Прастора пазітыву

Псіхалагічны марафон прайшоў ва ўстановах сярэдняй адукацыі Ленінскага раёна Гродна. Стартаваў ён у гімназіі № 5, потым да мерапрыемства далучыліся сярэднія школы №№ 27 і 23, а завяршыўся псіхалагічны марафон у гімназіі № 10.

Такая геаграфія дазволіла далучыць да мерапрыемства ўсе навучальныя ўстановы раёна, прыцягнуць большую колькасць удзельнікаў, аказаць псіхалагічную дапамогу педагогам, вучням, бацькам.

Як расказала кіраўнік метадычнага аб’яднання педагогаў-псіхолагаў Ленінскага раёна Гродна псіхолаг сярэдняй школы № 23 Наталля Мяшкова, трэнінгі, якія былі арганізаваны для падлеткаў, бацькоў, настаўнікаў, праводзілі школьныя псіхолагі. У кожнай школе былі і свае адметнасці. Так, у сярэдняй школе № 27, дзе рэалізоўваецца праект па фінансавай дасведчанасці навучэнцаў, былі арганізаваны адпаведныя трэнінгі.

У 23-й школе рэалізоўваецца эксперыментальны праект “Апрабацыя тэхналогіі фарміравання канфлікталагічнай кампетэнтнасці суб’ектаў адукацыйных адносін у рамках дзейнасці школьных службаў медыяцыі і вырашэння канфліктаў”, таму адна з чатырох тэматычных пляцовак мела тэматыку “Зносіны без межаў”. Дзеці, “прымераўшы” ролю журналіста, вучыліся, здавалася б, простым рэчам — задаваць пытанні і слухаць адказы, працаваць у камандзе, вывучаць сябе і іншых.

Уменню асэнсоўваць свае эмоцыі і матывы паводзін, разумець пачуцці іншых людзей, кантраляваць свае паводзіны падлеткі маглі таксама навучыцца на трэнінгах “Свет у сэрцы кожнага”, “Матывацыя і мэтапастаноўка: як паставіць сапраўды рабочую мэту”.

Педагогі на трэнінгу “Прастора пазітыву” знаёміліся з паняццем “сіндром эмацыянальнага выгарання”, асвойвалі метады і прыёмы дапамогі самому сабе ў сітуацыях прафесійнага стрэсу. Прапанаваныя псіхалагічныя практыкаванні і тэхнікі на трэнінгу “Дзіцяча-бацькоўскія адносіны: шлях паразумення” былі накіраваны на гарманізацыю адносін і эмацыянальнае збліжэнне, развіццё здольнасці канструктыўнага ўзаемадзеяння бацькоў і дзяцей.

Вучаніца 8 класа гімназіі № 2 Маша Кулевіч з сябрамі вырашыла прайсці прафарыентацыйную дыягностыку і атрымаць парады спецыялістаў аб выбары будучай спецыяльнасці.

— Дыягнастычная пляцоўка прадастаўляла магчымасць усім жадаючым — вучням, бацькам, настаўнікам — прайсці псіхадыягнастычнае абследаванне па прафарыентацыі, дзіцяча-бацькоўскіх адносінах, выявіць псіхаэмацыянальны стан і па выніках тэстаў атрымаць рэкамендацыі і псіхалагічную падтрымку, — гаворыць дырэктар сярэдняй школы № 23 Аліна Фядуцік.— Важнасць такога псіхалагічнага марафону бачыцца ў ахопе ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу і ў магчымасці школы дапамагчы ў важных пытаннях псіхалагічных адносін і псіхалагічнага здароўя.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.