Прасторава­-дэкаратыўная кампазіцыя ў гонар вузкакалейнай чыгункі адкрылася па ініцыятыве юных краязнаўцаў

- 16:49Новости

У мінулым годзе, які быў юбілейным для беларускай чыгункі (160 гадоў з дня заснавання), краязнаўцы Круцілавіцкай сярэдняй школы пачалі вывучэнне гісторыі будаўніцтва і выкарыстання вузкакалейнай чыгункі Наваельня — Наваг­рудак — Любча. Намі была даследавана значная частка асноўнага маршруту вузкакалейкі, праве­дзена шмат сустрэч, у выніку чаго на месцы, дзе яна была пракладзена, былі знойдзены аб’екты, якія маюць пэўную гістарычную каштоўнасць.

Каб прывабіць наведвальнікаў да гэтага гістарычнага аб’екта, мы вырашылі стварыць прасторава-дэкаратыўную кампазіцыю ў складзе макета-паравоза, інфармацыйнага шчыта і ліпавай алеі чыгуначнікаў з памятным знакам, які змяшчае яе назву і кірункі руху вузкакалейкі.

Безумоўна, рэалізаваць цалкам гэты праект уласнымі сіламі было б немагчыма. Мы звярнуліся па дапамогу ў Баранавіцкае аддзяленне Беларускай чыгункі, дзе наш праект быў падтрыманы намеснікам начальніка Уладзімірам Іванавічам Быцкевічам і начальнікам сектара ідэалагічнай і сацыяльна-культурнай работы Ілонай Дзміт­рыеўнай Палавінкінай.

Ішоў час. Пераадольваючы прамежкавыя этапы з дапамогай ААТ “Граніт-Агра”, ДРБУ-119, ТАА “Ізакам” і іншых неабыякавых да нашай края­знаўчай работы людзей, мы набліжаліся да гэтага цудоўнага майскага дня напярэдадні Дня Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь, які быў выбраны чыгуначнікамі для аўтапрабегу, падчас якога і планавалася адкрыццё кампазіцыі. Прасторава-дэкаратыўную кампазіцыю ўпрыгожыў макет паравоза, які быў выраблены лакаматыўным дэпо Баранавіцкага вузла пад кіраўніцтвам Паўла Ігаравіча Мухіна.

Нарэшце адкрыццё адбылося. Аб маштабе свята сведчыць тое, якая прадстаўнічая дэлегацыя Баранавіцкага аддзялення Беларускай чыгункі прыехала на Дзятлаўшчыну. Сярод гасцей было і кіраўніцтва Дзятлаўскага райвыканкама, аддзела адукацыі, ААТ “Граніт-Агра”. Прыйшлі і мясцовыя жыхары, сваякі чыгуначнікаў, якія калісьці працавалі на гэтай вузкакалейцы.

Адкрыццё кампазіцыі стала знакавай падзеяй і ў нашай краязнаўчай дзейнасці. Гэта наш свое­асаблівы падарунак малой радзіме.

Сяргей КАСКО,
кіраўнік гісторыка-краязнаўчага музея “Спадчына”
Круцілавіцкай сярэдняй школы Дзятлаўскага раёна