Прапанова рукі і сэрца — падчас вальса. Рамантычны момант упрыгожыў Калядны баль на Міншчыне

- 14:00Новости

На Калядным дабрачынным балі, які прайшоў у Мінскім раёне ў мінулую пятніцу, пара танцораў вырашыла стварыць сям’ю. Заручыны закаханых — настаўнікаў з Бараўлян — сталі сюрпрызам для прысутных і эфектным фіналам свята. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Стаць мужам і жонкай вырашылі 27-гадовы настаўнік фізічнай культуры і здароўя Арцём Ашаровіч і 19-гадовая нас­таўніца малодшых класаў Марыя Якімовіч з бараўлянскай сярэдняй школы № 2. Разам яны ўсяго толькі тры месяцы, але гэтага часу было дастаткова маладым людзям, каб пры­няць галоўнае ў жыцці рашэнне. Марыя, нават не задумваючыся, прыняла прапанову.

— У нас з Арцёмам шмат агульнага, падобнага, таму ўзнікае адчуванне, быццам бы ведаем адно аднаго даўно. Ён добры, чулы, спагадлівы, прычым не толькі ў дачыненні да мяне, адкрыты ён і да іншых людзей. У Арцёма не трэба прасіць дапамогі — ён сам яе прапануе. У прыватнасці, ён шмат дапамагае мне ў працоўных пытаннях. Асаб­ліва дарэчы такая дапамога ў вядзенні дакументацыі, — дзеліцца Марыя.

Гэты навучальны год — першы для дзяўчыны ў статусе настаўніцы. Марыя — ураджэнка Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці, а ў бараўлянскую школу прыехала па размеркаванні пасля Пінскага каледжа БрДУ імя А.С.Пушкіна. У гэтай школе некалькі гадоў працуе Арцём. Атрымаўшы адукацыю ў БДУФК, хлопец замест работы трэнерам па веславанні на байдарках і каноэ выбраў работу настаўнікам фізкультуры ў Бараўлянах.

Маладую калегу Арцём Ашаровіч упершыню ўбачыў у зале падчас святочнага канцэрта ў Дзень настаўніка — калі яна выхо­дзіла на сцэну па ўзнагароду для маладога спецыяліста. Праз пару дзён ён адважыўся напісаць ёй. Так завязаліся сяброўскія адносіны, якія хутка перайшлі ў рамантычныя, бо дырэктар школы прапанавала ім прайсці адбор на раённы Калядны баль. І першы сумесны танец настаўнікаў быў якраз на тым кастынгу. Сярод мноства ўдзельнікаў са школ з усяго раёна для фіналу адабралі 16 пар, сярод якіх былі і мае суразмоўнікі.

— Два месяцы мы ездзілі на рэпетыцыі. Я настаўнік фізкультуры, спартсмен, а не танцор, таму плаўныя рухі бальных танцаў мне даваліся цяжка — гэтаму мяне вучыла Марыя. І якраз гэтыя рэпетыцыі паспрыялі нашым адносінам. Я ўжо прадумваў, як і дзе зрабіць прапанову Марыі, але ўсе варыянты з кафэ, рэстаранамі, на мой погляд, не падыходзяць для гэтага. І тая атмасфера танца, музыкі, у якой мы былі кожны раз, — гэта тое, чаго мне хацелася. А калі Марыя надзела вясельную сукенку — усе мае сумненні развеяліся. Дарэчы, у гэтай сукенцы выходзіла замуж мая сястра, яна пазычыла яе для балю Марыі, — расказвае Арцём Ашаровіч.

Атрымалася, што вясельная сукенка стала амаль сямейнай. Зрэшты, Марыя і Арцём пазнаёміліся ўжо з бацькамі адно аднаго, а заўтра маладыя пазнаёмяць будучых сватоў паміж сабой. Марыя адчувала, што справа блізілася да вяселля, але прапанову стаць жонкай не чакала атрымаць на балі — гэта для дзяўчыны было сюрпрызам, які яна ацаніла і запом­ніць назаўсёды. Вяселле маладыя настаўнікі назначылі на ліпень. Пажадаем ім шчаслівага жыцця!

Святлана НІКІФАРАВА
Фота прадастаўлены рэдакцыяй “Прысталічча”