Праца + адпачынак — гэта здорава!

Упершыню ў Доцішскай сярэдняй школе працуе лагер працы і адпачынку “Мурашнік”. У атрадзе “Крута” 15 падлеткаў, якія праводзяць праполку буракоў на палях КСУП “Доцішкі”. У старшакласнікаў ёсць магчымасць не толькі адпрацаваць атрыманыя на ўроках працоўнага навучання навыкі, але і зарабіць свае першыя грошы.

Уся працоўная дзейнасць строга рэгламентуецца. З кожным падлеткам заключаны дагавор падраду, згодна з якім будуць выплачаны грошы. Такім чынам, ёсць стымул працаваць, і многія пачынаюць рэальна ўсведамляць цану кожнага заробленага асабістай працай рубля.

Працоўная дзейнасць падлеткаў — з 9 гадзін раніцы да абеду (3-4 гадзіны працы ў залежнасці ад надвор’я). Асноўны дэвіз у полі — “Лепш менш, але якасней”. Хлопцы і дзяўчаты працуюць дружна, дапамагаюць адзін аднаму, заўжды ў добрым настроі, жартуюць. А пасля абеду яны з энтузіязмам разам з педагогамі ўдзельнічаюць у арганізацыі і правядзенні вясёлых і цікавых спартыўных і творчых мерапрыемстваў.

У атрадзе размеркаваны абавязкі, арганізавана дзяжурства, працуе бюро добрых паслуг, творчая майстэрня, прэс-цэнтр. Кожны дзень мае сваю адпаведную тэму (дзень смеху, дзень турыста, дзень малой радзімы, дзень валанцёра і інш.), у рамках якой арганізуюцца адпаведныя выхаваўчыя справы. Абавязковым з’яўляецца правядзенне хвілін бяспекі і здароўя.

У плане работы лагера знайшлі месца мерапрыемствы розных формаў: конкурсна-гульнявыя праграмы, інтэлектуальныя гульні, дабрачынныя акцыі, тэатральныя фестывалі, спартыўныя святы і спаборніцтвы. Год малой радзімы адзначаны пешымі прагулкамі з наведваннем помніка загінулым воінам у парку, машынна-трактарнага двара, цэнтра культуры і творчасці. Падлеткі склалі фотакалажы “Мая малая радзіма” і “Я+ты — дружная сям’я”, прымалі ўдзел у акцыі “Зробім нашу малую радзіму чысцейшай”. Пабывалі на экскурсіі ў г.Лідзе, наведалі цэнтр МЧС, кінатэатр.

Час, праведзены ў лагеры, не прайшоў дарэмна. Сумесная праца і адпачынак садзейнічалі асэнсаванню пачуцця сяброўства, узаемадапамогі, адказнасці, дабрыні і чуласці.

Ірэна КАЗЛОЎСКАЯ,
выхавальнік лагера “Мурашнік” Доцішскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна.