Прапановы і перспектывы Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі

- 11:14Адукацыйная прастора

Прайшоў пленум Цэнтральнага камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел намеснік міністра адукацыі Сяргей Руды, намеснік старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Мікалай Мацюкевіч.

Пленум прайшоў у рэжыме відэаканферэнцыі. Яго асноўным пытаннем стала абмеркаванне праграм дзейнасці Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі на 2020—2025 гады. Старшыня Цэнтральнага камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Таццяна Якубовіч у сваім выступленні адзначыла, што на працягу пяці гадоў неабходна будзе вырашаць пытанні па абароне працоўных і сацыяльна-эканамічных правоў і законных інтарэсаў членаў прафсаюза. Але пра некаторыя дасягненні і праблемы можна гаварыць ужо цяпер, бо на парозе 2021 год.

“З 1 студзеня 2020 года дзейнічае новая сістэма аплаты працы работнікаў бюджэтных галін, якая спачатку выклікала нямала пытанняў. Усе звароты правяраліся з выхадам на месца, факты зніжэння заработнай платы не пацвердзіліся. І гэта важны момант, бо яшчэ на этапе распрацоўкі новай сістэмы аплаты працы пазіцыя галіновага прафсаюза і Міністэрства адукацыі была адзіная: галоўнае — не дапусціць зніжэння памераў заработнай платы работнікаў сістэмы адукацыі. Маніторынгі выканання дзеючага заканадаўства па аплаце працы працягваюцца”, — пачала Таццяна Раманаўна.

Па даных статыстыкі, сярэднямесячная заработная плата за студзень — кастрычнік 2020 года па галіне склала 852,7 рубля, або 69,6% ад узроўню сярэдняй зарплаты ў краіне (1224,5 рубля), у тым ліку педагагічных работнікаў — 979,1 рубля, або 80% ад сярэдняй зарплаты па краіны, з іх настаўнікаў — 1030,1 рубля, або 84,1%, прафесарска-выкладчыцкага складу — 1492,1 рубля, або 121,9%.

З 1 студзеня 2021 года ў сярэднім на 5% вырасце заработная плата работнікаў бю­джэтных арганізацый. Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь 18.11.2020 прыняў пастанову № 659, якой устаноўлена базавая стаўка ў памеры 195 рублёў.

Урадам краіны распрацаваны падыходы па паэтапным павышэнні заработнай платы педагагічных работнікаў да 2025 года. Плануецца, што да 2025 года сярэдняя заработная плата педагагічных работнікаў павялічыцца да 100% ад узроўню сярэдняй заработнай платы па краіне, прафесарска-выкладчыцкага складу — да 150% ад сярэдняга заробку.

“У цяперашні час падрыхтаваны праект пастановы, у якой запланавана павышэнне акладаў выхавальнікам дашкольнай адукацыі і памочнікам выхавальнікаў. У далейшым заработная плата будзе павышацца шляхам павелічэння базавай стаўкі з улікам магчымасцей бюджэту.

Ва ўмовах каранавіруснай інфекцыі ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі працягваюць функцыянаваць, настаўнікі выконваюць свае службовыя абавязкі з захаваннем ім заработнай платы. За работу ў выхадныя, святочныя дні аплата ажыццяўляецца ў адпаведнасці з заканадаўствам аб працы з даплатай за адпрацаваны час.

Акрамя таго, Міністэрства адукацыі накіравала рэкамендацыі па дадатковым стымуляванні педагагічных работнікаў, якія ажыццяўляюць дадатковую работу з навучэнцамі, што не наведваюць установы адукацыі”, — падключыўся да размовы намеснік міністра адукацыі Сяргей Руды.


У сваю чаргу Таццяна Раманаўна адзначыла, што падчас сустрэч кіраўнікоў тэрытарыяльных арганізацый з калектывамі скла­дзены пералік праблемных пытанняў, якія ёсць на месцах. Ён накіраваны ў Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі, Міністэрства адукацыі.

Так, унесена прапанова па ўмацаванні тарыфнай часткі заработнай платы работнікаў шляхам перагляду базавай стаўкі ў бок павелічэння для забеспячэння ўзроўню заработнай платы не ніжэйшага за мінімальны. З 01.01.2020 заработная плата, ніжэйшая за памер мінімальнай заработнай платы, засталася не толькі ў абслуговага персаналу, але і ў пэўнай катэгорыі іншых работнікаў.

“Застаюцца праблемнымі пытанні прафесійнага пенсіённага страхавання педагагічных работнікаў. Для гэтага патрабуецца перагляд пераліку ўстаноў, арганізацый і пасад, а таксама крытэрыяў ацэнкі ўмоў працы педагагічных работнікаў для мэт прафесійнага пенсіённага страхавання.

Мы прапанавалі разгледзець пытанне па вяртанні ранейшай працягласці працоўных адпачынкаў (42 каляндарныя дні) педагагічным работнікам устаноў дадатковай адукацыі, метадычных службаў, прафесарска-выкладчыцкаму складу і педагагічным работнікам устаноў дадатковай адукацыі дарослых з мэтай недапушчэння адтоку высокакваліфікаваных спецыялістаў, павышэння іх сацыяльнага статусу.

З мэтай замацавання на месцах выпуск­нікоў, задавальнення патрэб эканомікі і сацыяльнай сферы ў спецыялістах, рабочых, служачых унесена прапанова аб вызваленні маладых спецыялістаў ад выплаты падаходнага падатку (або зніжэнні стаўкі падаходнага падатку да 50%) на перыяд абавязковай адпрацоўкі”, — працягнула размову Таццяна Якубовіч.

Пасля старшыня Цэнтральнага камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі адзначыла, што за бягучы год створана і пастаўлена на ўлік 127 новых пярвічак з ахопам прафсаюзным сяброў­ствам 93,5%, што дало магчымасць забяспечыць амаль 6 тысячам работнікаў галіны дадатковыя льготы і гарантыі, распаўсюдзіць нормы галіновага і мясцовых пагадненняў.

Намеснік старшыні Гомельскай абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Наталля Давыдзенка таксама падкрэсліла, што асноўны спосаб абнаўлення і стабільнасці арганізацыі — гэта павышэнне прывабнасці прафсаюза для чалавека, фарміраванне пачуцця неабходнасці стаць сябрам прафсаюза з прычыны яго ахоўных функ­цый, закладзеных у калектыўнай дамове, у прававой, юрыдычнай, тэхнічнай і матэ­рыяльнай дапамозе. “Стаўленне да прафсаюза фарміруецца ў кожным канкрэтным выпадку праз дзейнасць прафкамаў. І матывацыя пачынаецца менавіта ў пярвічнай арганізацыі”, — адзначыла Наталля Якаўлеўна.

Дарэчы, Гомельская абласная арганізацыя — самая вялікая з абласных у галіновым прафсаюзе. Па стане на 1 студзеня 2020 года ў яе ўваходзілі больш за 86 тысяч чалавек. За апошнія тры гады ў рэгіёне стварылі 49 новых пярвічных прафсаюзных арганізацый.

“У бягучым годзе ў сувязі з эпідэмічнай сітуацыяй большая частка прафсаюзных сродкаў была накіравана на падтрыманне здароўя членаў прафсаюза. Арганізацыйныя структуры прафсаюза з красавіка па кастрычнік уключна выдаткавалі на гэтыя мэты больш за 2,3 мільёна, з іх 645 267 рублёў — на набыццё сродкаў індывідуальнай засцярогі, бескантактных тэрмометраў, сродкаў асабістай гігіены, сродкаў дэзынфекцыі, дазатараў і іншага, на 1,7 мільёна рублёў аказана матэрыяльная дапамога 30 834 членам прафсаюза.

Пытанні аздараўлення членаў прафсаюза і іх сем’яў на базе ўнітарнага прадпрыем­ства “Белпрафсаюзкурорт”, супрацоўніцтва з турыстычна-экскурсійным прадпрыем­ствам “Беларустурыст” таксама знаходзяцца ў цэнтры ўвагі прафсаюза. У дадатак да прадастаўленай ФПБ 25%-й скідкі для членаў прафсаюза пры аздараўленні ў санаторыях “Белпрафсаюзкурорт” Цэнтральным камітэтам прафсаюза прынята рашэнне аказваць матэрыяльную дапамогу на патанненне кошту пуцёвак у памеры 5% круглы год.

Зусім хутка стартуе навагодне-калядны перыяд акцыі “Прафсаюзы — дзецям”. У Рэспубліканскім палацы культуры прафсаюзаў і яго філіялах адбудуцца навагоднія паказы для членаў прафсаюза і іх дзяцей”, — паведаміла Таццяна Раманаўна Якубовіч.


Пра асаблівасці дзейнасці галіновага прафсаюза ў сваёй установе расказала рэктар Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Святлана Сяргейка: “Дзеля стварэння камфортных умоў для работы спецыялістаў працуем сумесна з пярвічнай прафсаюзнай арганізацыяй інстытута. Пры распрацоўцы калектыўнага дагавора мы пастараліся ўключыць у яго дадатковыя гарантыі, якія забяспечваюць спрыяльныя ўмовы працы, вытворчую і выканальніцкую дысцыпліну і матывіровачную творчую актыўнасць супрацоўнікаў, а перш за ўсё — дастойную заработную плату.

За кошт пазабюджэтных сродкаў прадугледжаны істотныя льготы і бонусы (прэміі) тым, хто вучыцца ва ўніверсітэце, магістратуры, аспірантуры або дактарантуры; асвойвае адукацыйныя праграмы дадатковай адукацыі дарослых; публікуе навуковыя і навукова-метадычныя работы; павышае катэгорыю, атрымлівае званне або ступень; маладым спецыялістам. Так, за 10 месяцаў 2020 года на гэтыя мэты выдаткавана больш за 40 тысяч беларускіх рублёў”.

Акрамя таго, у Гродзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі пашыраюць спектр платных паслуг. Частка атрыманага прыбытку накіроўваецца на прэміраванне супрацоўнікаў, якія зарабілі гэтыя сродкі, частка — на павышэнне заработнай платы нізкааплатным спецыялістам (інжынер-праграміст, эканаміст, бухгалтар, юрыст і інш.). Астатняя частка накіроўваецца на ўмацаванне матэрыяльнай базы ІРА (купля камп’ютараў, абсталявання, хала­дзільнікаў, пыласосаў і інш.).

“Яшчэ адным кірункам сумеснай дзейнасці наймальніка і пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі інстытута, які стаў асабліва актуальным у цяперашні час, з’яўляецца клопат пра здароўе супрацоўнікаў. З гэтай мэтай інстытут з уласных пазабюджэтных сродкаў праводзіць штогадовую вакцынацыю работнікаў; закупку сродкаў індывідуальнай засцярогі, у тым ліку масак, ахоўных экранаў і касцюмаў, пальчатак, дэзсродкаў. Акрамя таго, робяцца адлічэнні прафкаму не менш за 0,15% ад фонду заработнай платы для прапаганды здаровага ладу жыцця, правядзення культурна-масавых і спартыўных мера­прыемстваў.

Ва ўмовах пандэміі ГрАІРА першым з інстытутаў развіцця адукацыі перайшоў на аддаленае навучанне. А нарматыўнае забеспячэнне гэтай формы навучання, распрацаванае намі, лягло ў аснову работы практычна ўсіх ІРА краіны. Па прапанове абласнога ўпраўлення адукацыі мы стварылі электронны рэсурс у дапамогу навучэнцам, бацькам і педагогам пры аддаленым навучанні ў школах, установах ПТА і ССА. Яго змаглі выкарыстаць у чацвёртай чвэрці навучэнцы практычна ўсёй краіны.

Узаемадзеянне ІРА з абкамам галіновага прафсаюза пабудавана на аснове інтэграцыі практыкі і навукі па наступным алгарытме. Прафсаюз у працэсе маніторынгу выяўляе праблемныя моманты і вызначае аспекты для паляпшэння якасці дзейнасці сістэмы адукацыі рэгіёна. Інстытут на аснове апошніх даследаванняў навукі і дасягненняў практыкі выпрацоўвае стратэгію і тактыку паляпшэння сітуацыі. А далей у сумеснай дзейнасці адбываецца рэалізацыя распрацаваных маршрутаў, аналіз і карэкціроўка для атрымання якаснага выніку.

Так мы працуем над умацаваннем прэстыжу педагагічнай працы, павышэннем узроў­ню кампетэнтнасці спецыялістаў кадравых службаў упраўлення адукацыі, з ветэранамі і маладзёжным саветам і па шэрагу іншых напрамкаў”, — паведаміла Святлана Антонаўна.

Затым яна расказала пра прапедэўтычную падтрымку маладых спецыялістаў. Дарэчы, рабоце па прафесійным станаўленні маладых спецыялістаў удзелена значная ўвага ў праграме дзейнасці ФПБ і ў праграме дзейнасці галіновага прафсаюза на 2020—2025 гады.

ГрАІРА сумесна з абкамам прафсаюза і абласным упраўленнем адукацыі распрацавана стратэгічная праграма “Прапедэўтычная падтрымка прафесійнага станаўлення маладых педагогаў”. Яна рэалізуецца на 4 узроўнях: адбываецца ўплыў на веды, уменні, эмоцыі і каштоўнасці маладых лю­дзей. Прапануюцца мэтавыя адукацыйныя праграмы, майстар-класы, семінары-практыкумы, накіраваныя на вырашэнне пяці блокаў праблем маладых педагогаў. Працуе школа маладога педагога (у дыстанцыйнай і вочнай летняй форме), педагагічная студыя “Схаваныя скарбы”. Праводзіцца Міжнародны фестываль “Прызванне — педагог”. Створана віртуальная Кніга гонару маладых спецыялістаў, уручаецца прэмія “Паспяховы старт”, заснаваная абкамам прафсаюза сумесна з РГА “Белая Русь”. Так маладыя педагогі актыўна ўключаюцца ў конкурсны рух, у праектную і інавацыйную дзейнасць.

Станоўчымі вынікамі ўзаемадзеяння з пярвічнай прафсаюзнай арганізацыяй (у сувязі з яе пераходам у галіновы прафсаюз) падзяліўся дырэктар Гарадоцкага аграрна-тэхнічнага каледжа Уладзімір Ула­дзіміравіч Шыцько. Цяпер пагадненне паміж Міні­стэрствам адукацыі і Беларускім прафесійным саюзам работнікаў адукацыі і навукі на 2019—2022 гады распаўсюджваецца на кожнага члена пярвічкі. Калі супрацоўнікі каледжа ўваходзілі ў прафсаюз АПК, гэтага не было.

Вольга БАРЫСЕВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і з адкрытых крыніц інтэрнэту.