваўшы напрацаваны вопыт як на раённым, так і на абласным узроўнях, перагледзеўшы сталыя падыходы, узяўшы ўсе лепшыя напрацоўкі як у сябе, так і ў суседзяў, вызначыўшы новыя перспектыўныя напрамкі, трэба рухацца далей”, — падкрэсліў ён.

У 2018 годзе Інфармацыйна-аналітычны цэнтр пры Адміністрацыі прэзідэнта правёў апытанне грамадскай думкі наконт прамых тэлефонных ліній. Ён паказаў, што амаль 37 працэнтаў рэспандэнтаў задаволены вынікам звароту. Аднак 39 працэнтаў грамадзян, якія раней звярталіся на гэтыя лініі, адказалі адмоўна, адказ 14 працэнтаў — “хутчэй не”. “Пры гэтым трэба адзначыць, што вынікі апытання практычна супадаюць з вынікамі аналагічнага апытання, праведзенага годам раней. Таму мясцовым выканаўчым і распарадчым органам улады ёсць яшчэ над чым працаваць”, — звярнуў увагу начальнік галоўнага ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта.

Пытанні, што паступаюць, аналізуюцца. Часцей за ўсё, у больш як 50 працэнтах выпадкаў, людзі звяртаюцца па пытаннях ЖКГ і дарожнай гаспадаркі, якія патрабуюць аператыўнага вырашэння (працяканне дахаў, нездавальняючая работа дыспетчарскіх службаў, рамонт сістэмы водазабеспячэння, добраўпарадкаванне ўнутрыдваровых тэрыторый, рамонт сельскіх дарог і г.д.). Каля 14 працэнтаў зваротаў закранаюць пытанні працы і сацыяльнай абароны (пенсіі, зарплаты, дзіцячыя дапамогі, пытанні працаўладкавання). Рыгор Шлык расказаў, што ў 2018 годзе па асобных тэмах адбылося некаторае павелічэнне колькасці зваротаў. “Гэта датычылася як фінансавых пытанняў (вяртанне банкаўскіх укладаў савецкіх часоў, вызваленне ад выплаты збору на фінансаванне дзяржаўных расходаў), так і пытанняў гандлю і грамадскага харчавання, дзе заяўнікі былі не згодны з закрыццём магазінаў (асабліва ў сельскай мясцовасці), указвалі на малы асартымент тавараў, адзначалі хібы ў рабоце аўтакрам”, — удакладніў ён. Зніжэнне колькасці зваротаў назіралася па пытаннях паляпшэння жыллёвых умоў, працы і заработнай платы, сельскай гаспадаркі і харчавання.

Падводзячы вынікі трох гадоў работы прамых тэлефонных ліній, Рыгор Шлык адзначыў, што такі фармат работы з насельніцтвам актуальны і карысны. “За кожным званком стая ць людзі, якія ўносяць прапановы па ўдасканаленні дзейнасці таго ці іншага дзяржоргана, або тыя, хто проста мае патрэбу ў дапамозе і падтрымцы. І нават калі які-небудзь чалавек крытычна ацэньвае тыя ці іншыя рашэнні ўлады, але ўсё ж звяртаецца да мясцовых кіраўнікоў, то ён верыць у здольнасць улады прыслухацца да яго і ўстараніць адзначаныя хібы. Менавіта таму вельмі важна не проста цаніць праявы такога даверу, але і ўсяляк умацоўваць яго”, — перакананы ў Адміністрацыі прэзідэнта.