Прастора татальнай інклюзіі

- 10:59Прафесійна-тэхнічная адукацыя

Падыходзячы да корпуса Мінскага дзяржаўнага каледжа электронікі, што размешчаны на вуліцы Кнорына, заўважаеш ля ўваходу шыльду, надпіс на якой зроблены шрыфтам Брайля. Унутры будынка — шырокія калідоры, усюды — зручныя пандусы. А вось заўважыць сярод гаманлівага натоўпу навучэнцаў тых, для каго створаны такія ўмовы, няпроста: настолькі натуральна і гарманічна падлеткі з асаблівасцямі развіцця ўліліся ў агульны маладзёжны калектыў. Менавіта так выглядае Цэнтр прафесійнай і сацыяльнай рэабілітацыі для людзей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця названага каледжа.

Атрымаць прафесію важна для кожнага чалавека. Для людзей з АПФР — асабліва. Таму што работа для іх — гэта не толькі заробак, а яшчэ і магчымасць жыць у соцыуме, адчуваць сваю значнасць і патрэбнасць. І ўстановы прафесійнай адукацыі імкнуцца ствараць аптымальныя ўмовы для навучання людзей гэтай катэгорыі. Значную ролю тут адыгрываюць цэнтры прафесійнай і сацыяльнай рэабілітацыі. Яны створаны ў некаторых установах прафадукацыі ў розных абласцях нашай краіны. Цэнтр, які дзейнічае ў Мінскім дзяржаўным каледжы электронікі, мае свае адметнасці. Гэта адзіная ў краіне ўстанова такога тыпу, якая размяшчаецца ў спецыяльна ўзведзеным для гэтага будынку. У іншых установах цэнтры размяшчаюцца ў розных памяшканнях, якія першапачаткова прызначаліся для іншых мэт, а потым былі прыстасаваны пад патрэбы цэнтраў.

Працаваць з асаблівымі навучэнцамі ў каледжы электронікі пачалі 15 гадоў назад. Першапачаткова Цэнтр прафесійнай і сацыяльнай рэабілітацыі дзейнічаў у першым корпусе каледжа, што на вуліцы Казінца. Потым было прынята рашэнне аб будаўніцтве новага корпуса, і яго адразу праектавалі з улікам асаблівых патрэб навучэнцаў, прыцягваючы да праектавання экспертаў. Наваселле справілі ў 2014 годзе. У новабудоўлі ўсё прадумана для камфорту кожнага навучэнца. Тут створана безбар’ернае асяроддзе: пандусы, шырокія дзвярныя праёмы для інвалідаў-калясачнікаў, ліфты, спецыяльна абсталяваныя туалетныя пакоі з поручнямі і прыстасаваннямі. У корпусе размешчаны сучасныя вучэбныя кабінеты і вытворчыя майстэрні, устаноўлены інтэрактыўныя дошкі, забяспечаны выхад у інтэрнэт, ёсць цудоўны спартыўна-аздараўленчы комплекс.

У каледжы вядзецца навучанне юнакоў і дзяўчат з парушэннямі слыху, апорна-рухальнага апарату і расстройствамі аўтыстычнага спектра. А з гэтага навучальнага года каледж упершыню пачаў прымаць і асоб з парушэннямі зроку.

Навучэнцы з парушэннямі слыху асвойваюць фотасправу пад кіраўніцтвам Г.Ф.Басянок.

Яшчэ адна асаблівасць Цэнтра прафесійнай і сацыяльнай рэабілітацыі каледжа электронікі ў тым, што тут вядзецца падрыхтоўка па спецыяльнасцях, звязаных з ін­тэлектуальнай працай. Такіх магчымасцей у асоб с АПФР не так шмат. Сёння ў краіне існуе праблема звужанага спектра прафесій для выбару дзецьмі з абмежаванымі магчымасцямі. Як правіла, гэта прафесіі, якія звязаны з ручной механічнай працай. Пры гэтым многія дзеці з парушэннямі слыху, зроку, апорна-рухальнага апарату маюць вельмі высокі інтэлектуальны патэнцыял. У каледжы электронікі яны вучацца на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі па спецыяльнасцях “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій”, “Тэхнічная эксплуатацыя абсталявання”, “Тэхналогія вытворчасці вырабаў электроннай і мікраэлектроннай тэхнікі”, “Эксплуатацыя электронна-вылічальных машын”, “Механічная апрацоўка металу на станках і лініях”, “Фатаграфія”. Навучэнцы цэнтра маюць магчымасць прадоўжыць навучанне на факультэце камп’ютарных тэхналогій БДУІР, а таксама на факультэце інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі БНТУ.

Будучыя праграмісты

У адным са шматлікіх кабінетаў цэнтра праходзяць заняткі, восем юнакоў і дзяўчат працуюць за камп’ютарамі. На маніторы яны не глядзяць, а толькі засяроджана прыслухоўваюцца да гукаў у навушніках. Гэта першая ў гісторыі каледжа электронікі група навучэнцаў з парушэннямі зроку.

Каледж электронікі грунтоўна падрыхтаваўся да прыёму такой катэгорыі навучэнцаў. Быў абсталяваны спецыяльны кабінет інфармацыйных тэхналогій. Тут ёсць камп’ютары са спецыялізаваным праграмным забеспячэннем, тактыльныя дысплэі Брайля, партатыўныя электронныя павелічальнікі, сканер для сляпых і слабавідушчых карыстальнікаў, прынтары для шрыфту Брайля і іншая тэхніка. Навучэнцы атрымлі­ваюць спецыяльнасць “Эксплуатацыя электронна-вылічальных машын”.

Заняткі вядзе Аляксандр Ула­дзіміравіч Севярын. Ён дае сваім падапечным не толькі прафесійныя веды, але і значна больш — прыклад таго, што ўсе перашкоды можна пераадолець. Аляксандр Уладзіміравіч невідушчы. Пры гэтым ён выкладае ў каледжы, займаецца праграмаваннем і зараз атрымлівае трэцюю вышэйшую адукацыю.

— Сёння на занятках мы вывучаем сканіраванне, знаёмімся з праграмай для распазнавання выяў. Для невідушчага чалавека гэта вельмі важны навык. Прачы­таць папяровы дакумент ён не можа. Аднак можна гэты дакумент пераўтварыць у электронны і не толькі прачытаць, але і праца­ваць з ім, — расказвае педагог. — У кабінеце ёсць спецыяльны сканер для невідушчых і звычайны сканер, які можна сустрэць у любым офісе. Вучымся працаваць з імі.

Нягледзячы на мноства спецыялізаванай тэхнікі ў кабінеце, Аляксандр Уладзіміравіч арыентуе навучэнцаў на работу з самымі звычайнымі камп’ютарамі.

Заняткі ў групе навучэнцаў з парушэннямі зроку.

— Я імкнуся рыхтаваць навучэнцаў да жыццёвых рэалій. У хуткім часе яны прыйдуць на першае рабочае месца. Спецыяльнае абсталяванне для невідушчых там можа быць, але, хутчэй за ўсё, яго не бу­дзе. І ўсё ж трэба прыйсці і праца­ваць. Аператар ЭВМ павінен валодаць пэўнымі ведамі і навыкамі, незалежна ад таго, відушчы ён ці невідушчы. Ім трэба быць гатовымі працаваць на роўных умовах з іншымі.

Усё, што патрэбна для пачатку работы — праграма экраннага доступу, якая пераўтварае ўсё, што адбываецца на экране камп’ютара, у гукавую інфармацыю, якуе невідушчы карыстальнік чуе ў навушніках або праз калонкі. У хуткім часе кожны навучэнец зможа падысці да любога камп’ютара з флэшкай, на якой знаходзіцца праграма экраннага доступу, і спакойна за гэтым камп’ютарам працаваць.

Зараз юнакі і дзяўчаты атрымліваюць прафесійна-тэхнічную адукацыю. Далей яны змогуць прадоўжыць навучанне на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі, каб стаць тэхнікамі-праграмістамі.

Будучыя праграмісты слу­хаюць педагога з захапленнем. Кожны з іх усведамляе, наколькі ім пашанцавала. Амаль усе з іх расказвалі, што збіраліся пасля заканчэння школы ехаць у Гродна вучыцца на масажыста. Не таму, што ім вельмі хацелася стаць масажыстамі, а таму, што выбар прафесій для невідушчых, на жаль, небагаты. І калі з’явілася альтэрнатыва — магчымасць атрымаць сучасную, цікавую прафесію — выкарысталі яе з радасцю.

На мове жэстаў

Большасць навучэнцаў Цэнтра прафесійнай і сацыяльнай рэабілітацыі мае парушэнні слыху. Каб ім было зручна арыентавацца, вучэбны корпус абсталяваны шматлікімі ўказальнікамі, стэндамі, знакамі і схемамі. З імі працуюць 38 выкладчыкаў і 6 майстроў вытворчага навучання. На занятках прысутнічае перакладчык жэставай мовы, хаця за гады работы з такімі юнакамі і дзяўчатамі многія выкладчыкі і самі авалодалі мовай жэстаў.

У людзей з парушэннямі слыху зрокавы канал успрымання інфармацыі з’яўляецца вядучым. Навучанне ў каледжы для іх арганізавана з апорай на візуальную інфармацыю. Для зручнасці педагогі самі ствараюць разнастайныя сродкі навучання. Распрацаваны спецыяльныя вучэбна-метадычныя комплексы па прадметах і дысцыплінах агульнаадукацыйнага і прафесійнага кампанентаў. Вельмі карыснымі ў рабоце з такімі дзецьмі аказаліся сучасныя тэхналогіі. Выкладчыкі сумесна з навучэнцамі распрацавалі інтэрактыўныя электронныя карты, гульнятэкі інтэлектуальных спаборніцтваў, віртуальныя лабараторыі, электронныя жэставыя слоўнікі-гласарыі па прадметах і дысцыплінах, тэматычныя мультымедыйныя прэзентацыі. На занятках выкладчыкі паспяхова праводзяць вэб-квесты, выкарыстоўваюць тэхналогію відэанавучання ў маўклівым рэжыме, разнастайныя мабільныя дадаткі і камп’ютарныя праграмы.

— Побач з намі працуюць сурдаперакладчыкі. Вельмі зручна, што ў нашым распараджэнні сучасная тэхніка. Усё можна паказаць на інтэрактыўнай дошцы ці камп’ютары, гэта ёсць у кожным кабінеце, — расказвае Галіна Фёдараўна Басянок, майстар вытворчага навучання. — Я праводжу заняткі ў юнакоў і дзяўчат, якія атрымліваюць спецыяльнасць “Фатаграфія”. Яны вучацца ствараць фотаздымкі, апрацоўваць іх у фотарэдактары, рабіць фотакнігі. Заняткі таксама праходзяць у фотасалонах кампаніі “Вілія”, якая займаецца аказаннем бытавых паслуг і з’яўляецца сябрам нашага каледжа.

Ва ўстанове цудоўныя ўмовы і для практычнага навучання. Напрыклад, у майстэрнях сучасныя такарныя і фрэзерныя станкі, абсталяваны рабочыя месцы для навучання зборшчыкаў бытавой тэхнікі — базавае прадпрыемства забяспечыла майстэрні халадзільнікамі і пральнымі машынамі.

— У майстэрні ёсць аўдыторыя. Тут мы тлумачым новы матэрыял, а потым кожны замацоўвае веды на практыцы на сваім рабочым месцы, — расказвае Уладзімір Дзмітрыевіч Ананіч, майстар вытворчага навучання. — Гэтыя дзеці вельмі старанныя навучэнцы, потым яны становяцца такімі ж стараннымі і адказнымі работнікамі.

Пакідаючы прывычныя сцены каледжа, яго выпускнікі не застаюцца сам-насам з жыццёвымі праблемамі. Праводзіцца сістэмная работа па размеркаванні і працаўладкаванні выпускнікоў цэнтра, і ўсім прада­стаўляецца першае месца работы. За ўсю гісторыю існавання цэнтра працаўладкаваны больш за 400 маладых спецыялістаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Каледж усяляк спрыяе адаптацыі навучэнцаў на рабочых месцах. Напрыклад, пры неабходнасці навучэнца з парушэннямі слыху на першапачатковым этапе можа суправаджаць сурдаперакладчык, каб чалавек мог дасканала ўнікнуць у тонкасці арганізацыі рабочага працэсу, зразумець патрабаванні да сваёй работы. Калі малады спецыяліст прызвычайваецца да новых умоў, то далей можа дзейні­чаць ужо самастойна.

Дзеці — на першым месцы

Аднойчы калектыў каледжа ўзяў на сябе важную і высакародную місію — дапамагаць тым, каму лёс падрыхтаваў больш выпрабаванняў, чым іншым. І з гэтай місіяй тут спраўляюцца. А ў планах яшчэ шмат чаго.

— Мы працуем над пашырэннем пераліку прафесій для навучэнцаў з рознымі парушэннямі і павелічэннем набору, — расказвае дырэктар Мінскага дзяржаўнага каледжа электронікі Георгій Уладзіміравіч Козел. — Канечне, працягваем удасканальваць матэрыяльна-тэхнічную базу. Ужо амаль гатовы да адкрыцця новыя лабараторыі — пнеўматыкі, гідраўлікі, робататэхнікі і мікраэлектронікі. На базе нашай установы адкрыецца першы ў краіне рэсурсны цэнтр інклюзіўнай прафесійнай адукацыі. І гэта далёка не ўсе планы.

Сёння для навучэнцаў у цэнтры створаны ўнікальныя ўмовы. Але яшчэ больш унікальныя лю­дзі тут працуюць. Менавіта калектыў — неабыякавых, чулых, добрых лю­дзей — дырэктар каледжа лі­чыць галоўнай каштоўнасцю і гордасцю ўстановы.

— У нас былі выпадкі, калі педагогі літаральна насілі на руках дзяцей з парушэннямі апорна-рухальнага апарату. А адзін з супрацоўнікаў кожны дзень прывозіць на ўласнай машыне з інтэрната на заняткі невідушчага навучэнца, якому складана арыентавацца ў горадзе, — расказвае Георгій Уладзіміравіч. — У нас працуюць людзі, для якіх заўсёды на першым месцы — дзеці. І мне вельмі хацелася б, каб прафесійныя ўзнагароды і заахвочванні прысуджаліся не толькі за перамогі ў конкурсах і алімпіядах, але і за міласэрнасць, чуласць. Бо ці не гэта галоўнае ў сённяшнім свеце?

Такія адносіны да людзей з асаблівасцямі развіцця педагогі каледжа перадаюць і ўсім яго навучэнцам. Каледж становіцца прасторай татальнай інклюзіі і дабрыні.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.