Прастора інтэлектуальнага прыцягнення

У паўночнай сталіцы Расіі юныя навукоўцы падзяліліся сваімі даследаваннямі і знаходкамі. Тут прайшоў XIV штогадовы Балтыйскі навукова-інжынерны конкурс. Не першы год удзел у ім бяруць навучэнцы ўстаноў адукацыі Мінскай вобласці, і не першы раз іх праца і інтэлект атрымліваюць высокую ацэнку.

Свае навуковыя распрацоўкі на конкурсе прадставілі школьнікі з 55 рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі, а таксама з краін блізкага замежжа, у тым ліку Беларусі. У адборачным туры былі разгледжаны больш за 5 тысяч заявак. У фінал конкурсу прайшлі 516 удзельнікаў. Традыцыйна яны прадставілі свае вынаходкі ў матэматыцы, фізіцы, хіміі, біялогіі, экалогіі, праграмаванні, тэхніцы і робататэхніцы. Упершыню сёлета працавалі новыя секцыі — “Навукі аб Зямлі” і “Фізіялогія і медыцына”.

У складзе журы працавалі больш за 400 экспертаў. На конкурсе дзейнічала навуковае, настаўніцкае, маладзёжнае і бізнес-журы, а таксама журы ўніверсітэтаў і акадэмічных інстытутаў, якія супрацоўнічаюць з Балтыйскім навукова-інжынерным конкурсам.

Надзвычай удалым стала выступленне на конкурсе навучэнкі гімназіі № 1 Жодзіна Аляксандры Кахавец. Яе работа “Залатарнік як перспектыўная сыравіна для фармакалогіі і энергетыкі” адзначана дыпломам I ступені, атрымала галоўную прэмію “Дасканаласць як надзея”, дыплом лаўрэата прэміі настаўніцкага і бізнес-журы.

Таксама дыплом І ступені стаў узнагародай для навучэнцаў Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя Рыгора Алімава, Уладзіслава Светлакова, Данілы Шымана. Іх работа “Фотаэлемент на прыродным фарбавальніку” атрымала таксама секцыйную прэмію “Дасканаласць як надзея”, дыплом лаўрэата прэміі маладзёжнага і бізнес-журы. Годна выступілі на конкурсе яшчэ дзве навучэнкі абласнога ліцэя — Ангеліна Гуніч і Ганна Рабянок. Яны ўзнагароджаны дыпломам II ступені і спецыяльнай прэміяй конкурсу за праект “Электрахімічнае атрыманне пакрыццяў са сплаву волава-серабра, прыдатнага ў якасці прыпою”.

Дыплом ІІІ ступені і спецыяльная прэмія — конкурсныя трафеі Данііла Панкевіча, навучэнца сярэдняй школы № 14 Салігорска, і Мікіты Хадаронка, які вучыцца ў сярэдняй школе № 3 Беразіна. Данііл атрымаў узнагароды за даследаванне “Чаму неабходна праветрываць вучэбныя памяшканні?”. Мікіта ж прадставіў на суд журы сваю распрацоўку Bat Vision (“Прылада дапамогі невідушчым”).

Маладзёжнае і бізнес-журы адзначыла дыпломамі навучэнцаў сярэдняй школы № 11 Слуцка Артура Царыковіча і Яна Шляхава, а таксама прадстаўніка гімназіі № 1 Любані Арсенія Усціновіча і навучэнку Лошніцкай гімназіі Барысаўскага раёна Ангеліну Няўгень.

Дадому школьнікі вярнуліся не толькі з россыпам узнагарод, але і з новымі ведамі: для канкурсантаў была створана “Прастора інтэлектуальнага прыцягнення”, дзе адбылося больш за 40 мерапрыемстваў для разумнага баўлення вольнага часу — лекцыі, эксперыменты, майстар-класы і інш.

Дар’я РЭВА.
Фота з архіва ўдзельнікаў конкурсу.