Прарыў трох: артапедыя, траўматалогія і біямеханіка

- 14:40Вышэйшая школа

Штогод у краіне рэгіструюцца сотні выпадкаў траўміравання сухажылляў кісцей рук. Пацыенты з падобнымі праблемамі звяртаюцца ў спецыяльныя медыцынскія ўстановы (напрыклад, у Рэспубліканскі цэнтр хірургіі кісці). Аднак адзінага метаду лячэння такіх траўм да нядаўняга часу не існавала. Першапраходцамі ў галіне распрацовак па аднаўленні сухажылляў кісці рукі можна назваць навукоўцаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Мінска, якія прапанавалі ўласнае рашэнне агульнай праблемы.

Сяргей Басякоў.

Аўтарамі ўнікальнай методыкі сталі дацэнт кафедры тэарэтычнай і прыкладной механікі механіка-матэматычнага факультэта БДУ Сяргей Басякоў і траўматолаг-артапед ГКБХМД Антон Петухоўскі. Як расказваюць стваральнікі, новы метад засноўваецца на двух ключавых аспектах: распрацоўцы камп’ютарнай мадэлі сухажыльнага апарата (будуецца на тамаграфічным даследаванні кісці рукі) і падрыхтоўцы табліцы стандартызацыі (этап, на якім пачынаецца прымяненне распрацоўкі ўрачамі).

Вялікая сістэма ўяўляе сабой мадэль пальца ў здаровым стане. Яна дапаможа ўсебакова ацаніць стан траўміраванай кісці канкрэтнага пацыента, вызначыць мэтазгоднасць аперацыі і метад хірургічнага ўмяшальніцтва, дэталёва спрагназаваць магчымы вынік, а затым распрацаваць індывідуальную  рэабілітацыйную тактыку.

Звычайна ў медыцынскай практыцы ацэнка функцыі кісці пасля аперацыі на згінальных сухажыллях засноўваецца толькі на візуальным аглядзе. Аднак у гэтым выпадку нельга даваць ацэнку магчымым вынікам умяшальніцтва.

— Каб забяспечыць рухомасць пальцаў, пацыенту неабходна аперацыя. Але ў медыкаў няма адзінага падыходу да падобных аперацый: кожны прытрымліваецца свайго меркавання, абапіраючыся на ўласны вопыт. Адны настойваюць на аперацыі двух сухажылляў (асабліва калі дзейнасць чалавека звязана з работай рук), другія сшыва­юць любое з іх (верхняе ці ніжняе), — расказвае Сяргей Міхайлавіч. — Як размясціць іх?
У якім месцы лепш замацаваць да фалангаў? Наша распрацоўка дазволіць хутка і эфектыўна знайсці адказы на гэтыя пытанні.

Сяргей Басякоў правёў матэматычны разлік вуглоў павароту фалангаў пальцаў з пашкоджанымі сухажыллямі і з улікам пэўных сітуацый вызначыў, наколькі магчыма аднаўленне іх згінальнасці пасля аперацыі.

— Часта, калі людзі бачаць мадэль, можна пачуць расчараванае: “Дык гэта ўсяго толькі малюнак!” Але не, гэта рэальны палец, яго трохмерная мадэль з зададзенымі ўласцівасцямі сухажылляў, захаваннем геаметрычнай формы і каэфіцыента трэння. Гэта наглядная мадэль рукі, — тлума­чыць навуковец. — З яе дапамогай можна вывучаць уздзеянне нагрузкі, якая даецца на траўміраваны палец, назіраць, як фалангі згінаюцца адносна адна адной. Для таго каб палец проста згінаўся, патрэбна адна нагрузка (прыкладна паўкілаграма), а каб праца­ваць ім — іншая (можа павялічвацца ў дзясяткі разоў). І пры канкрэтнай траўме сухажылля вугал згінання пальца для кожнага чалавека будзе розны, паколькі атрымае розную нагрузку.

Па словах Сяргея Міхайлавіча, ідэі падобных распрацовак першапачаткова выказваюць дактары. Звычайна ў медыкаў ёсць спектры нявырашаных праблем, якія патрабуюць алгарытмізацыі дзеянняў і па якіх сярод спецыялістаў не існуе агульнай думкі. Урачы ставяць праблему, а навукоўцы стараюцца яе вырашыць, увесці распрацоўку ў практычную дзейнасць. У гэтым, па словах Сяргея Басякова, галоўныя вартасці біямеханікі. 

Трэба адзначыць, што тандэм медыкаў і вучоных актыўна працуе на кожным этапе развіцця напрацоўкі. Так, пры стварэнні камп’ютарнай мадэлі вучоныя адштурхоўваюцца ад таго, што важна для дактароў. На мадэлі адлюстроўваюцца не ўсе элементы рукі: пры траўме пальца з пашкоджаным сухажыллем, напрыклад, не паказваюцца сухажыллі з адваротнага боку, скура. Кансультуюцца распрацоўшчыкі і адносна размяшчэння пэўных элементаў: сухажылляў, фалангаў, сасудаў.

На заключным этапе ўрачы назіраюць за работай мадэлі, аналізуюць працэс. Калі нешта працуе не так, як трэба, або з адхіленнямі ад нормы, спрэчныя моманты пера­працоўваюцца. На кожным этапе навукоўцы і дактары побач: інакш, па словах Сяргея Басякова, можна прыдумаць тое, чаго ўвогуле не бывае ў жыцці. Ды і рэалізацыя не абыходзіцца без спецыялістаў-медыкаў. Так, вядучыя ўрачы распрацоўваюць уласную базу па лячэнні траўм сухажылляў, дзе ўказваецца вынік аперацыі, падыход да кожнага асобнага выпадку. Пасля ўсё гэта супастаўляецца з табліцай вучоных. Такія дзеянні дазваляюць выявіць эфектыўнасць сродкаў, што прымяняюцца для лячэння, параўнаць медыцын­скія метады, прапанаваць больш карысны для пацыента варыянт.

Звычайна рашэнне наконт сродкаў лячэння і інструментарыю прымае вядучы хірург. Цяпер ён атрымае ў дапамогу распрацоўку-дадатак, ад якой зможа адштурхоўвацца. І пасля стварэння табліцы стандартызацыі медык або прыме да ўвагі нейкія моманты і парады, або адмовіцца ад прапанаваных рэкамендацый. З распрацоўкай змогуць азнаёміцца ўсе спецыялісты, што дазволіць ім разумець, якія магчымасці адкрываюцца дзякуючы ёй і ў артапедыі, і ў траўматалогіі.

Вучоны гаворыць, што пакуль падобная методыка зможа ахапіць толькі пашкоджанні сухажылляў кісці. Пры траўмах рукі вышэй тэхналогія зараз неактуальная, бо адсутнічаюць дадатковыя напрацоўкі, звязаныя з “нарошчваннем” камп’ютарнай мадэлі. Калі ў медыцыне з’явіцца такая патрэба, распрацоўку можна будзе пашыраць: дамадэляваць патрэбныя косці. А пакуль, па словах распрацоўшчыкаў, можна разглядаць усемагчымыя варыянты пашкоджання сухажылляў, уносіць іх у адзіную табліцу з рэкамендацыямі па канкрэтных выпадках.

Ірына ІВАШКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.