Прастора творчасці і натхнення

- 10:00Выхаванне, Выхаваўчая работа

Музейная педагогіка ў Навагрудскай спецыяльнай школе-­інтэрнаце стала адным са спосабаў інтэграцыі дзяцей у грамадства. У новым навучальным годзе тут адкрываюцца музей і некалькі экспазіцый.

Каб было цікава

Ёсць школы, дзе навучэнцы мяняюцца штогод, адна з такіх устаноў — Навагрудская спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення, парушэннямі псіхічнага развіцця (цяжкасцямі ў навучанні). Кожны год педагогі прымаюць хлопчыкаў і дзяўчынак з усёй краіны. Гэта няпростыя дзеці. Ім патрэбна дапамога кваліфікаваных спецыялістаў, і яны яе, безумоўна, атрымліваюць. Але ж педагогі не спыняюцца толькі на карэкцыйным навучанні.

— Мы імкнёмся да таго, каб дзецям было цікава, дапамагае ў гэтым музейная педагогіка, — падкрэсліў дырэктар школы-інтэрната Алег Анікевіч. — Да цяперашняга часу ў нас былі два музеі: “Традыцыі чаявання” і гісторыка-краязнаўчы “Памяць сэрца”. На базе адной з экспазіцый апошняга адкрываем музей ёлачных цацак. Пачаўшыся некалі з 10 шкляных цацак савецкага часу, сёння экспазіцыя вырасла да 2,5 тысячы экзэмпляраў. Пашыраецца і сам музей “Памяць сэрца”. Рыхтуюцца да адкрыцця чатыры новыя экспазіцыі, прысвечаныя Навагрудскаму “катлу”, помнікам прыроды, Уладзіміру Высоцкаму, календарам.

Кіраўнік установы адукацыі прызнаўся, што развіццё му­зеяў у школе не атрымала б такога руху, каб не педагогі, адданыя сваёй справе.

— Я ганаруся тым, што побач са мной працуюць Вольга Ула­дзіміраўна Радчанка, Таццяна Алееўна Мурзіч і Ірына Ва­сільеўна Хуан. Гэта людзі, якія жывуць работай, не лічацца з часам, збіраюць экспанаты для музейных экспазіцый і ўцягнулі ў гэтую справу дзяцей. На YouTube можна паглядзець ролікі, дзе навучэнцы расказваюць пра экспанаты музеяў. Часам іх цяжка зразумець, але якая гэта радасць для бацькоў, што іх дзеці пачалі гаварыць на камеру, стараюцца данесці сваю думку. Відавочна, дзецям цікава. І прагляды ролікаў павялічваюцца з кожным днём. Увогуле, наш калектыў вельмі згуртаваны, не мяняецца гадамі. Дзякуючы такім адданым педагогам, школа-інтэрнат добра зарэкамендавала сябе ў краіне. Мы тэсціруем падручнікі, пішам рэцэнзіі, да нашых настаўнікаў-лагапедаў прыязджа­юць займацца дзеці з усёй краіны.

Цёплыя традыцыі чаявання

Як духмяны чай, нібы цёплыя абдымкі, збліжае людзей, напаўняе іх жыццё спакойнай гармоніяй, такой цеплынёй і пя­шчотай імкнуцца ахапіць кожнага свайго выхаванца педагогі Навагрудскай спецшколы-інтэрната. Нездарма тут у маі 2017 года быў адкрыты музей “Традыцыі чая­вання”. Захавальніца гэтых традыцый — Таццяна Мурзіч.

— Наш музей знаёміць наведвальнікаў з гісторыяй узнікнення гарбаты, з традыцыямі чаявання ў Кітаі, Японіі, Англіі, Індыі, Расіі, — расказвае Таццяна Алееўна. — Вялікі чайны шлях, рускі самавар, гісторыя манастырскага чаю ў Беларусі — пра ўсё гэта і не толькі раскажуць вам нашы вучні-экскурсаводы. Такім чынам адбываецца далучэнне падрастаючага пакалення да этнічнай, агульнанацыянальнай і сусветнай культуры. У музеі сабрана больш за 300 экспанатаў. 

Калекцыя самавараў здзіўляе гасцей разнастайнасцю форм: “чарка”, “шар”, “ваза” і інш. Прыцягваюць увагу прадметы чайнага посуду: арыгінальныя пад­шклянкі, заварачныя чайнікі, цукарніцы, малочнікі, унікальныя чайныя пары, сервізы. Падчас экскурсіі можна пакаштаваць розныя гатункі гарбаты, азнаё­міцца з цікавымі народнымі рэцэптамі прабабуль. Таксама наведвальнікам музея прапануюць адчуць атмасферу традыцыйнай індыйскай чайнай, прыняць удзел у майстар-класе па вырабе падарункавых чайных набораў.

— Музейнае асяроддзе валодае вялікім выхаваўчым патэнцыялам. Дзейнасць музея накіравана на стварэнне спрыяльнага псіхалагічнага клімату ў калектыве навучэнцаў нашай школы. Многія дзеці знаходзяцца далёка ад дома, і ім часта не хапае дамашняй цеплыні і выгод. Пагадзіцеся, нішто не можа параўнацца з сяброўскімі зносінамі за кубкам духмянай гарбаты. Чая­ванне — гэта гутарка ў ня­змушанай атмасферы, збліжэнне навучэнцаў і педагогаў. Адукацыйнае асяроддзе музея стварае ўмовы для культурнага развіцця асобы. Вывучэнне чайных традыцый краін свету спрыяе эстэтычнаму і полікультурнаму выхаванню асобы, — гаворыць Таццяна Мурзіч.

У школе асабліва актуальная праблема выхавання камунікатыўнай культуры ў дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення. Музей “Традыцыі чаявання” не толькі пашырае кругагляд выхаванцаў і дае пэўныя веды, але і з’яўляецца месцам, дзе ствараюцца ўмовы для саманавучання і самаразвіцця асобы, удасканалення неабходных камунікатыўных навыкаў. Тут самі навучэнцы право­дзяць экскурсіі, віктарыны, музейныя ўрокі, ролевыя гульні, тэатралізаваныя паказы. Традыцыйнымі сталі і мерапрыемствы для грамадзян, якія наведваюць аддзяленне дзённага знаходжання для пажылых людзей. Такія сустрэчы выхоўваюць у дзяцей клопат аб бабулях і дзядулях, пачуццё міласэрнасці, спагады, павагі да пажылых людзей.

Навучэнцы прымаюць удзел у праектна-даследчай дзейнасці. Напрыклад, сумесна з бацькамі імі быў рэалізаваны праект “Бабуліны рэцэпты травяной гарбаты”, створаны гербарый “Сіла гаючых траў у чайных напітках”, арганізавана творчая майстэрня па вырабе крэатыўных чайных пакецікаў “Духмяная фантазія”. Навучэнцы, іх бацькі, педагогі школы займаюцца захаваннем, папаўненнем і вывучэннем музейнай калекцыі.

“Памяць сэрца”

Гісторыка-краязнаўчы музей “Памяць сэрца” быў адкрыты ў школе ў 2014 годзе на месцы музейнага пакоя. Экспазіцыі расказ­ваюць пра гісторыю школы, гераічнае мінулае ваенных гадоў, знаёмяць з побытам і традыцыйнымі заняткамі беларусаў, паказ­ваюць змяненні, якія адбыліся ў Навагрудку і раёне з пачатку ХХ стагоддзя і па цяперашні час. У музеі больш за 1800 экспанатаў. Найбольш каштоўныя з іх — акардэон 1938 года, пасведчанне асобы (аўсвайс) часоў Вялікай Айчыннай вайны, патэфон 1946 года, ёлачная цацка “Дырыжабль” 1937 года, газета “Известия” № 88 ад 13 красавіка 1961 года з фота­здымкам Юрыя Гагарына.

— Гісторыя нашай установы адукацыі вядзе адлік з пасляваен­нага 1945 года, калі была адкрыта школа для 100 глуханямых дзяцей, — расказвае кіраўнік музея “Памяць сэрца” Ірына Хуан. — Першы будынак школы ў 1946 го­дзе згарэў, і яна пераехала ў другі. Вучні абслугоўвалі сябе самі: мылі бялізну, займаліся нарыхтоўкай дроў на зіму, разам з выхавальнікамі працавалі над добраўпарадкаваннем памяшканняў. У 1966 го­дзе спецшкола для глухіх была перапрафілявана ў школу-інтэрнат для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення. А ў 1973 годзе яна атрымала новы будынак, у якім размя­шчаецца і сёння.

Чароўны свет ёлачнай цацкі

Адзін з раздзелаў “Чароўны Новы год і Нараджэнне Хрыстова” з верасня будзе працаваць як асобны музей.

— Мы знаёмім нашых наведвальнікаў з гісторыяй вытворчасці ёлачных цацак і іншай навагодняй атрыбутыкі з пачатку XX стагоддзя і па цяперашні час, з традыцыямі святкавання навагодніх і калядных свят у розных краінах свету, — тлумачыць настаўніца гісторыі Вольга Радчанка. — У экспазіцыю ўключаны цацкі з кардону, паперы, ваты і шкла, зробленыя ўручную і адлітыя ў формах, гірлянды, штучныя ёлкі, дожджык. На стэлажах можна ўбачыць дырыжаблі, невялікія чайнічкі, шары з сярпом і молатам, газавыя лямпы, на іншых размясціліся касманаўты, агародніна, персанажы з казак Джані Радары і Пушкіна. Ёлачныя цацкі ваеннага часу прадстаўлены ў выглядзе ордэнаў, зорак, танкаў, самалётаў, дырыжабляў і іншых прадметаў ваеннай атрыбутыкі з савецкай сімволікай. Таксама шмат пасляваенных цацак. Тут жа ёлкі часоў СССР, Дзяды Марозы з ваты, Снягуркі з пластмасы.

Ідэя стварэння экспазіцыі, прысвечанай Новаму году, належыць дырэктару школы А.А.Анікевічу. Экспанаты ўдалося сабраць дзякуючы энтузіязму і падтрымцы калег, выхаванцаў і іх бацькоў. А пачалося ўсё з пошукавай работы вучняў старшых класаў пад кіраўніцтвам В.У.Радчанка.

У мінулым навучальным го­дзе ў музеі “Памяць сэрца” праве­дзена 37 экскурсій. Актыў музея атрымаў дыпломы на абласных турыстычна-краязнаўчым праекце “Ад вытокаў да будучыні”, конкурсе “Віртуальны музей установы адукацыі”, музейным квізе “Чытаем гісторыю па ёлачных упрыгажэннях”, на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Экспанат для музея”.

Музейная прастора мае працяг нават у кабінеце дырэктара Навагрудскай спецыяльнай школы-інтэрната Алега Аркадзьевіча Анікевіча. Тут размясцілася яго асабістая калекцыя званочкаў, сабраных як у Беларусі, так і прывезеных з розных краін свету. Асобнае месца займаюць школьныя званочкі, як той, што захаваўся пасля закрыцця Масцішчанскай школы, у якую хадзіў сённяшні кіраўнік. Вось з такіх куточкаў прыгажосці і складаецца гісторыя навагрудскай школы.

 

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара і прадастаўлена
ўстановай адукацыі.