Прастора ідэй

На базе Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці адбыўся абласны семінар “Школьны музей — прастора ідэй: тэорыя, практыка, даследаванні”.  Педагогі і вучні Юрацішкаўскага ясляў-сада — сярэдняй школы прынялі актыўны ўдзел у арганізацыі і правядзенні мерапрыемства.

Спачатку ўсіх удзельнікаў семінара вітала дырэктар Юрацішкаўскага ясляў-сада — сярэдняй школы Вольга Эдвардаўна Часноўская, якая акрэсліла асноўныя напрамкі дзейнасці ўстановы адукацыі.

Настаўніца беларускай мовы і літаратуры кіраўнік школьнага краязнаўчага музея “Вытокі” Галіна Станіславаўна Мінаева звярнула ўвагу на тое, што ў сучаснай адукацыі на першы план выходзяць задачы фарміравання метапрадметных кампетэнцый, да ліку якіх у большай ступені можна аднесці даследчыцкую і камунікатыўную кампетэнцыі. Важным фактарам у фарміраванні вызначаных кампетэнцый з’яўляюцца музеі ўстаноў адукацыі.

— Удзельнічаючы ў розных мерапрыем­ствах, вучні паказваюць добрыя веды, жаданне як мага больш спазнаць свой родны край. Школьнікі спрабуюць працаваць над навуковымі даследаваннямі, вучацца супастаўляць звесткі з родных крыніц, аналізаваць іх, рабіць вывады і тым самым набываць навыкі самастойнага мыслення. Да кожнай тэмы кіраўнік юных краязнаўцаў рэкамендуе асноўную і дадатковую літаратуру, раіць, які краязнаўчы матэрыял трэба выкарыстаць, прапаноўвае самім падабраць неабходную літаратуру для сваёй навуковай дзейнасці, — заўважыла Галіна Станіславаўна.

Юрацішкаўскі яслі-сад — сярэдняя школа з 2019 года з’яўляецца ўдзельнікам інавацыйнага праекта Міністэрства адукацыі “Укараненне мадэлі фарміравання культуры міжасобасных зносін дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа ва ўмовах дзяржаўнага двухмоўя”. У межах гэтай тэматыкі праводзіцца пошукава-даследчая дзейнасць, а таксама завочныя экскурсіі і паездкі па гістарычна значных і святых мясцінах Беларусі. Супрацоўніцтва з храмам Свяціцеля Мікалая Цудатворца г.п. Юрацішкі і яго настаяцелем протаіерэем Сергіем Казачком садзейнічае духоўна-маральнаму выхаванню і фарміраванню культуры міжасобасных зносін вучняў. Акрамя гэтага, царкоўныя архівы часта становяцца крыніцай вывучэння гісторыі малой радзімы, прадметам даследаванняў для вучняў старшых класаў, неабыякавых да свайго мінулага.

Школьны краязнаўчы музей “Вытокі” падтрымлівае сувязь з кафедрай беларускай філалогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і атрымлівае падтрымку ад навукоўцаў у даследчай дзейнасці. Этнаграфічныя і краязнаўчыя матэрыя­лы бяруцца за аснову навукова-даследчых работ вучняў. Прыкладам сумеснай дзейнасці вучняў, школьных настаўнікаў і навукоўцаў сталі даследчыя работы, якія з’яўляюцца прызёрамі абласнога конкурсу даследчых работ (канферэнцыі) “Крышталёвая Альфа”. Дарэчы, некаторыя работы былі прадстаўлены ўвазе ўдзельнікаў семінара. Вучаніца 8 класа Маргарыта Гурына прадставіла сваю першую спробу ў справе даследчай дзейнасці — “Айконімы Юрацішкаўскага сельсавета Іўеўскага раёна”. Дзесяцікласнік Ула­дзіслаў Чакавы пазнаёміў з даследаваннем “Уласныя імёны жыхароў прыхода храма Свяціцеля Мікалая Цудатворца ў першай палове XIX стагоддзя”.

Г.С.Мінаева лічыць, што школьны музей цесна звязаны з усім адукацыйным працэсам школы, ён стварае спрыяльныя ўмовы для індывідуальнай і калектыўнай дзейнасці навучэнцаў, дапамагае развівац­ь у іх уменне самастойна папаўняць свае веды, арыентавацца ў патоку вучэбнай і навуковай інфармацыі. “Дзіцячая аўдыторыя традыцыйна з’яўляецца прыярытэтнай катэгорыяй музейнага абслугоўвання. Акрамя таго, цяпер ужо ні ў каго не выклікае сумнення, што далучэнне да культуры варта пачынаць з самага ранняга дзяцінства, калі дзіця стаіць на парозе адкрыцця навакольнага свету. У школьных музеях вучань выступае не толькі як спажывец прадукту музейнай дзейнасці, але і як актыўны яго стваральнік”, — заўважыла Галіна Станіславаўна.

Увазе ўдзельнікаў семінара група вучняў-экскурсаводаў прапанавала відэаэкскурсію “У гасцях у Юраты”. Яна была прысвечана 500-годдзю гарадскога пасёлка Юрацішкі, 120-годдзю ўстановы адукацыі. Пра гісторыю пасёлка цікава расказала сама багіня Юрата, гераіня адной з легенд пра паходжанне назвы населенага пункта. Ёй дапамагалі браты Юра і Цішка. Паводле адной з легенд, менавіта ад зліцця іх імён паходзіць назва гарадскога пасёлка Юрацішкі. Таксама Юрата і браты Юра і Цішка расказалі пра гераічныя і трагічныя старонкі Юрацішак на працягу сваёй 500-гадовай гісторыі.

— Школьнае краязнаўства садзейнічае ўмацаванню сувязі школы з жыццём, тэорыі з практыкай, атрыманню вучнямі больш трывалых і глыбокіх ведаў у працэсе навучання, выпрацоўцы многіх практычных навыкаў, неабходных у жыцці. Выкарыстанне даследчых метадаў у музейнай дзейнасці спрыяе развіццю творчых здольнасцей і фарміраванню камунікатыўных навыкаў, самастойнаму авалоданню новымі відамі дзейнасці, — адзначыла дырэктар установы В.Э.Часноўская.

Падрыхтавала Наталля КАЛЯДЗІЧ.