Прастора творчасці і натхнення, новых ідэй і адкрыццяў

- 13:20Людзі адукацыі

Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі па праве лічыцца вядучай установай сталіцы ў сістэме павышэння кваліфікацыі педагагічных і кіруючых работнікаў, з’яўляецца навукова-метадычным цэнтрам развіцця адукацыйнай галіны, дзе акумулюецца перадавы вопыт, рэалізуюцца новыя кірункі, ствараюцца сучасныя праекты, укараняюцца новыя метады і формы работы — і ўсё гэта з адной мэтай: узняць прафесійную падрыхтоўку педагагічных кадраў на больш высокі, сучасны ўзровень. Сёння ў цэнтры ўвагі калектыву ўстановы рэалізацыя наватарскіх ідэй па ўкараненні ў сістэму адукацыі сталіцы інфармацыйных тэхналогій. Пра традыцыйныя і перспектыўныя кірункі дзейнасці інстытута расказвае яго рэктар, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Таццяна Іванаўна МАРОЗ.

— Таццяна Іванаўна, у сістэме айчыннай адукацыі вы чалавек вядомы, шмат зрабілі для развіцця адукацыйнай галіны сталіцы. Раскажыце, калі ласка, як адбывалася ваша станаўленне як педагога і кіраўніка.

— Кожны чалавек у пэўны перыяд свайго жыцця задумваецца, ці правільны прафесійны выбар ён зрабіў у маладосці, ці стала яго работа прызваннем і наколькі яго жыццё пераплялося з прафесійнай дзейнасцю. Напэўна тое, што я звыш 30 гадоў свайго жыцця аддала прафесіі педагога, адказвае на ўсе гэтыя пытанні. Мая прафесія — гэта мой лёс.

Нарадзілася я ў Мінску, вучылася ў сярэдняй школе № 1 сталіцы, потым на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, у аспірантуры Нацыянальнага інстытута адукацыі. Мне пашчасціла: на кожным этапе атрымання ведаў, падчас першых крокаў у прафесіі  маімі настаўнікамі былі сапраўдныя педагогі, апантаныя сваёй справай, якія любілі дзяцей, той прадмет, які выкладалі, валодалі лепшымі чалавечымі якасцямі і перадавалі іх сваім выхаванцам. Мае настаўнікі ўспрымалі ўстанову адукацыі  як прастору творчасці і натхнення, новых ідэй і адкрыццяў. Усе гэтыя каштоўнасці я імкнулася пераняць. І сёння з радасцю нясу гэтыя пачуцці сваім выхаванцам і калегам. Мой працоўны шлях пачынаўся з той школы, дзе я вучылася сама, — сярэдняй школы № 1 Мінска, а потым працягнуўся ў сярэдняй школе № 30 Мінска. Навуковая дзейнасць цесна звязана з Нацыянальным інстытутам адукацыі, а выкладчыцкая — з Мінскім гарадскім інстытутам развіцця адукацыі, у якім я працую ўжо 15 гадоў, а з 2009 года яго ўзначальваю. У гэтым годзе мы адзначаем 60-гадовы юбілей інстытута. Гісторыя і сучаснасць нашай установы непарыўна звязаны з развіццём сістэмы адукацыі сталіцы. У нашага інстытута вартае гордасці мінулае, багатая на дасягненні сучаснасць. На працягу ўсёй сваёй дзейнасці інстытут адкрывае для педагогаў сталіцы новыя магчымасці для прафесійнага росту, стварае спрыяльнае адукацыйнае асяроддзе, аказвае дапамогу педагогам у навуковым і метадычным суправаджэнні. Сапраўды, выкладанне настаўнікам таго ці іншага прадмета — гэта не проста працэс перадачы ведаў вучню, гэта  пастаянны, бесперапынны рух да самаўдасканалення педагога, пошук таго аптымальнага кірунку, які дазволіць зрабіць навучанне цікавым, матываваным. Мы ў сваю чаргу не толькі даём настаўніку багаж неабходных ведаў, але і фарміруем яго асобу.

Установа заўсёды працуе на перспектыву, шукае тыя інавацыйныя рашэнні, якія б спрыялі аптымізацыі дзейнасці сістэмы адукацыі сталіцы, развіццю творчага патэнцыялу педагагічных і кіруючых работнікаў, укараненню больш дасканалых метадычных распрацовак, сучасных тэхналогій адукацыі. У гэтым дапамагае і шырокая міжнародная дзейнасць. На сёння падпісаны пагадненні аб супрацоўніцтве прыкладна з 80 установамі адукацыі краін блізкага і далёкага замежжа. Абмен вопытам ажыццяўляецца праз публікацыі супрацоўнікаў інстытута (манаграфіі, вучэбныя дапаможнікі, артыкулы). Штогод іх выдаецца некалькі соцень. Акрамя таго, мы выдаём свой навукова-метадычны часопіс “Вестник МГИРО” і яго дадатак.

— Неабходнасць самарэалізавацца, павысіць прафесіяналізм, раскрыць свой патэнцыял у прафесіі набывае сёння дамінуючае значэнне. Без асваення інавацыйных тэхналогій тут не абысціся.

— Сапраўды так. Сённяшні час можна назваць часам пашырэння сістэмы масавых камунікацый, перыядам чарговага тэхнічнага і тэхналагічнага ўплыву на асобу чалавека. Перад установай адукацыі паўстае задача фарміравання ў кожным навучэнцу ключавых кампетэнцый, звязаных з інфармацыйнымі тэхналогіямі, каб можна было добра арыентавацца ў сучаснай інфармацыйна-адукацыйнай прасторы. Сёння наша грамадства пераходзіць да новага тыпу працы, у якім мала мець спецыялізаваныя веды і навыкі, неабходна ў поўным аб’ёме валодаць тымі, што звязаны з лічбавымі тэхналогіямі. Выйграе актыўны чалавек, які імкнецца быць у цэнтры інавацый, гатовы да самаўдасканалення і далейшага прафесійнага развіцця. Мы матывуем і дапамагаем у гэтым нашым педагогам. Пераход да новых тэхналогій ажыццяў­ляецца ў нашай сталіцы ўжо даволі даўно. Такія праекты, як  “Разумны горад”, “Электронная школа”, скіраваныя  на ўкараненне сучасных ІТ, паўплывалі на тое, што наш інстытут стаў часткай гарадской інфармацыйна-камунікацыйнай інфраструктуры. На базе інстытута быў створаны гарадскі рэсурсны цэнтр інфармацыйных тэхналогій, куды ўвахо­дзяць адкрытыя гарадскія ІТ-лабараторыі: лабараторыя інавацыйных дыстанцыйных тэхналогій “Адукацыя без меж”, “Лабараторыя робататэхнікі”, “STEAM-АКАДЭМІЯ”, лінгафонная мультымедыйная лабараторыя, інтэрактыўная лабараторыя, Цэнтр падрыхтоўкі інструктараў і падтрымкі акадэмій CISCO, лабараторыя інтэлектуальных сістэм і тэхналогій. Усе гэтыя лабараторыі дазваляюць зрабіць працэс павышэння кваліфікацыі максімальна індывідуалізаваным. Выкладчыкі і метадысты інстытута могуць працаваць з групамі малой колькасці педагогаў ці нават з адным канкрэтным педагогам, які звярнуўся па дапамогу або займаецца са сваімі вучнямі праектамі, у тым ліку даследчымі.

— Раскажыце аб праекце, які ваш інстытут рэалізоўвае разам з рэгіянальнымі інстытутамі развіцця адукацыі.

— З мінулага года сумесна з нашымі калегамі з рэгіёнаў мы пачалі рэалізоўваць эксперыментальны праект “Апрабацыя мадэлі кіруемага развіцця электронных сэрвісаў для павышэння якасці адукацыйных паслуг ва ўстанове дадатковай адукацыі дарослых”. Гэтая мадэль уяўляе сабой адзіны комплекс тэхналагічна звязаных паміж сабой інфармацыйных сістэм і сэрвісаў, якія выкарыстоўваюцца для забеспячэння аўтаматызацыі працэсаў збору, захоўвання і перадачы інфармацыі аб адукацыйным працэсе ва ўстанове дадатковай адукацыі дарослых. Гэты комплекс стане адным са складнікаў у сістэме электроннага дакументаабароту ў сферы адукацыі і ў органах кіравання адукацыяй рэгіёнаў, а таксама забяспечыць інтэграцыю звестак наконт выдачы дакументаў аб атрыманні дадатковай адукацыі дарослых з рэспубліканскім банкам дакументаў аб адукацыі.

Для рэалізацыі праекта было прынята рашэнне выкарыстоўваць аўтаматызаваныя інфармацыйныя сістэмы, якія ўжо функцыянуюць у сістэме адукацыі горада. Так, згодна з загадам камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама “Аб парадку абнаўлення інфармацыі ў аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэме кіравання”, установы адукацыі Мінска выкарыстоўваюць аўтаматызаваную сістэму апрацоўкі даных “Адкрытая платформа “Адукацыя” (раней — аўтаматызаваная інфармацыйная сістэма “Партал інфармацыйнага і сэрвіснага абслугоўвання карыстальнікаў”). Гэтая сістэма мае ўбудаваны модуль, які змяшчае звесткі аб педагагічных работніках з указаннем усіх неабходных персанальных даных, якія выкарыстоўваюцца пры накіраванні супрацоўніка на павышэнне кваліфікацыі. Гэта дазваляе аўтаматызаваць працэс накіравання педагагічных работнікаў устаноў адукацыі на павышэнне кваліфікацыі (фарміраванне спісачнага складу груп павышэння кваліфікацыі з указаннем усіх неабходных звестак; падрыхтоўка неабходных справаздачных, арганізацыйна-распарадчых і выніковых дакументаў і інш.). У перспектыве апрабацыя і ўкараненне модуля “Павышэнне кваліфікацыі” дазволіць фарміраваць адзіную базу даных педагагічных работнікаў устаноў адукацыі Мінска, аўтаматызаваць зверку педагагічных кадраў на ўзроўні ўстановы адукацыі, упраўлення па адукацыі адміністрацыі раёна, інстытута развіцця адукацыі і камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама. У сферы лічбавай трансфармацыі сістэмы адукацыі нашай краіны гэта вельмі важна.

— Як інстытут выкарыстоўвае дыстанцыйнае навучанне, у тым ліку падчас пандэміі?

— Інстытут выкарыстоўвае сістэму дыстанцыйнага навучання Moodle (http://moodle.minsk.edu.by), асноўнымі напрамкамі якой з’яўляюцца павышэнне кваліфікацыі педагогаў, стварэнне курсаў устаноў адукацыі, арганізацыя гарадскіх конкурсаў, фестываляў, канферэнцый, інтэрнэт-семінараў, суправаджэнне гарадскіх інтэрнэт-алімпіяд, размяшчэнне нацыянальных электронных сродкаў навучання, даступных у анлайн- рэжыме, рэалізацыя інтэрнэт-праектаў, эксперыментальная дзейнасць. Ажыццёўлены пераход сістэмы дыстанцыйнага навучання на віртуальны сервер beСloud, таму рэсурс можа ўдасканальвацца і папаўняцца актуальнымі  матэрыяламі не толькі для павышэння кваліфікацыі дарослых, але і для арганізацыі навучання дзяцей. Наяўная сеткавая інфраструктура дазваляе ўдасканальваць зместавы кантэнт ва ўмовах, значных для сістэмы адукацыі. На сёння адкрыта 4773 электронныя курсы педагогамі з 124 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі горада.

Платформа з’яўляецца пляцоўкай для правядзення мерапрыемстваў, у тым ліку інтэрнэт-алімпіяды для навучэнцаў, кваліфікацыйнага экзамену на прысваенне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі для педагогаў, пасяджэнняў метадычных аб’яднанняў для кіруючых і педагагічных работнікаў рэгіёна, конкурсаў, інтэрнэт-праектаў, навукова-практычных канферэнцый, віртуальнага кабінета псіхолага і інш.

Для аказання дапамогі педагагічным работнікам сталіцы ў арганізацыі адукацыйнага працэсу з улікам эпідэмічнай сітуацыі, у тым ліку для навучэнцаў, якія знаходзяцца на самаізаляцыі або каранціне, Мінскім гарадскім інстытутам развіцця адукацыі сумесна з ініцыятыўнай групай педагогаў з устаноў адукацыі Мінска была праведзена  сур’ёзная работа: удасканалены гарадскі інфармацыйна-адукацыйны партал Вучань.by (https://vuchan.by), у рубрыцы “Дамашняя школа” былі размешчаны 286 відэаролікаў па вучэбных прадметах, 17 відэаролікаў па падрыхтоўцы да цэнтралізаванага тэсціравання, відэакансультацыі па ўсіх вучэбных прадметах з 3 па 11 клас па  актуальных тэмах.

— Як увогуле ў сістэме сталічнай адукацыі прахо­дзіць працэс лічбавізацыі? Як далей будзе працягвацца выкарыстанне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у прафесійнай дзейнасці?

— У гэтай сферы многія нашы ўстановы прайшлі асноўныя этапы лічбавізацыі, некаторыя ўжо маюць лічбавыя лабараторыі па хіміі, фізіцы і біялогіі, выкарыстоўваюць воблачныя тэхналогіі. Але разам з гэтым трэба разумець, што работа па далейшай лічбавай трансфармацыі, сістэмнай лічбавізацыі адукацыі павінна працягвацца пастаянна. Адсюль неабходнасць навучання сучаснага школьніка  ва ўмовах лічбавай (электроннай) школы, якая прадугледжвае наяўнасць лічбавых прадметных лабараторый па прадметах прыродазнаўча-матэматычнага цыкла, інжынерных лабараторый і класаў робататэхнікі, IT-класаў; неабходнасць агульнага доступу да рэсурсаў адзінай адукацыйнай платформы, якая фарміруецца Міністэрствам адукацыі пры непасрэдным удзеле лепшых педагогаў сталіцы, у тым ліку і метадыстаў інстытута развіцця адукацыі.

 Зразумела, што ўзровень падрыхтоўкі педагогаў па выкарыстанні інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій розніцца, таму мы актыўна ўкараняем індывідуальнае кансультаванне і арганізацыю павышэння кваліфікацыі па заяўках устаноў адукацыі. Зараз мы распрацоўваем рэгіянальны праект, рабочая назва якога “Распрацоўка і ўкараненне ма­дэлі комплекснай інфарматызацыі сістэмы адукацыі як сродку фарміравання лічбавай экасістэмы рэгіёна”. Мы спадзяёмся, што ён дазволіць гэтыя ідэі сістэмна і якасна ўкараняць у адукацыйную практыку сталіцы.

Па выкарыстанні інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у прафесійнай дзейнасці і ў цэлым інфарматызацыі толькі ў першай палове 2020/2021 навучальнага года мы прапануем звыш 20 курсаў павышэння кваліфікацыі і адукацыйных мерапрыемстваў. Сярод іх — “Распрацоўка інфармацыйных адукацыйных рэсурсаў як дыдактычных сродкаў арганізацыі самастойнай пазнавальнай дзейнасці вучняў на ўроку: тэорыя і практыка”, “Распрацоўка электроннага адукацыйнага рэсурсу сродкамі новых інфармацыйных тэхналогій”, “Інтэграцыя новых інфармацыйных тэхналогій у адукацыйны працэс”, “Стварэнне віртуальнага адукацыйнага асяроддзя сродкамі вэб-інструментаў”, “Выкарыстанне сеткавых і інтэрнэт-тэхналогій для арганізацыі адукацыйнага працэсу”, “Выкарыстанне гульнявых тэхналогій у адукацыйным працэсе”, “Выкарыстанне інтэрактыўнай графікі і анімацыі пры стварэнні вучэбных курсаў”, “Стварэнне інфармацыйна-адукацыйных прадуктаў на аснове рэдактара трохмернай графікі і анімацыі 3D MAX” і інш.

На гарадскім метадычным партале (http://mp.minsk.edu. by) адкрыта рубрыка “Каталог конкурсных урокаў”, у якой ужо размешчаны 90 відэазапісаў  вучэбных заняткаў настаўнікаў — удзельнікаў гарадскога конкурсу прафесійнага майстэрства “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі”, відэаролікаў у дапамогу пры арганізацыі аддаленага  навучання, дзе размешчаны відэа і прэзентацыйныя матэрыялы, а таксама метадычныя і практычныя рэкамендацыі па арганізацыі навучання з выкарыстаннем інфармацыйных тэхна­логій.

Таксама былі адкрыты актуальныя рубрыкі, дзякуючы якім педагогі могуць атрымаць інфармацыю пра магчымасці і прынцыпы работы на розных вучэбных платформах. Больш падрабязна пра ўсе магчымасці інстытута — на нашым сайце http://mgiro.minsk.edu.by. Разам з ужо традыцыйнымі формамі навучання і арганізацыі вучэбнага працэсу педагогам рэкамендуецца больш актыўна выкарыстоўваць відэаканферэнцыі, лекцыі ў рэжыме анлайн не толькі беларускіх навукоўцаў, практыкаў, але і замежных калег.

З мэтай аператыўнага інфармавання педагагічнай грамадскасці аб актуальных падзеях у сістэме адукацыі горада адкрыты тэлеграм-канал “Настаўнікі сталіцы”.

Гутарыла Ала КЛЮЙКО.