Праспект у заказніку

- 11:14Выхаванне

У кожнай школе з асаблівай радасцю і настроем чакаюць 1 верасня. А вось у Дзяржынскай сярэдняй школе Лельчыцкага раёна гэтае чаканне досыць трывожнае. Да верасня тут плануюць завяршыць будаўніцтва дарогі праз Альманы — найбуйнейшы балотны комплекс у Беларусі. Што нарабілі з воднымі жывёламі экскаватары дарожнікаў? Што стане з мясцінамі, на якія не ступала і нага чалавека, калі ў іх уварвуцца грузавікі? Куды кінуцца жывёлы і птушкі, упершыню пачуўшы стрэлы паляўнічых?

Ахоўнікі Альманскіх балот

Альманскія балоты — адзін з найбуйнейшых балотных масіваў у Еўропе. У адрозненне ад іншых балот на Палессі, Альманы не падпалі пад меліярацыю, бо некалі тут быў вайсковы палігон. На тэрыторыі балот знаходзіцца рэспубліканскі ландшафтны заказнік плошчай 942 кмІ, што амаль у чатыры разы больш за знакамітае балота Ельню. Альманскія балоты ўваходзяць у Рамсарскае водна-балотнае ўгоддзе і маюць статус тэрыторыі, важнай для птушак міжнароднай значнасці.

Вёска Дзяржынск, якая хутка адзначыць 500-годдзе, знаходзіцца ўсяго ў 5 кіламетрах ад Альманскіх балот, ці, як тут гавораць, ад колака. Многія пакаленні вучняў вывучалі прыроду роднага краю не столькі з кніг за партамі, колькі на колаку, ціхенька заглядваючы ў гэты дзіўны жывы свет: вывучалі галасы птушак, якіх не было больш нідзе ў Беларусі, замалёўвалі расліны, якія ёсць толькі ў Чырвонай кнізе. Менавіта сюды дзесяцігоддзямі прыязджалі ў экспедыцыі вучоныя папоўніць рэестр флоры і фаўны Беларусі.

Толькі вось 2 апошнія гады, як тут не сціхаюць экскаватары, гонар за свой унікальны родны куток дзяржынскіх школьнікаў змяніўся на трывогу, а іх даследчыя работы скіраваны ўжо не на вывучэнне біяразнастайнасці Альман, а ўсё часцей — дзіцячая спроба навукова даказаць дарослым, што тыя не маюць рацыі.

Так, у мінулым годзе адзінаццацікласніца Алеся Лукашэвіч разам з Васілём Уладзіміравічам Сіваком, дырэктарам школы, які шмат гадоў курыруе экалагічныя ініцыятывы вучняў, засяродзілася на падліках і вывучэнні мясцовых дубоў-старажылаў. Іх работа “Векавыя дрэвы — патэнцыяльныя помнікі прыроды і ўнікальнага архаічнага бортніцтва” праводзілася па заданні вучоных Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В.Ф.Купрэвіча, Інстытута лесу НАН Беларусі і была прысвечана пошуку і інвентарызацыі раней невядомых векавых дрэў Цэнтральнага Палесся. Знайшлі 69 дубоў з дыяметрам камля больш за метр, і 6 з іх па сваіх памерах і ўзросце значна перавышаюць знакаміты Данілевіцкі цар-дуб — адзіны на тэрыторыі Лельчыцкага раёна батанічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння. Аналізуючы месцазнаходжанне дубоў, аўтары высветлілі, што чым месца менш даступнае для чалавека, тым больш шансаў захаваць унікальныя дрэвы і не даць ім стаць проста драўнінай.

Для самой Алесі лепшым вынікам яе работы сталі не тры прызавыя месцы на рэспубліканскіх конкурсах, не тое, што яна папоўніла банк адоранай і таленавітай моладзі, а зацікаўленасць у ахове Лельчыцкіх дубоў супрацоўнікаў Мінпрыроды і што, магчыма, хутка Лельчыцкія дубы-старажылы атрымаюць статус помнікаў прыроды і будуць пад аховай дзяржавы. Ведаючы, што ініцыятараў будаўніцтва дарогі цікавіць менавіта каштоўная драўніна, гэта будзе вельмі актуальна.

Сапраўды, абгрунтоўваючы неабходнасць будоўлі, галоўны ляснічы Палескага лясгаса Васіль Петравец гаворыць, што яна патрэбная найперш для доступу да лесу, які пойдзе на продаж. Тлумачыць, што лясгас не вельмі багаты, а новая дарога дазволіць павялічыць аб’ём лесанарыхтовак і вывозіць іх больш кароткім шляхам.

Другой задачай дарогі ў лясгасе называюць барацьбу з пажарамі, якіх стала больш у апошнія сухія гады. Але ўсё гэта з пункту гледжання прыродаахоўнікаў вельмі сумніўныя прычыны для такога разбуральнага праекта ў заказніку. Па-першае, новая дарога амаль 14 кіламетраў ідзе па старой лясной, але на ёй запланавана некалькі адгалінаванняў даўжынёй 6 кіламетраў па некранутым балоце. Шырыня новай дарогі паводле праекта — 5 метраў, але ў некаторых месцах яна цяпер дасягае 20-ці! Па-другое, Альманы каштоўныя найперш унікальнымі прыроднымі экасістэмамі, а не драўнінай. Ці рэнтабельнымі будуць лесанарыхтоўкі, улічваючы шалёны кошт дарогі (а гэта 2 млн рублёў!) і шкоду заказніку? Па-трэцяе, дарога сама можа ста ць прычынай пажараў, бо падсушыць балота (амаль на 20 км дарогі запланавана пакласці 9 труб дыяметрам ад 0,6 да 1,2 м) і зробіць глухія раней мясціны лёгкадасягальнымі для чалавека. А менавіта чалавек часцей за ўсё вінаваты ў лясных пажарах.

“Усе СМІ трубяць, які вялікі эканамічны эфект дасць новая дарога, што зручна будзе лес вывозіць на продаж, што людзям не трэба будзе далёка хадзіць пешшу за чарніцамі і журавінамі. Але не толькі ж з эканамічнага боку варта паглядзець на гэта. Мала хто думае, што знішчаецца некранутая ўнікальная прырода, што паўсюдна ўсё будзе вытаптана. Прысутнасць аўтамабіляў і людзей адлюструецца і на папуляцыі птушак, жывёл. Я ўжо не кажу пра тое, што будаўнікі насыпаюць пясок проста на торф. І калі, крый божа, будзе пажар, торф жа знізу выгарыць і дарога проста абваліцца”, — абураецца Васіль Уладзіміравіч.

С.М.Таргоня, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце школы (які, дарэчы, мае спецыялізацыю “Біялогія. Ахова прыроды”) асабліва хвалюецца за птушак-чырванакніжнікаў, для якіх балота дагэтуль было домам. “Менавіта ў нас жыве найбуйнейшая ў Беларусі папуляцыя вялікага арляца (18—20 пар), — гаворыць Сяргей Міхайлавіч. — Гэтай птушцы пагражае знікненне. Наша краіна — адна з нямногіх у свеце, дзе яна захавалася, а Альманы — адно з самых прыдатных для яе гнездавання месцаў. Вялікі арлец надзвычай чуллівы да турбавання чалавекам. Баіцца шуму і яшчэ больш рэдкая птушка — сізаваронка, якая таксама заўважана ў нас. Спужае шум і чорных буслоў, якія дагэтуль у нас смела гнездаваліся”.

Руйнуючы чарапахавы дом

Тое, як адгукнецца на жывёлах роў экскаватараў у заказніку, вельмі трывожыць і адзінаццацікласніцу Людмілу Паповіч. Яе тата ляснічы, таму Люда рабіла свае першыя крокі па лясных сцежках. “Тата з маленства браў мяне ў лес, паказваў яго насельнікаў, шмат расказваў пра іх і заўсёды гаварыў, што мы павінны берагчы іх, а для гэтага нельга шумець, перашкаджаць іх жыццю. А сёння будуюцца дарогі. Гэта значыць, што паляўнічы цяпер праедзе на машыне туды, куды не мог дабрацца раней пешшу, значыць, у яго будзе больш лісінага ці заечага футра, не схаваюцца ад яго ласі, дзікі і г.д. Дарогі прывядуць нас да незваротных наступстваў”, — гаворыць Людміла.

Але самы вялікі боль дзяўчыны — балотныя чарапахі, якіх яна дасканала вывучала. На Палессі пражываюць самыя старыя чарапахі. Усяго іх тут па прыкладных падліках школьнікаў ад 80 да 120 асобін. Нямецкія вучоныя, якія прыязджалі іх вывучаць, паведамілі, што гэты генатып больш нідзе ўжо не сустракаецца. І ад таго, ці захаваюцца гэтыя чарапахі, залежыць, ці будзе шанс рассяліць іх на іншых еўрапейскіх тэрыторыях.

“Мы вызначылі 4 месцы ў пясчаных ледавіковых дзюнах, куды чарапахі прыходзяць на размнажэнне, — гаворыць Людміла. — Зразумела, калі гэтыя месцы не ўзяць пад ахову (а менавіта дзюны цяпер раскопваюць і гэтым пяском засыпаюць дарогі), то чарапахі і ў нас знікнуць. Мы 2 гады назіралі за чарапахавымі гнёздамі ўздоўж ужо дзейснай дарогі і падлічылі, што на 15% менш чарапах стала вяртацца на свае месцы. Акрамя таго, пужае чарапах і шум ад дарог, і яны ўцякаюць туды, дзе няма ўмоў для размнажэння”.

Ягадныя альбіносы

Захавалі дзяржынскія школьнікі водны арэх, які таксама занесены ў Чырвоную кнігу: насенне з некалькіх заўважаных тут раслін яны рассадзілі ў рацэ Стырыцы. Гэты іх праект, дарэчы, быў лепшым на абласным конкурсе “Моладзь і экалагічныя праблемы”.

“Раней водны арэх быў жаданым таварам на кірмашах, з яго пладоў малолі муку і пяклі смачную выпечку, кармілі ім жывёлу, — гаворыць Васіль Уладзіміравіч. — Сёння яго ў нас зноў шмат, але ўлічваючы, што расліна пад аховай, ураджай не збіраем. Затое яго маштабныя зараснікі ратуюць рыбу ад браканьераў, бо сеткі ўжо не закінеш”.

Дзеці навукова даказалі негатыўны антрапагенны ўплыў на распаўсюджанасць журавін, без якіх цяжка ўявіць Альманскія балоты. Яшчэ адна іх унікальнасць — белыя ягады. Не так даўно Гомельскі інстытут лесу даследаваў мясцовыя буякі белага колеру. У іх фенаменальна вялікая колькасць калію, нават большая, чым у бананах. Цяпер Інстытут лесу выводзіць белыя буякі на сваіх плантацыях. Зараз супрацоўнікі зацікавіліся альманскімі белымі чарніцамі. Днямі яны абмяралі дзялянкі, узялі ягады на біяхімічны аналіз. Зрэдку сустракаюцца на Альманах і белыя брусніцы.

“Калі белыя ягады вырошчваць на прамысловых плантацыях і рэгулярна есці, не трэба будзе нам гнацца за бананамі — ніякія сярдэчна-сасудзістыя захворванні нас не будуць пужаць. А пакуль унікальныя ягады можна знайсці ў асноўным ва ўрочышчы Белая Ветка. З даўніх часоў яны сустракаліся там і толькі там. Гэта ўжо потым птушкі разнеслі іх па наваколлі. Я сам знайшоў тры месцы з белымі чарніцамі паўз балот — у дыяметры пад метр, а на саміх балотах ёсць вялікая дзялянка, метраў на 5. Мы цяпер з дзецьмі плануем правесці работу па вывучэнні відавой разнастайнасці сямейства бруснічных”, — расказвае дырэктар.

Значыць, хутка пра Белую Ветку даведаюцца і паспытаюць ягад-альбіносаў наведвальнікі экалагічнай сцежкі. Бо ў вучняў ёсць традыцыя абсталёўваць станцыі-сцежкі і на кожнай з іх расказваць гасцям пра тое, што яны высветлілі падчас сваіх навуковых даследаванняў: пра чарапах, векавыя дубы, буслоў.

Васіль Уладзіміравіч і ўсе 88 вучняў мараць, што іх установа адукацыі атрымае статус “зялёнай школы”. Ужо сёння яна стала месцам, якое аб’ядноўвае людзей з усёй Беларусі, неабыякавых да лёсу заказніка. Тут жа нядаўна праводзіўся рэспубліканскі семінар “Ахоўнікі Альманскіх балот”. Менавіта так будзе называцца і група зацікаўленых людзей, якую стварае дырэктар школы В.У.Сівак і якая паглыбіць ахоўную дзейнасць, пастараецца прыпыніць будоўлю і перагледзець будаўнічы праект і яго экалагічную экспертызу. Адпаведныя запыты ўжо накіраваны ў пракуратуру і Мінпрыроды. У перспектыве Альманскія балоты мараць зрабіць запаведнікам, бо статус заказніка рэспубліканскага значэння не забараняе весці тут гаспадарчую дзейнасць. Цяпер абмяркоўваецца ўключэнне ўсяго Прыпяцкага Палесся, куды ўваходзяць і Альманскія балоты, у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Хутка пачнецца падрыхтоўка намінацыі.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Івана МУРАЎЁВА і з архіва школы.