Прастора, дзе выспяваюць таленты

Новая выставачная зала і першая выстава ў ёй урачыста адкрыты ў народным музеі “Прастора Хаіма Суціна” ў Смілавічах Чэрвеньскага раёна. Музей размясціўся ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі імя Хаіма Суціна і з’яўляецца не толькі скарбонкай культурнай спадчыны знакамітых мастакоў, але і арт-прасторай, дзе выспяваюць новыя таленты.

Г.Левіна з юнымі мастакамі.

Музей “Прастора Хаіма Суціна” з’явіўся больш за 10 гадоў назад — так у Смілавічах ушаноўваюць памяць аб земляках, якія сталі знакамітымі на ўвесь свет мастакамі. Хаім Суцін і Шрага Царфін — выбітныя прадстаўнікі знакамітай Парыжскай школы жывапісу. Першая зала музея прысвечана дзяцінству і юнацтву Суціна, яго жыццю і вучобе ў Смілавічах і Вільні. Другая зала, стылізаваная пад парыжскае кафэ, расказвае аб тым творчым асяроддзі ў Парыжы, у якім Суцін сфарміраваўся як мастак. Трэцяя зала прысвечана Файбішу-Шрагу Царфіну, жывапісцу, дызайнеру па тканіне, паэту, кніжнаму ілюстратару. У гэтай надзвычайнай творчай прасторы быў адкрыты таксама дзіцячы арт-цэнтр “Вулей”, удзельнікі якога вучацца маляваць, а таксама знаёмяцца з сучасным мастацтвам на майстар-класах і сустрэчах са знакамітымі творцамі, падчас наведвання музеяў і ўдзелу ў незвычайных пленэрах.

Новая выставачная зала — чацвёртая ў музеі. Тут будуць размяшчацца часовыя экспазіцыі сучасных беларускіх майстроў і юных мастакоў арт-цэнтра “Вулей”. Першай тут экспануецца выстава “Горад, напісаны крокамі. Зваротная перспектыва” Галіны Левінай, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь. У работах мастачкі паўстаюць вобразы шматлікіх невялічкіх беларускіх мястэчкаў і гарадоў. Гэта быццам дарожныя нататкі аўтара, увасобленыя з дапамогай пастэлі, алоўка ці тушы. Галіна Леанідаўна — даўні сябар музея, арт-цэнтра і Цэнтра творчасці. Яна брала актыўны ўдзел у культурных мерапрыемствах, што ладзіліся тут. Напрыклад, працавала з дзецьмі, якія прыязджалі сюды на міжнародны мастацкі пленэр.

— Адкрыццё новай залы і выстава такой вядомай творцы, як Галіна Левіна, чарговы раз падкрэслівае асаблівасць Смілавіч як арт-мястэчка. Прыемна ўсведамляць, што мая малая радзіма можа лічыцца адной з культурных сталіц Беларусі, — расказвае кіраўнік музея “Прастора Хаіма Суціна” Святлана Якаўлеўна Хасяневіч. — А для нашых дзяцей, якія прыходзяць у Цэнтр творчасці, гэта ўнікальная магчымасць кожны дзень мець дачыненне да культуры роднай краіны і сусветнай культуры.

На адкрыцці новай залы і выставы наведвальнікі ўбачылі цікавую інсталяцыю — букеты з галінак, якія “расквітнелі” малюнкамі-рэпрадукцыямі Г.Левінай. Гэта сімвал урадлівасці смілавіцкай зямлі, на якой вырасце яшчэ не адзін выбітны творца.

Дар’я РЭВА.
Фота Наталлі ОБУХАВАЙ.