Праца дапамагае зразумець жыццё

За высокія паказчыкі па падрыхтоўцы рабочых кадраў для прадпрыемстваў і арганізацый народнай гаспадаркі Полацкі дзяржаўны хіміка-тэхналагічны каледж узнагароджаны Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Як узгадаваць прафесіянала?

Шматпрофільная двухузроўневая ўстанова адукацыі забяспечвае выпуск спецыялістаў запатрабаваных прафесій для лёгкай прамысловасці, сферы бытавых паслуг, грамадскага харчавання, хімічнай прамысловасці і машынабудавання: ад кухара да тэхніка-тэхнолага, ад цырульніка да мастака-мадэльера, ад слесара да тэхніка-механіка. З новага навучальнага года тут набываюць веды і навыкі будучыя спецыялісты органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях. Калектыў пад кіраўніцтвам Ганны Бурэнь паспяхова вырашае задачы падрыхтоўкі маладых рабочых і спецыялістаў у новых эканамічных умовах. На ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі на аснове дагавораў з рэгіянальнымі службамі занятасці і прадпрыемствамі — заказчыкамі кадраў у каледжы вядзецца падрыхтоўка, перападрыхтоўка і павышэнне кваліфікацыі кадраў па вучэбных спецыяльнасцях і адзінкавых кваліфікацыях, у якіх адчувае патрэбнасць рэгіён. Прыярытэтная мэта ўстановы адукацыі — падрыхтоўка кваліфікаваных канкурэнтаздольных спецыялістаў, сапраўдных прафесіяналаў, якія валодаюць патрэбнымі ўменнямі і навыкамі, любяць сваю работу, усведамляюць свае магчымасці, ставяць мэты прафесійнага развіцця і дасягаюць іх. Разам з тым у каледжы велізарнае значэнне надаюць выхаваўчай рабоце.
— Прафесійная адукацыя — значны рэсурс станаўлення патрыёта і сапраўднага майстра, асобы ініцыятыўнай і творчай, рознабакова развітой. Мы імкнёмся, каб нашы навучэнцы знайшлі сваё месца ў грамадстве і маглі ўдзельнічаць у яго далейшым развіцці, — расказвае Ганна Станіславаўна. — Не проста рыхтуем рабочых пад канкрэтныя месцы на прадпрыемствах і ў арганізацыях, але і ўсе разам сістэмна і мэтанакіравана працуем над павышэннем адукацыйнага і культурнага ўзроўню маладых людзей. Бесперапыннай падрыхтоўцы спецыялістаў, максімальнаму раскрыццю магчымасцей кожнай асобы садзейнічае сістэма інтэграванай адукацыі. Пасля завяршэння першай яе ступені па рабочых спецыяльнасцях юнакі і дзяўчаты маюць магчымасць працягнуць навучанне на другой ступені па спецыяльнасцях “Вытворчасць прадукцыі і арганізацыя грамадскага харчавання”, “Цырульніцкае мастацтва і дэкаратыўная касметыка”, “Тэхналагічнае абсталяванне машынабудаўнічай вытворчасці”. Таксама важна, што прафесіі цырульніка, швачкі, кухара ў нас набываюць і моладзь, і дарослыя: разам са службай занятасці мы арганізоўваем прафесійнае навучанне беспрацоўных і такім чынам вядзём работу па зніжэнні напружанасці на рэгіянальным рынку працы.

Асабісты прыклад

Актуальнасць самага дзейснага педагагічнага прыёму ў сучасных умовах толькі ўзрастае. І ў гэтым плане працоўная біяграфія дырэктара каледжа — выдатніка адукацыі Рэспублікі Беларусь, лаўрэата ганаровага звання “Чалавек года Віцебшчыны” — для навучэнцаў прыклад найлепшы. Сістэма ПТА для Ганны Бурэнь знаёмая да дробязей — прычым першыя крокі ў прафесію яна зрабіла ў той жа ўстанове адукацыі, якую зараз узначальвае. Праўда, падчас заканчэння школы швачкай сябе нават не ўяўляла: збіралася падаваць дакументы ў інстытут ці ўніверсітэт, вагалася ў выбары паміж архітэктурай, будаўніцтвам і журналістыкай. У справу ўмяшаўся выпадак. Сяброўка падгаварыла выпускніцу паехаць паглядзець Полацк, а каб бацькі не пярэчылі, зрабіць выгляд, нібыта едуць туды паступаць… Праз некаторы час пасля вяртання дадому прыйшоў ліст: “З’явіцца з бацькамі ў вучылішча”. Бацька — сам выдатны закройшчык — пагутарыў з дырэктарам вучылішча, узважыў перспектывы… і вырашыў даць урок легкадумнай дачцэ, каб далей жыла сваім розумам і адказвала за ўласныя ўчынкі. Загадаў: “Скончыш вучылішча — далей паглядзім, што з табой рабіць”. Дзяўчына іголку ў руках не вельмі ўмела трымаць, аднак жа цярплівасці і ўпартасці ёй было не пазычаць. Вучылася старанна на занятках, займалася спевамі, прымала ўдзел у грамадскім жыцці і ва ўсіх спартыўных спаборніцтвах. Нядзіўна, што пасля атрымання дыплома падаючай надзеі выпускніцы адразу прапанавалі застацца ў вучылішчы майстрам вытворчага навучання. Не пагадзілася: на прыкладзе сваіх настаўнікаў пераканалася, што педагог павінен быць нават не на галаву, а на парадак вышэй за сваіх вучняў. І асабіста яна, Ганна, яшчэ недастаткова ведае, каб вучыць. Вярнулася на родную Гродзеншчыну, працавала загадчыцай атэлье, прымала ўдзел і нярэдка перамагала на конкурсах закройшчыкаў у Віцебску, Мінску, Маскве. Аднойчы прыйшло ўсведамленне: яна не проста шмат умее, але і вельмі любіць сваю прафесію! А неўзабаве выйшла замуж. Паколькі была ўпэўнена, што жонка павінна быць за мужам, пераехала да яго, вярнулася ў… Полацк. Потым былі работа ў сістэме бытавога абслугоўвання насельніцтва і ў гарадскім Савеце дэпутатаў некалькіх скліканняў, неаднаразовыя прапановы вярнуцца ў вучылішча, першы педагагічны вопыт у якасці майстра вытворчага навучання, старшага майстра, намесніка дырэктара і кіраўніка ўстановы адукацыі, якая стала для яе, без перабольшання, роднай.

Замест пастскрыптума

— Каб дасягнуць выніку, трэба працаваць, — пераконвае сваіх навучэнцаў Ганна Станіславаўна. — Не баяцца спрабаваць, цікавіцца навінкамі і штодня працаваць над сабой. А найперш трэба атрымаць запатрабаваную спецыяльнасць — гэта заўсёды спатрэбіцца ў жыцці. Я ганаруся нашымі навучэнцамі, выпускнікамі і больш за ўсё нашым калектывам аднадумцаў, зладжанай, адзінай камандай. Мы разам ідзём да стварэння сучаснай інавацыйнай установы адукацыі і галоўнай задачай бачым павышэнне якасці адукацыі. Педагогі не шкадуюць падлеткам увагі, падтрымліваюць з усімі сяброўскія адносіны — у гэтым сакрэт поспеху.

Таццяна БОНДАРАВА.