Прапрацоўваецца пытанне аб правядзенні рэспубліканскіх кантрольных работ у 8 і 10 класах па 2 прадметах

- 11:00Актуально, Образование

Тэму правядзення рэспубліканскіх кантрольных работ і новыя падыходы да выніковай атэстацыі школьнікаў абмеркавалі ў Гомельскім абласным інстытуце развіцця адукацыі, паведаміла карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” дырэктар Нацыянальнага інстытута адукацыі Валянціна Гінчук.

На дыялогавай пляцоўцы разглядаліся таксама пытанні зместу вучэбных праграм і дапаможнікаў па прадметах сацыяльна-гуманітарнага блока, метадычнае суправаджэнне бесперапыннага прафесійнага развіцця кіраўнікоў і спецыялістаў.

Менавіта летам педагогі падводзяць вынікі папярэдняга года і настройваюцца на новы. А значыць, важна вызначыцца з задачамі, якія будуць вырашацца ў новым навучальным годзе, як падкрэсліла В. Гінчук. Яна адзначыла:

— У ліпені 2023 года мы правялі анлайн сацыялагічнае даследаванне сярод педагогаў па пытаннях выніковай атэстацыі. Яно праводзілася ў адпаведнасці з планам мерапрыемстваў па вывучэнні эфектыўнасці работы сістэмы адукацыі. У ім узялі ўдзел больш за 6,5 тысячы рэспандэнтаў. 78% педагогаў адказалі, што станоўча ацэньваюць увядзенне цэнтралізаванага экзамену. З улікам прапаноў настаўнікаў па ўдасканаленні арганізацыі цэнтралізаванага экзамену мяркуецца, што ў наступным годзе будзе праводзіцца ЦЭ пасля заканчэння навучальнага года, прыблізна 27 і 30 мая.

Першы прарэктар Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Святлана Уклейка агучыла важныя вынікі сацыялагічнага даследавання — па пытанні метадычнага суправаджэння адукацыйнага працэсу. У гэтай частцы даследвання на пытанні адказалі 9,5 тысячы педагогаў:

— Вынікі ў цэлым добрыя. Першы блок анкетавання быў прысвечаны якасці павышэння кваліфікацыі. Другі — метадычным мерапрыемствам. Павышэнне кваліфікацыі ацэньвалася па 13 крытэрыях. Па дзесяці з трынаццаці паказчык задаволенасці вышэйшы за 90%. Сярод эфектыўных форм правядзення вучэбных заняткаў у топе майстар-класы, практычныя заняткі і практычныя заняткі на базе ўстаноў адукацыі.

Важнай на круглым стале ў Гомелі стала і тэма правядзення рэспубліканскіх кантрольных работ. У краіне склалася практыка іх правядзення, калі на рэспубліканскім узроўні ацэньваюцца адукацыйныя дасягненні вучняў.

— Адбор вучэбных прадметаў для рэспубліканскіх кантрольных работ звязаны з увядзеннем новых вучэбных праграм і дапаможнікаў, — адзначыла В. Гінчук. — Мы праводзім рэспуб­ліканскія кантрольныя работы, каб вызначыць, якім чынам засвойваецца змест адукацыі, што закла­дзены ў новых вучэбных праграмах і дапаможніках. Па выніках рэспубліканскіх кантрольных работ штогод рыхтуюцца рэкамендацыі для настаўнікаў па ўдасканаленні адукацыйнага працэсу. Яны публікуюцца на нацыянальным адукацыйным партале і ў часопісе “Веснік адукацыі”. Рэкамендацыі даюцца таксама аўтарам вучэбных дапаможнікаў па ўдасканаленні іх зместу пры падрыхтоўцы да паўторнага выдання. Сёння прапрацоўваецца пытанне аб правядзенні рэспубліканскіх кантрольных работ у 8 і 10 класах па двух вучэбных прадметах. Нацыянальнаму інстытуту адукацыі даручана прапанаваць падыходы да правядзення гэтых рэспубліканскіх кантрольных работ і, адпаведна, вызначыцца з прадметамі, якія будуць выносіцца на рэспубліканскую кантрольную работу. Для сябе адзначу, што на пляцоўцы ў Гомельскім абласным інстытуце адукацыі ў першую чаргу падкрэсліваўся аспект міжпрадметных сувязей: біялогіі і геаграфіі, рускай літаратуры і сусветнай гісторыі… На ўроках замежнай мовы настаўнікі прапанавалі часцей абмяркоўваць тэмы, якія звязаны з гісторыяй, геаграфіяй і культурай Беларусі. Мне спадабалася, што ўдзель­нікі круглага стала былі глыбокія ў сваіх разважаннях. Відаць, што гэта прафесіяналы, неабыякавыя да таго, што робяць.

Размова атрымалася канструктыўнай і карыснай, — адзначылі ўдзельнікі дыялогавай пляцоўкі. Усе заўвагі і прапановы, якія прагучалі, стануць прадметам дэталё­вай прапрацоўкі рабочымі групамі, якія складаюць вучэбныя праграмы, і аўтарскімі калектывамі вучэбных дапаможнікаў.

Ірына АСТАШКЕВІЧ
Фота аўтара