Прастора для здольных

- 12:25Адукацыйная прастора

Сёння не выклікае сумнення важнасць і неабходнасць работы з адоранымі дзецьмі, якія адрозніваюцца адно ад аднаго ступенню адоранасці, пазнавальным стылем, сферамі інтарэсаў. І таму адной з прыярытэтных задач установы адукацыі з’яўляецца стварэнне ўмоў, якія забяспечаць выяўленне і развіццё адораных дзяцей, рэалізацыю іх патэнцыяльных магчымасцей.

Але каб раскрыць патэнцыял дзіцяці, правільна адабраць змест, формы і метады арганізацыі адукацыйнага працэсу, патрэбен сістэмны падыход да навучання і выхавання адораных навучэнцаў, своечасовая дыягностыка іх здольнасцей, праграмнае забеспячэнне, прафесіяналізм настаўніка, здольнага працаваць з таленавітымі вучнямі. Усё гэта і прывядзе да эфектыўнай арганізацыі работы з названай катэгорыяй дзяцей.

Аб эфектыўнай рабоце з адоранымі дзецьмі ў нашай школе сведчыць выніковае выступленне вучняў на алімпіядах па вучэбных прадметах рознага ўзроўню. Колькасць прызавых месцаў на другім, трэцім і заключным этапах рэспубліканскай алімпіяды за апошнія дзесяць гадоў вырасла з 2 да 34. Неаднаразова навучэнцы школы станавіліся лаўрэатамі абласной прэміі імя Аляксандра Іосіфавіча Дубко, якую атрымліваюць асабліва адораныя навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай адукацыі і студэнты ўстаноў вышэйшай адукацыі за высокія дасягненні ў вучэбнай дзейнасці, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці.

У сваёй рабоце мы імкнёмся не толькі да выяўлення здольных, адораных і таленавітых вучняў у розных галінах ведаў, але і развіваем інтэлектуальна-творчы патэнцыял кожнага дзіцяці. Важна не толькі вызначыць узровень здольнасцей і іх разнастайнасць, але і правільна ажыццяўляць іх развіццё.

Галоўнае, каб кожнае дзіця разумела значэнне сваёй дзейнасці, а таксама магло адсочваць свой шлях да поспеху. Таму да месца будзе нагадаць асноўныя прынцыпы стварэння ўмоў для развіцця дзіцячай адоранасці: пераемнасць, сістэмнасць, інтэгратыўнасць. Зыходзячы з прынцыпаў, распрацоўваюцца паслядоўныя крокі дзейнасці, якія можна разбіць на 5 этапаў:

* дыягнастычны — аналіз схільнасцей, інтарэсаў, вынікаў дзейнасці навучэнцаў;

* вучэбны — ажыццяўленне індывідуальнага і дыферэнцыраванага падыходу падчас вучэбных заняткаў, індывідуальныя заняткі і кансультацыі для здольных дзяцей у рамках работы школы інтэлектуальнага развіцця, факультатыўныя заняткі, гурткі;

* метадычны — планаванне, работа з метадычнай літаратурай, распрацоўка індывідуальных маршрутных лістоў;

* творчы — удзел у алімпіядах, конкурсах, пазакласных мерапрыемствах, спаборніцтвах;

прафарыентацыйны — прафесійнае самавызначэнне навучэнцаў, выбар профілю навучання.

Адной з эфектыўных форм работы з адоранымі дзецьмі ў нашай установе адукацыі з’яўляецца работа школы інтэлектуальнага развіцця, дзейнасць якой накіравана на падрыхтоўку навучэнцаў да прадметных алімпіяд, конкурсаў, канферэнцый. Заняткі ў школе спрыяюць развіццю інтэлекту навучэнцаў, набыццю навыкаў рашэння нестандартных і нетрадыцыйных заданняў, атрыманню неабходных псіхалагічных установак. Школа ў сваёй дзейнасці кіруецца дзеючай нарматыўнай прававой базай, рэкамендацыямі органаў кіравання па рабоце з адоранымі дзецьмі і моладдзю.

У рамках сістэмы падтрымкі таленавітых дзяцей у школе выкарыстоўваецца шырокі спектр дыстанцыйных алімпіяд і конкурсаў, якія даюць магчымасць для праяўлення творчай актыўнасці, пашырэння інтэлектуальнага і культурнага дыяпазону, альтэрнатыўнай ацэнкі ўласных ведаў і дасягненняў. У адораных дзяцей больш развіта імкненне да перамогі. Мяркуем, што менавіта ўдзел у міжнародных інтэлектуальных конкурсах і алімпіядах дазваляе задаволіць розныя патрэбы адоранага дзіцяці.

Аднак у імкненні да дасягнення станоўчых вынікаў варта памятаць, што ў поўнай меры гэты вынік залежыць ад зладжанай работы педагагічнага калектыву, навучэнцаў і іх законных прадстаўнікоў, ад выразна адпрацаванага механізму стымулявання ўсіх удзельнікаў гэтага працэсу.

На сённяшні дзень у школе распрацавана сістэма заахвочванняў педагогаў і вучняў — пераможцаў алімпіяд, конкурсаў, канферэнцый, спаборніцтваў. Падчас правядзення штогадовага свята ўшанавання прызёраў алімпіяд, творчых конкурсаў і спартыўных спаборніцтваў вучням уручаюцца падарункі, бацькам — падзячныя лісты.

Марыя СТАШКО,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
сярэдняй школы № 7 Смаргоні
Гродзенскай вобласці.