Прастора адкрытых магчымасцей

- 16:39Адукацыйная прастора

У сталіцы падведзены вынікі інтэрнэт-праекта “Прастора адкрытых магчымасцей” (з міжнародным удзелам), які праводзіўся з мэтай выяўлення перадавога вопыту, пошуку аптымальных педагагічных, тэхналагічных рашэнняў, распаўсюджвання новых ідэй у галіне прымянення інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у сістэме адукацыі. Арганізатары спаборніцтваў — Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі, упраўленне адукацыі адміністрацыі Ленінскага раёна Мінска і сярэдняя школа № 55 сталіцы — рэсурсны цэнтр інфармацыйных тэхналогій Ленінскага раёна.

Удзел у інтэрнэт-праекце прынялі як асобныя настаўнікі, так і творчыя групы педагогаў (устаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і дадатковай адукацыі), навучэнцы. Яны прадэманстравалі свае работы ў чатырох намінацыях: “ІТ-педагог”, “ІТ-даследчык” , “ІТ-наватар” і “ІТ-выхавальнік”. Прадстаўляем увазе чытачоў лепшыя праекты, адзначаныя дыпломамі.

ІТ-наватар

Пераможцай у гэтай намінацыі стала настаўніца інфарматыкі сярэдняй школы № 55 Мінска Рыта Яўгенаўна Андрэенка. Настаўнікам-інаватарам яна працуе чацвёрты год і ўдзельнічае ў рэалізацыі ўжо другога інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання і развіцця даследчай кампетэнтнасці навучэнцаў на аснове вывучэння духоўнай і культурнай спадчыны”. Для сябе ў гэтым праекце педагог абрала тэму па фарміраванні і развіцці даследчых уменняў і навыкаў навучэнцаў з дапамогай воблачных тэхналогій сродкамі прадмета “Інфарматыка”.

— Інфарматыка ўключае ў сябе дысцыпліны, якія маюць дачыненне да апрацоўкі і разліку інфармацыі з прымяненнем рознага роду праграмных сродкаў. Прычым як абстрактных, накшталт моў праграмавання, так і канкрэтных, напрыклад, тэкставыя, графічныя рэдактары, розныя офісныя праграмы. Яна адрозніваецца шырынёй даследчых тэм і кірункаў, — адзначае настаўніца. — А таму паўстала пытанне прымянення гэтых якасцей навукі пры рабоце над інавацыйным праектам. Падабралі навучэнцаў 6—11 класаў, стварылі ўмовы для паглыблення іх у праблемнае поле праекта, арганізавалі вывучэнне сродкаў работы з воблачнымі тэхналогіямі шляхам індывідуальных і групавых кансультацый, вызначылі групы навучэнцаў, якія працуюць над канкрэтнымі даследчымі тэмамі.

Настаўніцы давялося перагледзець усе практычныя заданні па інфарматыцы для 6—11 класаў. Разам з навучэнцамі былі рэалізаваны наступныя праекты: 6 клас — у графічным рэдактары па тэме “Мая Радзіма”, у тэкставым рэдактары і выканаўцы “Чарцёжнік” па тэме “Мая Радзіма”, у праграме PowerPoint па тэме “Дзень Перамогі”; 9 клас — у рэдактары Flash створаны анімацыйныя ролікі па тэме “Экалогія роднага краю”; 10 клас — у праграме Excel па тэме “Камп’ютарнае мадэляванне” пабудавана мадэль “Беларускі аграмаёнтак”; 11 клас — пры вывучэнні вэб-канструявання распрацаваны сайты “Тэатры Рэспублікі Беларусь”, “Беларуская народная творчасць” і інш. Лепшыя работы вучняў размяшчаюцца ў блогу інавацыйнага праекта на старонцы “Інфарматыка”. І гэтая работа не завершана. Плануецца стварыць у графічным рэдактары плакаты па тэмах “Мой родны кут, як ты мне мілы”, “Мы ў адказе за тых, каго прыручылі”, “Беражыце электраэнергію” (7 клас), у тэкставым рэдактары па тэмах “Каталіцкія і праваслаўныя храмы Беларусі”, “Заказнікі і нацыянальныя паркі Беларусі” (8 клас) і інш.

У намінацыі “ІТ-наватар” перамогу святкавала і настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 111 Мінска Інга Пятроўна Ціханавецкая з праектам “Інтэлектуальныя адукацыйныя ініцыятывы ў сетцы як эфектыўны інструмент выяўлення навучэнцаў з высокім узроўнем вучэбнай матывацыі”.

З сёлетняга навучальнага года ўстанова ўдзельнічае ў інавацыйным праекце па ўкараненні мадэлі псіхолага-педагагічнага суправаджэння навучэнцаў з высокім узроўнем вучэбнай матывацыі.

Сярод інтэлектуальных адукацыйных ініцыятыў, рэалізуемых педагогам, — супрацоўніцтва з бацькамі і дзецьмі праз выкарыстанне ClassRoom, сямейная гульня “Будзь першым!” на старонцы блога класа, правядзенне класнай інтэрнэт-алімпіяды “За семью печатями” (podsemypehytymi 2014.blogspot.com.by), работа на анлайн-платформе “Учи.ру” (uchi.ru) і інш. Навучанне на анлайн-платформе “Учи.ру” пабудавана на выкананні інтэрактыўных заданняў, якія мадэлююць сітуацыі з рэальнага жыцця, знаёмыя кожнаму дзіцяці. Платформа будуе дыялог з вучнем, рэагуе на дзеянні дзіцяці і, у выпадку правільнага рашэння, хваліць яго і прапаноўвае новае заданне, а пры памылцы задае ўдакладняльныя пытанні, якія дапамагаюць прыйсці да правільнага рашэння. Таксама на дадзенай платформе арганізоўваюцца інтэрнэт-алімпіяды, у якіх з задавальненнем прымаюць удзел і першакласнікі.

— Удзел у дыстанцыйных адукацыйных ініцыятывах мае свае вызначальныя фактары, — адзначае Інга Пятроўна. — Па-першае, работа ў сетцы ў значнай меры здольна дыферэнцыраваць і індывідуалізаваць працэс навучання і саманавучання, цэнтрам якога становяцца самі навучэнцы. Па-другое, заданні пашыраюць кругагляд, веды па прадмеце, тым самым уплываюць на развіццё разумовых і творчых здольнасцей навучэнцаў. Па-трэцяе, станоўчы вопыт такога ўдзелу спрыяе паглыбленаму вывучэнню прадметаў, выклівае ў навучэнцаў жаданне працягваць інтэнсіўна атрымліваць веды ў далейшым. Акрамя таго, работа ў дадзеным кірунку дазволіла раскрыць магчымасці і таленты навучэнцаў, каб выявіць сярод іх дзяцей з высокім узроўнем вучэбнай матывацыі.

ІТ-педагог

Настаўніца біялогіі сярэдняй школы № 3 Слоніма Таццяна Мікалаеўна Амшэй прадставіла праект “Google-клас “Біялогія. Анатомія”, створаны з мэтай арганізацыі дыстанцыйнага навучання пры дапамозе сэрвісу GoogleClassrom. Далучыцца да курса можна двума спосабамі: праз асабісты Google-акаунт з дапамогай кода або па запрашэнні выкладчыка.

Матэрыял у стужцы курса фарміруецца па тэмах. На сённяшні дзень дастаткова шырока распрацавана тэма “Апорна-рухальная сістэма чалавека”. Навучэнцы маюць магчымасць перагледзець відэаматэрыялы, якія выкарыстоўваюць на вучэбных занятках; выканаць індывідуальныя заданні (напрыклад алімпіяднікам); задаць пытанне настаўніку, выкарыстоўваючы сэрвіс “Аб’явы”; працаваць з Google-дакументамі як самастойна, так і сумесна з аднакласнікамі; па спасылцы перайсці на анлайн-тэст, даведацца пра вынік, прааналізаваць памылкі.

Інфармацыя пра выкананыя заданні пастаянна абнаўляецца. Гэта дазваляе педагогу аператыўна правяраць заданні, каменціраваць, у выпадку неабходнасці вяртаць на дапрацоўку, ацэньваць.

Дзякуючы Google-календару лёгка адсочваць тэрміны здачы работ. Навучэнцы атрымліваюць напамінанне па электроннай пошце ці на тэлефон, калі работу неабходна здаць на працягу 24 гадзін. Як адзначаюць выхаванцы Таццяны Мікалаеўны, дзякуючы сэрвісу Google Classrom эканоміцца час як вучняў, так і настаўніка, хутка арганізуецца любая справа, павышаецца матывацыя да навучання і ўзровень ведаў.

Праект “Web-квесты на ўроках беларускай літаратуры” прадставіла настаўніца беларускай мовы і літаратуры Лельчыцкай раённай гімназіі Гомельскай вобласці Ірына Рыгораўна Казачэнка. На думку педагога, адна з цікавых сучасных тэхналогій, якая прыцягвае ўвагу навучэнцаў, — Web-квест — аформленая ў адукацыйны сайт пазнавальная гульня з выкарыстаннем інтэрнэт-рэсурсаў, заснаваная на пошуку інфармацыі ў інтэрнэце. Падчас гульні вучні выбіраюць ролі, прапанаваныя настаўнікам, вывучаюць інфармацыю, прадстаўленую на сайтах і, такім чынам, рашаюць (індывідуальна ці ў групах) вучэбную задачу. Так, у Web-квесце “Без смешнага няма сатыры” навучэнцам прапаноўваецца выбраць ролі біёграфа, чытальніка, сцэнарыста, рэцэнзента, крытыка, пашпартыста.

На сайце, створаным на платформе Jimdo, падрыхтаваны Web-квесты “Эпоха барока”, “Жыве мая ліра нанова!”, “Беларускаму Дудару”, “Сусветная і беларуская літаратура ў пачатку ХХ стагоддзя”, “Прамова фактамі”, “Быў. Ёсць. Буду”. Перавага такога спосабу падачы матэрыялу перад іншымі ў наступным: размяшчэнне інфармацыі для работы ці вынікаў праекта на сайце ажыццяўляе толькі адказны за сайт настаўнік.

Актыўнае выкарыстанне навучэнцамі інфармацыі з інтэрнэту дазваляе настаўніку прымяняць яе як ва ўрочнай, так і ў пазаўрочнай дзейнасці. Як заўважае аўтар, Web-квест дапамагае паглыбіць веды па прадмеце, а выкананне заданняў розных узроўняў складанасці, вывучэнне рэсурсаў па дадзенай праблеме спрыяюць павышэнню пазнавальнай актыўнасці, фарміраванню ключавых кампетэнцый.

ІТ-выхавальнік

Выкладчыца Полацкага харчовага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці Алена Мікалаеўна Жыдко адзначана дыпломам за праект “Гульнявы пазнавальны партал “Энцыклапедыя сапраўднага беларуса” (polotsk-gpl-shp.vitebsk.by/page/IPP/index.html). Сайт не прэтэндуе на статус энцыклапедыі ў звычайным разуменні гэтага слова і ўяўляе сабой невялікую падборку распрацаваных педагогам пазнавальных гульняў (“Ад Полацка пачаўся свет”, “На шляху да Перамогі!”, “Па слядах легенд і паданняў Беларусі”), якія дазваляюць у нестандартнай форме пазнаёміць навучэнцаў з культурна-гістарычнай і духоўнай спадчынай народа, прывіць любоў да Радзімы, выхаваць патрыятычныя якасці ў падрастаючага пакалення. Акрамя таго, у раздзеле “Музей сялянскага побыту” змяшчаецца шмат разнастайнай і пазнавальнай інфармацыі.

Дыплом пераможцы атрымаў таксама аўтарскі дыстанцыйны праект настаўніка гісторыі гімназіі № 50 Мінска Алега Эдуардавіча Свідзінскага “Інтэрнэт-лабараторыя “Клио”: клуб любителей истории Отечества”. Мэта праекта — фарміраванне пазнавальнай і камунікатыўнай кампетэнцыі праз пашырэнне і засваенне ведаў па айчыннай гісторыі, талерантнае ўспрыманне гісторыі іншых народаў і краін. Сярод асноўных форм укаранення праекта — тэматычныя інтэрнэт-алімпіяды і конкурсы, факультатывы, інтэрнэт-курсы і інш. За 7 гадоў існавання праекта былі праведзены 51 інтэрнэт-алімпіяда і інтэрнэт-конкурс, удзельнічалі ў іх больш за 8 тысяч вучняў. На аснове матэрыялаў лабараторыі створана 5 факультатываў, 4 тэматычныя інтэрнэт-курсы. 24 разы вучні ўдзельнічалі ў навукова-практычных канферэнцыях па тэматыцы клуба.

Па словах А.Э.Свідзінскага, перспектывы развіцця аўтарскага праекта — распрацоўка новых тэматычных напрамкаў і форм рэалізацыі праекта, пашырэнне геаграфіі конкурсаў і сацыяльнага партнёрства.

ІТ-даследчык

Праект “Легенды пра Мінск: інтэрпрэтацыя ў сучасным кантэксце” прадставілі настаўніца гісторыі сярэдняй школы № 83 імя Г.К.Жукава Мінска Таццяна Алегаўна Сталовіч у суаўтарстве з вучнем 9 класа Аляксеем Пілюгіным. Гэты праект адлюстроўвае вынікі даследчай работы, аформленыя як дадатак для мабільных прылад “Легенды старога Мінска”. Аўтары прааналізавалі крыніцы дарэвалюцыйнага, савецкага і сучаснага перыядаў, прапанавалі сваю класіфікацыю легенд і дадатак для мабільнай прылады. Пасля выбару мовы, карыстальніку неабходна націснуць кнопку “Увайсці” — адкрываецца карта з напісанымі на ёй меткамі. Карыстальнік можа выбраць пэўную метку, умоўна прывязаную да карты горада, і праслухаць легенду на любой з трох моў (беларускай, рускай, англійскай).

Праект можа выкарыстоўвацца ў вучэбнай і пазаўрочнай дзейнасці, магчымы варыянты арганізацыі краязнаўчай дзейнасці, можна распрацаваць экскурсійныя маршруты, таксама дадатак можа стаць арыенцірам для педагога як магчымы варыянт афармлення вынікаў работы.

Зацікавіў настаўнікаў-славеснікаў і навучэнцаў прадукт аўтаматычнага марфалагічнага разбору NPKLаng, распрацаваны дзевяцікласнікам сярэдняй школы № 61 Мінска Арцёмам Кацняльсонам (кіраўнік — намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Вольга Мікалаеўна Лапко).

— Вывучэнне будовы мовы, аналіз граматычных катэгорый, марфалагічны разбор значна садзейнічае больш глыбокаму засваенню норм мовы і лінгвістычнай пісьменнасці, — адзначае Арцём. — Шляхам аналізу афіксаў, канчаткаў і дапаможных слоў можна выканаць марфалагічны разбор слова. Аднак гэты працэс дастаткова працаёмкі і выклікае шэраг цяжкасцей у навучэнцаў. Больш таго, яны не ўпэўнены ў правільнасці атрыманых вынікаў. У сувязі з гэтым і быў створаны прадукт аўтаматычнага марфалагічнага аналізу NPKLang — камп’ютарная праграма і мабільны дадатак, якія дазваляюць выконваць аўтаматычны марфалагічны разбор і кантраляваць правільнасць яго выканання.

Праграма аўтаматычна вызначае граматычную форму ўведзенага дзеяслова (вызначае, ці з’яўляецца дзеяслоўная форма інфінітывам або дзеясловам абвеснага, умоўнага ці загаднага ладу, ідэнтыфікуе катэгорыі часу, асобы, ліку і роду для дзеясловаў адпаведных граматычных форм, прыслоўем ці дзеепрыслоўем).

У адрозненне ад існуючых падобных праграм NPKLang з’яўляецца оffline-рэсурсам, г.зн. можа працаваць без доступу да інтэрнэту; зроблена на матэрыяле дзеясловаў, якія выкарыстоўваюцца ў падручніках і зборніках дыктантаў за курс сярэдняй школы; існуе на рускай і беларускай мове, удасканальваецца і папаўняецца; выканана пад Windows і Android; мабільны дадатак пад Android NPKLang знаходзіцца ў адкрытым доступе на PlayMarket.

На думку распрацоўшчыка ЭАР, створаная праграма і мабільны дадатак могуць выкарыстоўвацца для арганізацыі самакантролю і садзейнічаць фарміраванню лінгвістычных кампетэнцый навучэнцаў.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота з сайта МГІРА.